Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 лістапада ў цэнтры Менску прайшла сустрэча апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта Віталя Рымашэўскага, Міколы Статкевіча і Ўладзімера Някляева з выбарцамі. Некалькі тысяч яе ўдзельнікаў сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, а пазьней прайшлі дэманстрацыяй да плошчы Незалежнасьці. Нягледзячы на тое, што на абодвух плошчах менскія ўлады забаранілі перадвыбарчыя сходы, міліцыя не перашкаджала кандыдатам і выбарцам.

Агітацыйную акцыю, якую некаторыя назвалі «рэпэтыцыяй Плошчы 19 сьнежня», Мікола Статкевіч і Віталь Рымашэўскі прымеркавалі да гадавіны канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году, у выніку якога Аляксандар Лукашэнка пашырыў свае паўнамоцтвы.

Міністэрства ўнутраных спраў і пракуратура загадзя папярэдзілі арганізатараў пра адказнасьць, бо пастановай Менскага гарвыканкаму ад 11 лістапада 2010 году перадвыбарчыя сустрэчы не дазволеныя на чатырох плошчах: Кастрычніцкай, Незалежнасьці, Перамогі і Якуба Коласа. Яшчэ раз сказаць пра гэта кандыдатам на Кастрычніцкую плошчу прыйшоў старшыня менскай выбарчай камісіі Ігар Карпенка і зьвярнуўся да Віталя Рымашэўскага:

«Сёньняшняя акцыя праходзіць з парушэньнем выбарчага заканадаўства…»

Рымашэўскі: «Я лічу, што гэтая пастанова дыскрымінуе ўсіх кандыдатаў апрача таго, хто сёньня называе сябе прэзыдэнтам. Гэтая пастанова
Гэтая плошча створаная не для дыктатара, а для людзей.
абсалютна незаконная. Цэнтральныя плошчы Беларусі павінны выкарыстоўвацца па прызначэньні. Гэтая плошча створаная не для дыктатара, а для людзей, і мы адстаім сваё права».

Апазыцыйным кандыдатам удалося правесьці мітынг на забароненай плошчы. Віталь Рымашэўскі:

«Прыйшоў час паверыць у сілы беларускага народу, прыйшоў час адмовіцца ад штучных падпорак спадзяваньня на Захад ці на Ўсход. І я заклікаю вас: бярыце адказнасьць за гэтую краіну!»

Уладзімер Някляеў прачытаў свой верш:

«…Каб бяз страху ўсталі ў поўны рост
І на ток ня леглі ўжо ніколі,
Каб у родным краі валадарылі,
Бог — на небе, праўда — на зямлі,
Каб збылося ўсё, пра што вы марылі,
Мы прыйшлі, каб вы перамаглі».

Мікола Статкевіч зачытаў зварот да ЦВК з патрабаваньнем уключыць у кожную ўчастковую камісію па прадстаўніку ад кожнага кандыдата, скасаваць датэрміновае галасаваньне і падлічваць бюлетэні, прад’яўляючы кожны зь іх назіральнікам. Мікола Статкевіч перакананы, што калі ўлады захочуць, то могуць у адзін момант выканаць гэтыя патрабаваньні, здольныя зрабіць вынік выбараў празрыстым. Спадар Статкевіч заклікаў прысутных на мітынгу:

«Просьба, каб у мяне нехта не забраў гэты зварот, пойдзем разам».

Дэманстранты дайшлі да будынка Дома ўраду, дзе Мікола Статкевіч прычапіў тэкст звароту ў ЦВК на шыльду.

Мітынг і шэсьце адбываліся без усялякіх перашкод міліцыі. Сытуацыю патлумачыў прадстаўнік ГУУС Менску Аляксандар Ластоўскі:

«Калі б гэта было па-за рамкамі выбарчай кампаніі, то, вядома, збор на плошчы забаронены… Але калі ў мэтах агітацыі, то тут ужо хай ЦВК камэнтуе, чаму ўсё гэта стала магчымым».

Паводле спадара Ластоўскага, у агітацыйнай акцыі прыняло ўдзел 250 чалавек, арганізатары ацанілі лік прысутных у 2-3 тысячы.

Зьміцер Дашкевіч у канцы мітынгу ля Дома ўраду заклікаў:

«19 сьнежня нас будзе некалькі дзясяткаў тысяч».
Людзей выходзіць болей, чым мы чакалі. Гэта азначае, што Плошча 19 сьнежня будзе масавай.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага Павал Севярынец назваў сёньняшнюю маніфэстацыю «мабілізацыяй сілаў»:

«Мы зразумелі, што людзей выходзіць болей, чым мы чакалі. Гэта азначае, што Плошча 19 сьнежня будзе масавай».

Мікола Статкевіч не пагадзіўся з тымі, хто называе сёньняшнюю акцыю «рэпэтыцыяй Плошчы», гэта звычайная сустрэча кандыдатаў з выбарцамі, кажа ён.

«Я думаю, што гэтая акцыя зьверне ўвагу ў Беларусі ды іншых краінах на фальсыфікацыі выбараў у нашай дзяржаве. Гэта ціск на ўладу. І думаю, што гэта дазволіць нам ламаць страх грамадзтва».

І Мікола Статкевіч, і Віталь Рымашэўскі заявілі «Свабодзе», што іх зусім не бянтэжыць магчымасьць нейкіх санкцыяў з боку ЦВК за сустрэчу з выбарцамі на «забароненых плошчах».

Рэпэтыцыя Плошчы. Онлайн-рэпартаж. Фота. Відэа. Аўдыё.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG