Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мядзьведзева скончыліся словы пра Лукашэнку


Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітрый Мядзьведзеў ня бачыць падставаў да замірэньня са сваім беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам. Тое, што на стасункі з кіраўніком Беларусі накладзены мараторый, Мядзьведзеў даў зразумець у сваім мікраблогу ў сетцы "Twitter".

Сёньня Дзьмітрый Мядзьведзеў пасьля некаторага перапынку зноў узьняў беларускую тэму, выказаўшыся наконт маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Гэтым разам ён аформіў сваю пазыцыю як адказ на пытаньне беларускай падпісчыцы пад нікам dashystik. Тая, у прыватнасьці, адзначыла, што беларусам неабыякава, як да выбараў ставяцца ў Маскве. Расейскі кіраўнік быў ляканічны, як таго і патрабуе прынцып мікраблогу: "@dashystik. Да вашых выбараў стаўлюся максымальна паважліва. А пра вашага прэзыдэнта я ўжо ўсё сказаў". Пасьля гэтых слоў Мядзьведзеў выклаў спасылку на свой жа відэаблог, у якім на пачатку кастрычніка жорстка крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку.

Сярод іншага, у сваім выступе ён тады адзначыў, што на адрас Расеі і яе кіраўніцтва ідуць патокі абвінавачваньняў і лаянкі, і якраз на гэтым пабудаваная ўся выбарчая кампанія Лукашэнкі. Расейскі лідэр падкрэсьліў, што саюзьнікі так сябе не паводзяць, і паабяцаў улічыць гэтыя абставіны пры далейшым выбудоўваньні адносінаў зь дзейным прэзыдэнтам Беларусі.

Неўзабаве пасьля гэтага Дзяржаўная Дума Расеі прыняла заяву аб недапушчальнасьці антырасейскай рыторыкі з боку афіцыйнага Менску. Ініцыятар такога кроку, дэпутат Аляксей Астроўскі, не хавае, што штуршком сталі менавіта словы Дзьмітрыя Мядзьведзева, які заявіў, што Лукашэнка ў сваіх выказваньнях выходзіць далёка за рамкі дыпляматычных правілаў і элемэнтарнай чалавечай прыстойнасьці:
кіраўнік расейскай дзяржавы ўпершыню на афіцыйным узроўні сказаў: Расею ня можа не цікавіць лёс зьніклых палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў, журналістаў ...

"Абсалютна справядліва прэзыдэнт называе такія выказваньні рэчамі па-за нормамі маралі і чалавечнасьці, але гэтыя катэгорыі Лукашэнку папросту не ўласьцівыя. Ён жыве, дазволю сабе такое параўнаньне, жывёльнымі інстынктамі, жывёльнай інтуіцыяй, і намагаецца выратаваць сябе любымі сродкамі. За кошт, дарэчы, уласнага народа і ўласных грамадзянаў. Старая кружэлка пра Захад, пра ЗША, пра ворагаў у Эўразьвязе ўжо ня можа так доўга граць і ўплываць на пачуцьці беларускіх грамадзянаў. Запатрабавалася новая кружэлка: зьнешні вораг — Расея, і іншыя высновы, якія з гэтага вынікаюць. Але мяне ў гэтым зьвязку вельмі ўсьцешыла, што кіраўнік расейскай дзяржавы ўпершыню на афіцыйным узроўні сказаў: Расею ня можа не цікавіць лёс зьніклых палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў, журналістаў".

Цяпер палітычныя кантакты паміж Масквой і Менскам на вышэйшым узроўні значна абмежаваныя. Гэта засьведчыў і нядаўні прыезд міністра замежных спраў Расеі, якому, паводле маскоўскіх крыніцаў, Крэмль наўпрост забараніў сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам. Прарваць інфармацыйную ізаляцыю беларускія ідэолягі спрабуюць правераным шляхам — праз журналістаў расейскіх рэгіянальных выданьняў, якія ставяцца да беларускіх уладаў з нашмат большай спагадай, чым цэнтар.

У мінулым месяцы беспрэцэдэнтны па колькасьці дэсант быў прыняты ў рэзыдэнцыі Лукашэнкі, а гэтымі днямі па Беларусі езьдзіць чарговая група з прадстаўнікоў адыёзных альбо малавядомых расейскіх мэдыяў. Першы пункт падарожжа — Брузгі, заходні фарпост намінальнай Саюзнай дзяржавы. Супрацоўніца газэты "Аргументы недели" Надзея Папова пераканалася, што сродкі з саюзнага бюджэту асвойваюцца мэтава:

"Я ўражаная тым, што ўбачыла. Мне падалося, што тут усё зроблена максымальна зручна для чалавека. Перадусім для тых людзей, якіх штогод выяжджае, як я зразумела, 1 мільён 200 тысяч. Таму асабіста мне тут вельмі спадабалася".

Між тым ня ўсе ў Расеі згодныя з тым, што з-за асабістых непаразуменьняў вышэйшых кіраўнікоў дзьвюх краінаў павінны масава згортвацца двухбаковыя кантакты ў іншых сфэрах. Эканаміст Сяргей Аляксашанка лічыць, што Расея пры сваіх амбіцыях не павінна апускацца да ўзроўню "пакрыўджанасьці":

"Агульная пазыцыя Расеі, на жаль, мяне ня можа асабліва радаваць. Калі некалькі гадоў таму ва Ўкраіне быў прэзыдэнтам Віктар Юшчанка, мы казалі: нам Юшчанка не падабаецца, і мы з Украінай кантактаваць ня будзем. Зараз нам не падабаецца прэзыдэнт Лукашэнка — адпаведна, мы зь Беларусьсю і асабіста з Лукашэнкам супрацоўнічаць ня будзем. Нам не падабаецца Саакашвілі, таму мы нічога зь ім абмяркоўваць ня будзем. Краіна, якая адчувае сябе рэгіянальным лідэрам, краіна, якая зьяўляецца самай вялікай у гэтай частцы сьвету, якая гістарычна мае ўсялякі ўплыў, ня можа так сябе паводзіць. Яна павінна быць больш адказнай".

У сытуацыі асабістага канфлікту паміж прэзыдэнтамі Дзьмітрыем Мядзьведзевым і Аляксандрам Лукашэнкам экспэртаў цікавіць, як будзе праходзіць заплянаваная на канец сьнежня ў Маскве сустрэча лідэраў краінаў-сябраў Мытнага зьвязу. Шмат хто лічыць, што Лукашэнка, спаслаўшыся на прэзыдэнцкія выбары, гэтую сустрэчу можа ўвогуле праігнараваць.
XS
SM
MD
LG