Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 лістапада па Першым канале Беларускага тэлебачаньня выступілі кандыдаты ў прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў і Рыгор Кастусёў.

Андрэй Саньнікаў пачаў свой выступ на расейскай мове. З мары пра свабодную Беларусь:

"Уявіце: 20 сьнежня, мы перамаглі. Дыктатура сыйшла ў мінулае. А Лукашэнка на асабістым самалёце зьбег у Вэнэсуэлу. Мільёны людзей на вуліцах. Крыкі "Ура!", "Жыве Беларусь!" У ўсё гэта трансьлюецца ў наўпроставым эфіры Беларускім тэлебачаньнем. 16 гадоў мы чакалі гэтай перамогі. І вось гэты дзень настаў".

Далей спадар Саньнікаў упэўнена прамаўляў, што Лукашэнка ўжо прайграў – каля стэндаў зь яго партрэтамі нікога не было, ён нават не прыйшоў на ўручэньне пасьведчаньня.

Спадар Саньнікаў ўзгадаў, што з 14 лістапада 1996 году краіна пачала апускацца ў дыктатуру. Калі Віктара Ганчара зьнялі з пасады старшыні ЦВК. З таго часу, як ЦВК узначаліла Ярмошына, галоўнай задачай ЦВК стала фальсыфікацыя выбараў.

"У 1996 годзе, калі Лукашэнка незаконна захапіў уладу ў дзяржаве, ён страціў права называцца абраным прэзыдэнтам Беларусі. Ён стаў звычайным узурпатарам, як правадыры лацінаамэрыканскіх хунтаў альбо афрыканскія дыктатары –людажэры, як дробныя фюрэры, кшталту Чаўшэску. З-за гэтага Беларусь затрымалася ў сваім разьвіцьці на доўгія гады".

Узгадаў спадар Саньнікаў зьніклых – Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, заўчасна памерлага Генадзя Карпенку. Распавёў, як пагражалі яго сям'і. Гаварыў сьмела, трапна:

"Лукашэнка называе нас апазыцыяй. Але апазыцыяй ужо даўно стаў ён сам і ягонае атачэньне, тыя, хто жыве ў Драздах. Гэта яны – апазыцыя беларускаму народу. А мы – не апазыцыя. Мы жывём не за высокім плотам Драздоў. Мы жывем у сваёй краіне, на сваёй зямлі. Мы тут гаспадары!"

Выклаў Андрэй Саньнікаў і сваю перавыбарчую праграму. Галоўнай задачай ён лічыць паляпшэньне жыцьця людзей. Шмат было абяцаньняў:

"Абяцаю, што указ аб скасаваньні кантрактнай сыстэмы будзе адным зь першым, якія я падпішу. Канечне, трэба аднавіць прафсаюзы, якія будуць абараняць правы грамадзянаў. Мы прыбяром лукашэнкаўскую ідэалёгію з усіх школьных і ўнівэрсытэцкіх праграм. Пэнсіянэры павінны быць упэўненыя, што іх пэнсіі будуць рэальнымі грашыма, а не фанцікамі. З чарнобыльскай праблемы павінна быць зьнята забарона. Павінны быць адноўленыя сацыяльныя гарантыі і льготы ўсім асобам, што пацярпелі ад Чарнобылю".

Саньнікаў упэўнена пераконваў выбарцаў, што ведае, як вывесьці краіну ў вядучыя эўрапейскія дзяржавы. Напрыканцы спадар Саньнікаў зьвярнуўся да бізнэсоўцаў, дзяржаўных служачых, запэўніўшы, што сапраўдныя прафэсіяналы будуць запатрабаваныя і ў новай улады.

Рыгор Кастусёў выступаў па-беларуску. Адразу ж паведаміў, што яго вылучыла партыя БНФ, і ідзе ён на выбары пад бел-чырвона-белым сьцягам. Распавёў, што сымбалізуюць гэтыя колеры, зьвярнуўшы ўвагу, што гэтыя колеры на адзеньні сьвятароў:

"Беларусь была адзінай краінай у сьвеце, дзе гэты сьцяг быў сапраўдным нацыянальным дзяржаўным сымбалем. І гэтыя каштоўнасьці мы вернем зноўку. А кожны, хто зьневажае гэты сьцяг, будзе пакараны Богам".

Рыгор Кастусёў прамаўляў пераканаўча, грунтоўна падрыхтаваўшыся, выкарыстоўваючы цытаты:

"Беларусь – адзіная краіна ў цывілізаваным сьвеце, дзе студэнты і пэнсіянэры пазбаўленыя ільготаў. Цытую Лукашэнку: "Навошта студэнту, што жыве ў горадзе, бясплатны праезд? Ну, калі чалавек з глыбінкі, яму трэба прывезьці мех бульбы, да бацькоў на выходны – дапамагчы. Ну, а ў горадзе трэба пехам хадзіць. А хочаш езьдзіць – плаці".

Патлумачыў спадар Кастусёў, чаму ён ідзе ў прэзыдэнты. Партыя БНФ выступае за пераход ад аўтарытарнай прэзыдэнцкай сыстэмы праўленьня да парлямэнцкай рэспублікі:

"Новы Канстытуцыйны сход часовыя палажэньні і мэханізмы прыняцьця новай Канстытуцыі. На пераходны пэрыяд будзе сфармаваны часовы сход народнага даверу. Скарачэньне дзяржаўнага апарату будзе нашай першачарговай задачай. Старыя спэцслужбы будуць скасаваныя. КДБ будзе распушчана, а яго дзейнасьць будзе расьсьледаваная камісіяй па люстрацыі. Новыя спэцслужбы будуць сфармаваныя са спэцыялістаў, якія не заплямілі сябе палітычнымі рэпрэсіямі і карупцыяй".

Што да чыноўнікаў, спадар Кастусёў іх нават пашкадаваў: Лукашэнка іх пастаянна абражае, таму яны дрэнна працуюць. Падкрэсьліў, што ня трэба палохаць чыноўнікаў люстрацыяй, пераважная большасьць зь іх – сумленныя людзі:

"Чыноўнікі, ня бойцеся Рыгора Кастусёва, ня бойцеся Беларускага Народнага Фронту. Хто ня краў, той ня сядзе".

Спадар Кастусёў паабяцаў абвесьціць мараторый на сьмяротнае пакараньне; увесьці моцную нацыянальную валюту – талер; стварыць агенцтва па прыватызацыі; зрабіць адукацыю бясплатнай і прыстойнай; вярнуць Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Беларусь; адрадзіць беларускую мову; рассакрэціць ўсю інфармацыю аб наступствах радыяцыі.

На заканчэньне ён зьвярнуўся да сябраў ўчастковых камісіяў:

"Ня дайце ўцягуць сябе ў злачынную дзейнасьць, ня дапускайце фальсіфікацыі выбараў, на вас палягае вялікая адказнасьць".

І скончыў кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў заклікам "Жыве Беларусь!"

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG