Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пінскдрэў": Вынікі расьсьледаваньня дагэтуль не агучылі


Пажар на Пінскдрэве 25 кастрычніка 2010 г.
Пажар на Пінскдрэве 25 кастрычніка 2010 г.
25 лістапада спаўняецца месяц, як у Пінску на аб'яднаньні "Пінскдрэў" здарыліся выбух і пажар. Гэта трагедыя забрала жыцьці многіх працаўнікоў прадпрыемства.

У выніку аварыі загінулі 14 чалавек, большасьць зь іх памерлі ў шпіталях ад траўмаў і апёкаў. Двое пацярпелых дагэтуль застаюцца ў шпіталях. Паведамляецца, што іх стан "стабільна цяжкі". Сярод тых, хто яшчэ жыў пасьля 25 кастрычніка і памёр у шпіталі, быў апэратар аўтаматычнай лініі Генадзь Козюр. У ягонай дачкі Алёны я пытаюся пра дапамогу, якую сям'я загінулага атрымала ад "Пінскдрэву".

"Што з выплатамі? Паціху выплачваюць, – распавядае Алёна. – Сказалі, што агулам каля 100 мільёнаў мусяць сплаціць. Зь іх брату сплацілі 27 мільёнаў і мне таксама 27. Яшчэ сказалі, што надмагільныя пліты будуць ад заводу аплачваць. Яшчэ хадзілі ў "Белдзяржстрах", дык там сказалі, што дзеці ўжо вялікія — нічога ня будуць плаціць. Я на гэта заўважыла, што тата за вучобу брата плаціў. Праз пару дзён пазванілі і сказалі, што заплацяць нам па 500 даляраў на помнік. Кажуць, каб прынесла чэк на помнік, але з разьліку толькі на 500 даляраў. І яшчэ пазванілі, каб напісала заяву на дапамогу ад Лукашэнкі — па 50 мільёнаў абяцаў жа".
Хадзілі ў "Белдзяржстрах", дык там сказалі, што дзеці ўжо вялікія — нічога ня будуць плаціць

Брат загінулага Аляксандра Калодзіча Алег таксама пацьвердзіў, што пэўныя выплаты сям'я атрымлівае:

"Наколькі ведаю, далі 30 мільёнаў рублёў, і быў званок — шукалі бацьку, каб яшчэ прыйшоў па матэрыяльную дапамогу".

Што адбылося ў цэху ДСП 25-га кастрычніка? Сярод вэрсій, якіх прытрымліваліся некаторыя працаўнікі-сьведкі аварыі, прыкладам, была вэрсія, зьвязаная з вытворчасьцю пілетаў, драўляных гранул для ацяпленьня катлоў. Нібыта ўстаноўка для вытворчасьці пілетаў напярэдадні была спыненая для рамонту, а 25 кастрычніка яе ўключылі з парушэньнем тэхнікі бясьпекі. Ці так гэта?

16 лістапада на паседжаньні Рады бясьпекі разглядалася справаздача адмысловай камісіі, якая дасьледавала прычыны аварыі на "Пінскдрэве". Аднак вынікі гэтага разгляду дагэтуль грамадзкасьці не паведамілі. У Радзе бясьпекі патлумачылі адсутнасьць афіцыйных зьвестак тым, што справаздача камісіі дадзена кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку.

Тым часам у "Комсомольской правде в Белоруссии" зьявілася іншая вэрсія, якая грунтуецца на інфармацыі, якую падала крыніца зь "Пінскдрэва", што спаслалася на ўнутраную праверку на прадпрыемстве.

Нібыта гэтая праверка высьветліла, што прычынай аварыі стаў трагічны зьбег абставінаў уключна з грубымі парушэньнямі тэхнікі бясьпекі. Паводле крыніцы, 25 кастрычніка працаўнікі ўчастку пілетаў чысьцілі вэнтыляцыю ад пілавіньня, а каб лепш было бачна, выкарысталі электрычную лямпачку з падаўжальнікам. Да таго ж, працаўнікі нібыта забыліся закрыць заслонкі ў вэнтыляцыі. У гэты час іншыя працаўнікі памылкова ўключылі ўстаноўку вырабу пілетаў. Узьняўся вялікі пыл, і ў гэтых умовах іскры ад электрычнай лямпачкі было дастаткова, каб адбыліся выбух і пажар.

Праверыць ці абвергнуць гэтыя зьвесткі пакуль немагчыма з-за рэжыму сакрэтнасьці, накладзенага на трагедыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG