Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНТ апалчылася на “J:Морс”


Уладзімер Пугач на 10-годзьдзі гурта «J:морс»

Уладзімер Пугач на 10-годзьдзі гурта «J:морс»

Папулярны гурт «J:Морс» трапіў у няміласьць да АНТ. Кіраўніцтва тэлеканалу западозрыла каманду ў нежаданьні ўдзельнічаць у акцыях пад агульнай назвай «Беларусь — гэта мы», наклаўшы мараторый на прысутнасьць музыкаў у эфіры. Але бяда не прыходзіць адна: паўстала небясьпека адмены канцэрту, прызначанага на 11 сьнежня ў менскім Палацы спорту.

Навіну пра непрагназаваныя праблемы ў сваім блогу паведаміў лідэр гурта «J:Морс» Уладзімер Пугач. Яшчэ ў кастрычніку адміністрацыя АНТ прапанавала камандзе далучыцца да сэрыі традыцыйных «лёзунгавых» канцэртаў пад шыльдай «Беларусь — гэта мы». Аднак з улікам таго, што музыкі працавалі над новым альбомам, які запісваецца ў Кіеве, і Ўладзімер Пугач большую частку лістапада знаходзіцца мяжой, прыняць запрашэньне было праблематычна. Да таго ж, названыя даты яшчэ раней былі расьпісаныя нашмат наперад, і ад прапановы давялося адмовіцца. Апроч таго, як піша Ўладзімер, асабліва ня грэлі ні фармат мерапрыемства, ні патрабаваньне сьпяваць пад фанаграму. Аднак аўтарытэт «J:Морс» у мэляманаў бясспрэчны, і цягам некалькіх тыдняў з АНТ настойліва тэлефанавалі і цікавіліся: ці не перадумалі артысты паўдзельнічаць у «салянцы»?

Пасьля чарговай адмовы прадстаўнікі АНТ наўпрост заявілі: калі вы ня хочаце ўдзельнічаць у канцэрце, мы зробім, каб вас прыбралі з усіх каналаў. І слова стрымалі: заплянаваны на гэтыя дні эфір у ранішнім шоў АНТ сам сабой адмяніўся.

Дырэктар гурта «J:Морс» Руслан Старыкоўскі: «Што тычыцца АНТ, то гэта практычна 100-працэнта — з эфіраў нас здымаюць. Можна канстатаваць, што ёсьць канфлікт з тэлеканалам. Зрэшты, гэта нармальная ўсясьветная практыка, калі нейкі артыст з радыёстанцыяй не сябруе ці зь нейкім каналам. Альбо наадварот. Але звычайна гэта заставалася, як мы думалі, на ўзроўні ўнутраных праблемаў — гэта мы вас ня любім, ці вы нас не любіце? Але мы не сутыкаліся з тым, што можа ўключацца адміністратыўны рэсурс, ці распускаюцца пра нас чуткі і г.д. Мы ўсе і ўсё разумеем, але нам здавалася, што ўжо хто-хто, а гурт настолькі заўсёды быў па-за палітыкай… І пра гэта мы неаднойчы публічна заяўлялі. Як мне падаецца, гэта ледзьве ня самы апалітычны гурт у нашай краіне. Застаецца загадкай, як гэтая сытуацыя можа павярнуцца, бо павярнуць яе кожны бок можа на сваю карысьць».

Бюракратычная машына прызвычаілася лічыць, што артыст, творца — гэта ніхто, яго заўсёды можна паставіць пад пазногаць.
Як лічаць і Ўладзімер Пугач, і Руслан Старыкоўскі, падставай да незадаволенасьці кіраўніцтва АНТ магло стаць тое, што ў некаторых перадачах музыкі ўдзел чамусьці бралі, а вось ад вялікага канцэрта адмовіліся. А гэта значыць, каманда занадта выбарачна падыходзіць да праектаў. А такі падыход — тут хочам, а там ня хочам — у адпрацаванай схеме не праходзіць.

Руслан Старыкоўскі: «Уладзімер у сваім блогу вельмі правільна сказаў: бюракратычная машына, якая існуе на любым узроўні нашага жыцьця, прызвычаілася лічыць, што артыст, творца — гэта ніхто, яго заўсёды можна паставіць пад пазногаць. І гэта нават не палітыка, гэта нейкае мераньне яйкамі. Я б нават сказаў, што АНТ больш скарысталася палітычнай сытуацыяй для таго, каб нам адмяніць канцэрт. Таму што ў любых іншых умовах наўрад ці хто-небудзь яшчэ ў гэта палез бы. Гэта, хутчэй за ўсё, палітыка каналу, але ні ў якім разе не гурта. Бо калі мы заяўлялі пра альбом і канцэрт, яшчэ нават не было даты выбараў».

Самае непрыемнае для артыстаў тое, што нібыта «лякальны» канфлікт з АНТ прывёў да пагрозы зрыву сольнага канцэрту з прэзэнтацыяй новага альбому 11 сьнежня ў Менску. Нягледзячы на значную колькасьць рэалізаваных квіткоў, адміністрацыя Палацу спорту атрымала рэкамэндацыю не праводзіць у гэты дзень канцэрт «J:MOPC», паколькі гэтаксама 11 сьнежня АНТ ладзіць фінальны канцэрт «Беларусь — гэта мы» ў комплексе «Менск- Арэна». А моцныя канкурэнты ў такой справе папросту не патрэбныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG