Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Целяханы — мястэчка, якое захавала сваю гістарычную вулічную пляніроўку і нават старую забудову. Тут любы жыхар раскажа вам гісторыю назвы мястэчка. Яна нібыта пайшла ад спалучэньня слоў «Цела хана». Быццам у часе вялікай вайны беларусаў з татарамі тут загінуў татарскі хан. І татары пахавалі яго зь вялікай пашанай і нават насыпалі высокі курган. Ад таго, што ў гэтым кургане пахавана цела хана, мястэчка называецца Целяханы.

На зьвілістых вулках цэнтральнай часткі дамы стаяць яшчэ даваенныя. Некаторыя — атынкаваныя, некаторыя — пачарнелыя ад часу. Каля аднаго з дамкоў я разгаварыўся і пазнаёміўся з Вольгай Міхеевай. Надта гумарной і гаваркой кабетай. З-за жыцьцярадаснасьці цяжка вызначыць яе ўзрост. Спадарыня Вольга, даведаўшыся, што я журналіст, запрасіла мяне на гарбату. У кватэры на ўвесь гук працавала радыё.


Вольга: «Каб у мяне ў хаце шум быў!»

Карэспандэнт: «А што там добрага, па радыё?»

Вольга: «А хоць і брэшуць, але акуратна. Часам, здаецца, узяла б гэту скрынку ды аб падлогу бразнула. Але ў чым скрынка вінаватая? Люблю па лесе хадзіць. Іду праз калгасны двор. Калісьці цялят даглядала. Стану каля цялят — Божа, мой Божа. Пасьля вайны і тое вы лепш выглядалі, як я вас пасьвіла, чым сёньня! Я кажу: крычыце на ўсю тэрыторыю, дык можа хто пачуе. Ды вам якую раду дасьць».

Хата спадарыні Вольгі вылучаецца высокай стольлю і сур’ёзным падмуркам. Гадоў трыццаць таму тут была гасьцініца. А да вайны гэты дом і ўсе прылеглыя дамы належалі іншым людзям.

Вольга: «Гэта была вуліца Сьвятавольская. Тут жылі жыды. Тут самы жыў багаты жыд. У гэтай хаце. Нават у маёй хаце падвал на ўсю залю. Там яны сядзелі ў гэтым падвале. Ізбаві і сахрані. І бачыла, як немцы расстрэльвалі. Ня дай Бог такое бачыць у дзяцінстве. Мяне маці да бабак вадзіла, бо я ў вайну перапужалася».

Па вуліцах, дзе два пакаленьні таму хадзілі іншыя людзі, дзе гучала іншая мова, хадзіць ніякавата. Бо сапраўдныя гаспадары гэтых дамоў ужо ніколі не заявяць сваіх правоў. У Целяханах не было гета. Габрэяў расстралялі 5 жніўня 1941 году, ня даўшы апамятацца. Але дзень той захаваўся ў памяці ўсіх целяханскіх старажылаў. Старая целяханка Тацяна памятае, як яна гуляла каляровымі шкельцамі на разрабаваным габрэйскім двары.


Тацяна: «Вось каля дома набіта шкло. А мы зьбіралі. І тое за гэтыя шкельцы мяне бацька набіў. Больш каб твая нага не была там. Гэта ж іхная праца. Бацька шкадаваў іх, мусіць. Сказаў: „Занясі, дзе ўзяла“. І набіў. Гэта я добра запомніла». Жыд прасіў бацьку: «Васіль, забяры дабро маё. Як застануся жыць, то хопіць табе і мне». Не захацеў бацька браць».

Карэспандэнт: «Правільна паступіў? Ці не?»

Тацяна: «Вядома, правільна. А нашто яно? Каб бацьку забілі за яго дабро? Яго і так ставілі пад расстрэл за тое дабро. Мо набрахаў хто».

У Целяханах ёсьць свой батанічны сад. Інакш назваць двор натураліста Леаніда Жыцянёва ніяк не выпадае. Бо кожны свабодны лапік ягонага дворыка заняты экзатычнымі хвоямі, кіпарысамі, туямі. Ледзь ня пальмамі.


Пра сваё захапленьне гэты пяцідзесяцігадовы інтэлігентны спадар можа расказваць гадзінамі. Зь ягонай гутаркі я выбраў самае карыснае.


Леанід: «Узяць Галяндыю. Яна дае добрую прадукцыю. Але хвоя, якая ў нашых умовах да 60 сантымэтраў расьце прыкладна пяць гадоў, — яны ў цяпліцах умудраюцца за год зрабіць. І калі яны прыходзяць у нашыя ўмовы, у першую ж зіму гінуць».

Карэспандэнт: «Дык давайце зробім рэкляму вашай прадукцыі…»

Леанід: «Не. Я не хачу. Бо ў мяне няма столькі пасадачнага матэрыялу. У мяне не стаіць мэта шырока гэта рэпрадукаваць. Бо калі я пастаўлю гэта ўсё на гандлёвую дарогу, тады гандаль забярэ ўвесь мой час. І я буду аднабакова разьвівацца толькі ў бок грошай. А навошта мне гэта трэба? Грошы ж — не галоўнае. Гандаль і дасьледаваньні несумяшчальныя».

Леанід наладзіў мне экскурсію па сваіх міні-джунглях. І, гледзячы на тое, як ён дакранаецца да расьлін, разумееш, што яго сапраўды грошы хваляваць ня могуць.

Леанід: «Вось гэта кіпарысавік нутканскі. Літаральна 20 гадоў таму ніхто ня марыў, што ён можа ў Беларусі расьці. Гэтай расьліне 6 гадоў. Вышыня яе — два мэтры. У нас было зімой 30 з хвастом — ён цудоўна перазімаваў. Ён адаптаваўся. Прыжыўся».

Карэспандэнт: «А што вы зь ім зрабілі такое?»

Леанід: «Нічога. Чалавек узаемадзейнічае з расьлінай энэргетыкай. І маё жаданьне, напэўна, падштурхоўвае, каб ён у нас рос».

Сапраўдных, патомных целяханцаў у сёньняшніх Целяханах засталося ня так і шмат. Але галоўны страх ад мінулай вайны ў гэтым мястэчку мае твар і імя. У Целяханах баяліся ня Гітлера і ня Гімлера. Галоўнай бядой на час акупацыі стаў свой чалавек, расказы пра якога перадаюцца ад бабуляў унукам.
Калі, старыя людзі расказвалі, габрэяў сагналі за загарадку, то целяханскія людзі пайшлі па гэтых хатах.

Леанід: «Калі, старыя людзі расказвалі, габрэяў сагналі за загарадку, то целяханскія людзі пайшлі па гэтых хатах. Добрая ж была коўдра, падушкі, посуд. Там тых стралялі, а гэтыя ўсё цягнулі. Але ж вы гэтага нідзе ня знойдзеце. Мама расказвала, яны жылі на хутары — „хадзем набярэм жыдоўскага дабра“. Але многія ішлі па золата. Але габрэі ведалі і многім людзям прапаноўвалі: я табе дам золата, але ты схавай маіх дзяцей. Некаторыя хавалі. Але былі сволачы мясцовыя, якія ведалі, у каго ў хаце хто ёсьць. Яны папросту выцягвалі і забівалі».

Карэспандэнт: «Гэтым займалася паліцыя».

Леанід: «Вельмі многа тут паліцаяў было. Калі вайна скончылася, і паліцаі ж усе зь немцамі пайшлі далей. А тут засталіся сваякі іхныя. І савецкая ўлада пачала іх душыць. Быў у Целяханах паліцай малады, і ён вельмі зьдзекаваўся зь людзей. Са сваіх жа людзей. Па мянушцы Байструк. Ён зь немцамі ўцёк. А засталася тут маці. Ну што — бабулька, куды яна магла ісьці? Яе проста задушылі. Дротам закруцілі вакол шыі і закапалі жыўцом у яму».

Карэспандэнт: «А што ён рабіў?»

Леанід: «Забіраў у любога ўсё, што хацеў. Ён мог спакойна любога да сьценкі паставіць і расстраляць. Было ўсё дазволена. Ён мог кагосьці згвалціць, калі спадабалася якая дзеўка. Ён мог пасьля гэтага яе забіць».

Леанід не згадаў імя целяханскага ката, які ўцёк на Захад і, магчыма, спакойна дажыў сваё паганае жыцьцё. Тэарэтычна, ён можа жыць і цяпер. Але трэба, каб імёны вырадкаў заставаліся ў памяці народнай і гісторыі. Імя мне назвала іншая целяханская старая. Надзея Ільлінская.


Карэспандэнт: «Кажуць, тут лютаваў нейкі «Байструк»?

Надзея: «Так. Жорж. Гэта яго імя. Жорж Віктаровіч. Гэты мог любога суседа забіць. Памятаю, везьлі ў паліцыю на падводзе сям’ю Курачкіных. Яна была пры Савецкай уладзе дэпутатам. Ён вёз сям’ю і сьпяваў „Вечная памяць“. І расстралялі тут жа. Гэта быў люты, страшны чалавек».

Целяханы славіліся ў БССР найперш сваімі лыжамі і клюшкамі. Ва ўмовах свабоднага рынку фабрыка зазнала цяжкія часы. Бо кітайскі танны вал не шкадуе нікога. Маладыя рабочыя разьбегліся па расейскіх будоўлях. Засталіся жанчыны і самыя адданыя свайму прадпрыемству людзі. З адным з такіх патрыётаў мне і пашчасьціла пагаварыць. Гутарачы са старым рабочым, я быў у захапленьні. Калі што трымаецца ў беларускай вытворчасьці, дык толькі на такіх вэтэранах.


Карэспандэнт: «А да чаго вы дакаціліся?»

Рабочы: «Гэта ня мы дакаціліся. Гэта начальства дакацілася. За пяць гадоў дзесяць дырэктараў. Мы былі пад ерундою прэзыдэнта. І што толку?»

Карэспандэнт: «А „ерунда прэзыдэнта“ — гэта адміністрацыя? І пад крылом прэзыдэнта?..»

Рабочы: «Толку ніякага няма. Прыехалі, паглядзелі і зьехалі. А зараз — „Белторг“, зусім іншая арганізацыя. Рэканструкцыю зрабілі. Бачна, што людзі працуюць. І зарплата ўжо павысілася. І 500, і 600, і 700. Я сам 16 гадоў лыжы праклеіў! Нават закупілі абсталяваньне эўравокны рабіць. Я на ёй з 71-га году».

Карэспандэнт: «У вас за яе душа баліць?»

Рабочы: «Душа баліць. Я нават не хадзіў шукаць іншага прадпрыемства. Можна было пайсьці. Але гэта маё!»

Але вернемся ў хату да Вольгі Міхеевай. Я заўважыў у куце яе хаты старую балалайку.

Карэспандэнт: «А гэта ваша балалайка? Вы граеце?»

Вольга: «Я некалі грала. „Бегла мышка па падлозе, няма хлеба ў калхозе. А ў амбары трохі е, то Майсейка не даеў“. А Майсейка быў брыгадзір. Такую частушку сачыніла».

Карэспандэнт: «Пры таварышу Сталіну?»

Вольга: «Так. А ён груба выражаўся. „Я цябе, — кажа — б…, у турму засаджу за гэту частушку“. Не баялася. Бо мне ўсё роўна было».


Будзеце ў Целяханах, абавязкова завітайце ў тамтэйшую краму. такога вы не пабачыце больш нідзе. Усе сьцены звычайнага магазына аздобленыя мазаікай зь бітага бутэлечнага шкла. Ёсьць там лось, мядзьведзь, алень, птушкі. Відаць, што рабіў аматар, але з усёй душой. У аграгарадках такіх карцін ня робяць. Ці то народныя мастакі зьвяліся, ці то начальства не дазваляе свавольнічаць. Але імя аўтара гэтага панно таксама вартае нашай памяці.

Карэспандэнт: «Хто зрабіў на магазыне з бутэлек карціны?»

Вольга: «Грушэцкі. Мой сусед. Ён быў такі мастак. Андрэй Грушэцкі. Такую памяць пакінуў у Целяханах!»





Падарожжы Свабоды

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG