Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук выглядаў сучасна, Цярэшчанка мусіў гаварыць прасьцей


Сёньня ў выбарчым эфіры БТ выступілі Яраслаў Раманчук і Віктар Цярэшчанка. Іх выступы аналізуе Ўладзімер Глод.

Яраслаў Раманчук
зьявіўся на тэлеэкране на фоне слогану “Захаваем лепшае, пабудуем новае”. Ён вельмі добра выглядаў зьнешне, цудоўна трымаўся - кажуць, што ён браў нібыта ўрокі ў самой Зінаіды Бандарэнкі - і выступаў, як сучасны чалавек - упэўнена, напорыста, пераканаўча, інтэлігентна.

Ён не разьбіваў ушчэнт эканамічную палітыку ўладаў, і гэта, мабыць, было правільна, паколькі палова слогану была пра “захаваньне лепшага”. Але ён так лягічна выклаў сваю праграму, праграму сваіх аднадумцаў, што ягоныя словы “Беларусь робіць адзін крок наперад, а іншыя краіны тым часам два-пяць крокаў” - выглядалі ня проста мэтафарай, а лягічнай высновай зь ягонай прамовы.

Яраслаў Раманчук распавёў канкрэтна і зразумела, праз што можна зрабіць жыцьцё звычайнага беларуса значна лепшым. Гэта - людзі, дарогі, вадаёмы і лясы, зямля... І ўсе свае тэзы ён падмацоўваў канкрэтнымі прыкладамі, і нават наглядна - калі паказваў гледачам у тэлестудыі тоўстыя папкі з паперамі, безь якіх не адкрыеш нават маленькую кавярню, альбо беларускую бульбіну, якая чамусьці даражэйшая за тую, якую прывозяць з далёкага Марока, і нават бэйсболку футбольнага клюбу БАТЭ. Гэта прыклад таго, паводле Раманчука - чаго могуць дасягнуць беларусы, калі іх ня будуць “вязаць па руках і па нагах” улады.

Карацей, ён распавядаў, як ёсьць цяпер і як будзе. І было бачна, што асаблівую ўвагу Яраслаў Раманчук зьвярнуў на выбарцаў-пэнсіянэраў. Менавіта яны лічацца найбольшымі прыхільнікамі Аляксандра Лукашэнкі, і кандыдат у прэзыдэнты Раманчук пастараўся перацягнуць іх на свой бок, калі з абурэньнем гаварыў аб скасаваньні льгот для іх і іхных унукаў і абяцаў, што ён адразу гэтыя льготы верне.

Цяпер пра Віктара Цярэшчанку.

Ён выклаў сваю эканамічную праграму, і яе можна сьмела назваць праграмай эканамічнага цуду - бо як яшчэ назавеш праграму, у якой кандыдат у прэзыдэнты сьцьвярджае, што праз пяць-сем гадоў 1 даляр будзе каштаваць - колькі б вы думалі? - 1 беларускі рубель. Праўда, як гэта зрабіць і ці можна гэта зрабіць наагул, я, шчыра кажучы, так і не зразумеў. Бо хоць Віктар Цярэшчанка і прыцягнуў і дыяграмы, і графікі, але мне падаецца, што зь першага разу змаху зразумець, наколькі рэальная гэтая праграма, мабыць, усё ж немагчыма. Таму, можа, ён занадта шмат пагрузіўся ў эканамічны бок, і, як мне падаецца, трэба было ўсё ж казаць трохі прасьцей.

Дзя сябе яшчэ адзначу канец выступу Віктара Цярэшчанкі. Там былі два цікавыя моманты. Першае - ён сказаў, што ён - не апазыцыйны Лукашэнку кандыдат і калі Лукашэнка пераможа, ён аддасьць сваю праграму яму ў карыстаньне, але тут жа сказаў, што ён ня ўпэўнены, што Лукашэнка ёй скарыстаецца. Другое - калі ён сказаў, што бяз братняй Расеі мы нікуды і нічога ня зможам зрабіць. Зь ёй мы былі зьвязаныя, зьвязаныя цяпер і будзем зьвязаныя назаўжды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG