Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук і Цярэшчанка ў жывым эфіры гаварылі пра эканоміку


Віктар Цярэшчанка і Яраслаў Раманчук.
Віктар Цярэшчанка і Яраслаў Раманчук.
25 лістапада ў жывым эфіры Першага каналу Беларускага тэлебачаньня выступілі кандыдаты ў прэзыдэнты Яраслаў Раманчук і Віктар Цярэшчанка.


Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук скончыў два ўнівэрсытэты і міжнародную фінансавую школу. Пра гэта кандыдат на прэзыдэнта паведаміў гледачам перад тым, як пазнаёміць іх з асноўнымі прынцыпамі сваёй праграмы, якую назваў «Пабудуем новае, захаваем лепшае». Неабходнасьць у эканамічных рэформах Яраслаў Раманчук зьвязаў з мэнталітэтам беларусаў.

«Мы — памяркоўныя. Так. Але гэта, з аднаго боку, добра, з другога — ня вельмі. Добрая памяркоўнасьць, гэта калі мы разважлівыя, калі мы спачатку думаем, а потым робім і ўлічваем усе фактары. Памяркоўнасьць, якую я не вітаю, гэта калі ўвесь сьвет дынамічна разьвіваецца, калі ўсе ідуць хутка, а мы павольна.

Ніхто не спрачаецца з тым, што Беларусь за апошнія 15 гадоў пайшла наперад. Мы ідзём наперад, але калі мы робім крок, сьвет робіць два крокі. А некаторыя краіны — і пяць крокаў. Таму нават каб застацца на месцы, нам трэба ісьці хутчэй».
Нават каб застацца на месцы, нам трэба ісьці хутчэй.

Галоўным патэнцыялам у рэфармаваньні краіны Яраслаў Раманчук лічыць яе грамадзянаў, «чалавечы капітал». Каб гэты капітал запрацаваў на карысьць усёй Беларусі, яго трэба вызваліць, мяркуе эканаміст Раманчук. Далей кандыдат на прэзыдэнта прывёў пэўныя прыклады таго, як з-за дрэнных законаў, бюракратычных перашкод ды іншых праблем грамадзяне Беларусі ня могуць сябе рэалізаваць, зарабляць самі і прыносіць прыбытак краіне. Яраслаў Раманчук казаў пра тое, чаму не даюць прыбытку беларускія аўтамабільныя дарогі.

«Вось столькі трэба папераў сабраць, каб адкрыць маленькае прыдарожнае кафэ. Нядаўна на трасе Берасьце-Менск я размаўляў з прадпрымальніцай. У яе ад гэтага бізнэсу не засталося сілаў. Чаму? Бізнэс ёсьць, фуры езьдзяць, што такое? Так, кажа, я два гады зьбірала паперкі, адкрывала гэтае кафэ, але зараз не бывае дня, каб да мяне не прыйшлі кантралёры, санстанцыя, пажарныя, міліцыянты, пракуроры і не сказалі, каб іх пакармілі бясплатна. А што такое пакарміць бясплатна? Гэта ж дадатковы падатак.»

Ад пэўных прыкладаў рэфармаваньня Яраслаў Раманчук зноў пераходзіў да канцэптуальных рэчаў. Так, эканаміст мяркуе, што пакуль зямля не атрымае гаспадара, немагчыма рэфармаваць сельскую гаспадарку і дамагчыся як высокіх эканамічных паказчыкаў, сапраўднага дабрабыту сялян, так і захаваць прыродныя рэсурсы краіны. Каб глядач лепш зразумеў прамоўцу, Раманчук знайшоў даступны і знаёмы ўсім вобраз.

«Я узяў у студыю дзьве бульбіны. Вось адна бульбіна зь Беларусі, а другая — з Марока, з Афрыкі. Самае цікавае, што замежная бульба ўдвая таньней за беларускую. Па якасьці яны падобныя, а коштам вось як адрозьніваюцца. І гэта кажа пра тое, наколькі мы эфэктыўна выкарыстоўваем нашу зямлю, наколькі добра працуе ў нас сельская гаспадарка».

Яраслаў Раманчук таксама казаў пра карупцыю, у прыватнасьці на мытні, пра нізкія пэнсіі для звычайных людзей і пра высокія — для дэпутатаў, пра тое, што трэба ўдвая павялічыць грашовую дапамогу маладым маці і вярнуць бясплатны праезд на гарадзкім транспарце дзецям. У канцы выступу Раманчука прагучала, што ён не бунтар, а выказваецца за сумленны дыялёг з уладамі. Таксама кандыдат у прэзыдэнты заклікаў вызваліць палітвязьняў, разьняволіць прэсу і зрабіць так, каб беларусы маглі выбіраць свабодна.

ВІДЭА ВЫСТУПУ ЯРАСЛАВА РАМАНЧУКА


Кандыдат на прэзыдэнта Віктар Цярэшчанка, як і ягоны папярэднік Яраслаў Раманчук, гаварыў у жывым эфіры дакладна 30 хвілін. Пачаў Віктар Цярэшчанка таксама зь біяграфіі і ў прыватнасьці нагадаў, што быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Сябе кандыдат прэзэнтаваў найперш як эканаміста і менавіта сваёй эканамічнай праграме прысьвяціў найбольш часу.

«У краіне растуць праблемы, яны ўсім ужо бачны. Трывала і хутка растуць цэны. Давайце згадаем: у 1994 годзе літар малака каштаваў 25 беларускіх рублёў. Булка хлеба — 15 рублёў, кіляграм бульбы —10 рублёў. Пасьля гэтага ў краіне прайшлі 2 грашовыя дэнамінацыі, у 1994 годзе грошы павысілі ў намінале ў 10 разоў, у 2000 годзе — у тысячу разоў. Сёньня ў краме літар малака і булка хлеба — каля 2 тысяч, кіляграм бульбы — 1 тысяча 500 рублёў. За 16 гадоў у краіне з улікам дэнамінацыі кошт малака падвысіўся ў 16 тысяч разоў».
Калі вы абярэце Аляксандра Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі, я гатовы прапанаваць яму маю праграму.

Што прапануе эканаміст Віктар Цярэшчанка, каб стрымаць рост цэнаў і вывесьці эканоміку краіны ў лік самых пасьпяховых? Разьвівацца трэба не за кошт крэдытаў, доўг па якіх ужо 2600 даляраў на кожнага жыхара, а за кошт інвэстыцый у абмен на акцыі прадпрыемстваў, кажа Цярэшчанка. Таксама кандыдат у прэзыдэнты выступае за фінансавую рэформу. Як сутнасьць у тым, каб зрабіць беларускі рубель вольна канвэртаваным і давесьці абменны курс рублю да даляру як адзін да аднаго. Каб эканоміка Беларусі запрацавала з большай эфэктыўнасьцю Віктар Цярэшчанка прапануе правесьці падатковую рэформу, сутнасьць якой у тым, каб браць падатак з прыбытку.

Шмат увагі кандыдат надаў таму, як зацікавіць простага працаўніка лепш працаваць. Віктар Цярэшчанка прапанаваў даць магчымасьць працаўнікам прадпрыемстваў набываць акцыі, а таксама выказаўся за адмену кантрактнай сыстэмы.

Кандыдат выказаўся за стратэгічныя сяброўскія адносіны з Расеяй, за сумленнае партнэрства з Эўропай і прадэманстраваў схільнасьць да кампрамісу.

«У інтарэсах краіны я гатовы да кампрамісаў. Калі вы абярэце Аляксандра Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі, я гатовы прапанаваць яму маю праграму як навуковую стратэгію разьвіцьця краіны. Але ці прыме ён яе?»

ВІДЭА ВЫСТУПУ ВІКТАРА ЦЯРЭШЧАНКІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG