Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Калі з боку кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі будуць працягвацца заклікі да несанкцыянаваных акцыяў, "праваахоўныя органы прымуць меры рэагаваньня".

Пра гэта заявіў начальнік упраўленьня Генпракуратуры па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў Павал Радзівонаў.

Паводле ягоных слоў, дзеючае ў Менску заканадаўства — "лібэральнае": каб правесьці акцыю, кандыдат у прэзыдэнты мусіць толькі за два дні паведаміць пра свае намеры ў Менгарвыканкам.

Паводле агенцтва БелаПАН, прадстаўнік Генпракуратуры нагадаў, што праводзіць масавыя мерапрыемствы забаронена на Кастрычніцкай плошчы, плошчах Незалежнасьці, Перамогі і Якуба Коласа, у падземных пераходах, у мэтро і на некаторых іншых аб'ектах.

Гэтая забарона, падкрэсьліў Радзівонаў, тычыцца ня толькі 24 лістапада, але і 19 сьнежня.

Прадстаўнік Генпракуратуры паведаміў, што ў Цэнтравыбаркам накіраваны копіі папярэджаньняў пра недапушчальнасьць парушэньня заканадаўства, вынесеных кандыдатам у прэзыдэнты Мікалаю Статкевічу і Віталю Рымашэўскаму.

"Зараз Цэнтравыбаркам вывучыць усе акалічнасьці і можа прыняць рашэньне аб прыцягненьні Статкевіча і Рымашэўскага да адказнасьці", — сказаў Радзівонаў.

Ён ухіліўся ад адказу на пытаньне, ці можна лічыць удзельнікам несанкцыянаванай масавай акцыі кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, які таксама прысутнічаў на Кастрычніцкай плошчы ўвечары 24 лістапада. Генпракуратура, заявіў Радзівонаў, у першую чаргу дае ацэнку дзеяньням арганізатараў акцыі.

Радзівонаў таксама ня змог адказаць на пытаньне, чаму Статкевіч і Рымашэўскі не прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства. Ён ня выключыў, што на гэта паўплываў іх цяперашні статус кандыдатаў у прэзыдэнты.

Пытаньне пра ўдзел кандыдатаў у прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага і Мікалая Статкевіча ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі ЦВК разгледзіць 30 лістапада.

У адпаведнасьці з выбарчым заканадаўствам у дачыненьні да кандыдатаў у прэзыдэнты ЦВК можа вынесьці папярэджаньне альбо прыняць рашэньне аб адмене іх рэгістрацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG