Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе гвалт – няма сям'і


25 лістапада — Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту над жанчынамі. У гэты дзень беларускае прадстаўніцтва ААН прэзэнтавала інфармацыйную кампанію "Дзе ёсьць гвалт — няма сям'і". У Беларусі гэтая акцыя праходзіць пяты раз пры ўдзеле грамадзкіх арганізацый і СМІ.

Прэзэнтуючы праект, ягоныя ўдзельнікі паведамілі, што сёлета ў Беларусі здарылася 2422 злачынствы на сямейна-побытавай глебе, што на паўтары сотні больш, чым летась. 80% усіх забойстваў адбываюцца менавіта на побытавай глебе, і найчасьцей — калі ўдзельнікі канфлікту ў стане алькагольнага ап'яненьня. Але ўсё больш распаўсюджваецца гвалт эканамічны, кажа старшыня "Беларускай асацыяцыі маладых хрысьціянскіх жанчын" Вольга Янчук:

"Мы пабачылі, што ў шмат якіх выпадках гвалт у сям'і распачынаўся з таго моманту, калі жанчына робіцца эканамічна залежнай. Да прыкладу, калі яна доўгі час застаецца дома ў зьвязку з доглядам за дзіцем, калі яна вымушаная прасіць грошы на розныя патрэбы. Вось гэты эканамічны фактар дамінаваў у многіх гісторыях".

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у 48% выпадкаў гвалтаўнікамі аказваюцца мужчыны ў веку 30—45 гадоў, а ахвярамі — жанчыны пасьля 45. Аднак цярпяць таксама і мужчыны, паведамляе кіраўніца тэматычнай групы ААН Тацьцяна Гаплічнік:

"Мужчыны робяцца ахвярамі фізычнага гвалту ў сталым веку. Гэта азначае, што часта жанчына жыве ва ўмовах гвалту 15—20 год, сама зьяўляецца ахвярай. А ўжо ў веку 40—50 гадоў пачынае падымаць руку сама".

Як паведаміла Тацьцяна Гаплічнік, кампанію ААН "Дзе ёсьць гвалт — няма сям'і" ад дзяржаўных уладаў падтрымлівае Міністэрства ўнутраных спраў. Ніхто з прадстаўнікоў акцыі ня здолеў пракамэнтаваць, чаму ў кастрычніку ў Менску была забароненая акцыя "Сьцяна", ініцыяваная групай студэнтаў і скіраваная на прыцягненьне грамадзкай увагі менавіта да названай тэмы — гвалту ў сям’і. Тое, што ў Беларусі існуюць праблемы зь дзейным заканадаўствам і яго рэалізацыяй у гэтай галіне, падкрэсьліла старшыня грамадзкай арганізацыі "Ла страда" Алена Альхоўка:

"Законаў і розных пастановаў у нас дастаткова, акрамя закону пра хатні гвалт — такі закон павінен быць, і ён мае палітычнае значэньне. Іншая рэч — як гэтыя законы рэалізоўваюцца. Юрыдычных ведаў нам не хапае: настаяць, каб участковы ўзяў заяву, каб яна была разгледжаная. Факт гвалту адносна жанчыны павінен быць запратакаляваны, а для гэтага ёй нельга мяняць бялізну — хто з жанчын пра гэта ведае? Наша задача — прымусіць гэтую дзяржаўную машыну працаваць, а ў дзяржаўнай машыны павінна быць большая палітычная воля, каб разглядаць злачынствы ў сям'і, як і злачынствы ў грамадзкай сфэры".

Інфармацыйная кампанія ААН "Дзе ёсьць гвалт — няма сям'і" завершыцца ў Міжнародны дзень правоў чалавека 10 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG