Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскага і Статкевіча чакаюць санкцыі за акцыю, Някляева – не


30 лістапада Цэнтравыбаркам разгледзіць пытаньне аб удзеле кандыдатаў у прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага і Мікалая Статкевіча ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі 24 лістапада.

Пра гэта БелаПАН паведаміла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Акцыя на Кастрычніцкай плошчы Менску ўвечары 24 лістапада праводзілася на знак пратэсту супраць удзелу Аляксандра Лукашэнкі ў чарговых прэзыдэнцкіх выбарах і была прымеркаваная да 14-й гадавіны ініцыяванага ім канстытуцыйнага рэфэрэндуму. Мерапрыемства было заяўлена як сустрэча кандыдатаў у прэзыдэнты з выбарцамі.

Рымашэўскага і Статкевіча ў ЦВК лічаць арганізатарамі несанкцыянаванага вулічнага мерапрыемства. У адпаведнасьці з выбарчым заканадаўствам у дачыненьні да кандыдатаў у прэзыдэнты ЦВК можа вынесьці папярэджаньне альбо прыняць рашэньне аб скасаваньні іх рэгістрацыі.

Пытаньне пра ўдзел у мерапрыемстве яшчэ аднаго кандыдата ў прэзыдэнты, Уладзімера Някляева, на пасяджэньні ЦВК разглядацца ня будзе.

"Я ня бачу дастаткова доказаў, што Някляеў зьяўляўся арганізатарам акцыі. Тым больш што ўчора ён сам ад гэтага адхрысьціўся", — сказала Ярмошына.

Нагадаем, у сваіх тэлевыступах Рымашэўскі і Статкевіч заклікалі грамадзян прыйсьці на сустрэчу зь імі на Кастрычніцкую плошчу 24 лістапада. А ў часе мітынгу на плошчы яны заклікалі прысутных ісьці да будынка ЦВК, каб перадаць зварот.

Някляеў у шэсьці ня ўдзельнічаў. У сваім кароткім выступе на мітынгу ён заявіў, што прыйшоў не агітаваць за сябе, а сустрэцца з выбарцамі, пасьля чаго прачытаў свой верш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG