Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рагачоў: суд на міліцыянтам, які застрэліў дзяўчыну


Калегія ў крымінальных справах Гомельскага абласнога суду на выязным паседжаньні ў Рагачове пачала разглядаць крымінальную справу ўчастковага міліцыянта, які застрэліў з табэльнага пісталета 22-гадовую дзяўчыну. Участковага абвінавачваюць паводле пункту 13, часткі 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэксу — забойства з хуліганcкіх памкненьняў.

Раней крымінальная справа супраць міліцыянта дасьледавалася ў межах замаху на забойства.

Пасьля стрэлу ў галаву дзяўчына яшчэ дзесяць дзён знаходзілася ў рэанімацыі Рагачоўскага раённага шпіталя, а пасьля, не апрытомнеўшы, памерла. Сьледзтва вызначыла, што матываў забіваць дзяўчыну не было, таму справа была перакваліфікаваная на "забойства з хуліганcкіх памкненьняў".

Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, міліцыянт наўмысна выяўляў п’яную зухаватасьць, "груба парушаў грамадзкі парадак, выказваў яўную непавагу да грамадзтва, дэманстраваў пагарду да агульнапрынятых правілаў паводзінаў" . Жадаючы "прынізіць і растаптаць іншага чалавека, паказваў такім чынам сваю перавагу".

Як паведамлялася, 6 ліпеня ў вёсцы Журавічы сьвяткавалі Купальле. Там дзяжурылі міліцыянты з Рагачоўскага РАУСу. Абвінавачаны ўчастковы павінен быў у гэты час знаходзіцца на сваім участку — у Курганскім сельсавеце.

Пацярпелая зь дзьвюма сяброўкамі селі ў машыну да міліцыянтаў, каб ехаць у Доўск.

У мястэчку й адбылася трагедыя. Участковы быў п’яны — у яго крыві выяўлена 1,8 праміле алькаголю. Яшчэ большая доза алькаголю знаходзілася ў крыві калегі абвінавачанага — 2 праміле. Кроў трэцяга міліцыянта дасьледаваць своечасова не ўдалося — зь месца трагедыі ён уцёк і працяглы час хаваўся ад сьледзтва.

Міліцыянт-кіроўца быў цьвярозы, але не далажыў кіраўніцтву РАУС, што ўчастковыя не ахоўваюць грамадзкі парадак, а балююць.

На судзе абвінавачаны ў забойстве дзяўчыны ўчастковы прызнаў, што дапусьціў "парушэньне правілаў нашэньня, захаваньня й прымяненьня зброі, што ў выніку прывяло да сьмерці чалавека".

Нібыта ў машыне, калі ўчастковы стаў шукаць свой пісталет, дзяўчына выказала сумнеў, ці зброя сапраўдная. Тады міліцыянт вырашыў перадаць ёй пісталет, каб яна ўпэўнілася ў яго сапраўднасьці. Пры перадачы пісталета й адбыўся стрэл — як і чаму, участковы не памятае.

Бацькі загінулай дзяўчыны, якія выступаюць у судзе пацярпелымі, запатрабавалі вярнуць выдаткі на пахаваньне дачкі, на юрыдычныя паслугі й кампэнсаваць маральную шкоду ў памеры 150 мільёнаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG