Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заведзеная крымінальная справа па факце нападу на актывістку штабу Андрэя Саньнікава.

Крымінальную справу завяло Першамайскае РУУС Менску паводле артыкула 339 Крымінальнага кодэксу "Хуліганства".

Пра гэта паведаміў сайт "Эўрапейская Беларусь".

Учора каля 17:30 Валерыя Краўчанка распаўсюджвала інфармацыйныя матэрыялы пра час тэлевізійнага выступу кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, калі да яе падышоў невядомы. Ён некалькі разоў ударыў дзяўчыну па твары і нанёс удар нагой у жывот. Калі з бліжэйшага прыпынку падбеглі людзі і заступіліся за яе, нападнік уцёк.

Пасьля гэтага Краўчанка зьвярнулася па дапамогу ў паліклініку. Мэдыкі зафіксавалі ў яе ўдар мяккіх тканак жывата і правага вуха. Адтуль яе забралі супрацоўнікі міліцыі і адвезьлі ў гарадзкі аддзел міліцыі Першамайскага раёну, дзе яна напісала заяву аб нападзе.

Сёньня Валерыя Краўчанка адчувае сябе нармальна, але скардзіцца на галаўны боль.

"Гэта быў мужчына ва ўзросьце каля 50 гадоў. Крычаў, што наш кандыдат ня мае права інфармаваць пра сябе, зрываў нашы матэрыялы, ударыў мяне некалькі разоў у твар. Калі падышоў аўтобус, выбеглі людзі, заступіліся за нас. Тады ён уцёк, крыкнуўшы, што будзе хадзіць па Ўруччы ўвесь час і зрываць усю інфармацыю пра Саньнікава.

У міліцыі мяне апыталі, я дала апісаньне нападніка. Заўтра іду на судмэдэкспэртызу, а ў міліцыі буду апазнаваць яго сярод фатаграфій былых злачынцаў. У цэлым стаўленьне ў міліцыі было карэктным, але незразумела было, чаму вялікая частка пытаньняў тычылася не самога нападу, а таго, якую інфармацыю мы распаўсюджвалі, дзе распаўсюджвалі, ці не было ў ёй заклікаў да зьмены канстытуцыйнага ладу і г.д." — заявіла Валерыя Краўчанка прэсавай службе "Эўрапейскай Беларусі".
XS
SM
MD
LG