Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працяг дзёньніка Штэфана Мюлера, доўгатэрміновага назіральніка на прэзыдэнцкіх выбарах у Рэспубліцы Беларусь.

24 лістапада


Беларусы з недаверам падыходзяць цяпер да тэлевізара, як да ненадзейнага электрапрыбору: пачаліся выступы кандыдатаў… Мне здавалася, усе чакаюць нецярпліва гэтых выступаў, хочуць пачуць праўду, сьвежыя думкі. Аказалася, што — не! Людзі тут увогуле нестандартныя. Тыя, хто хоча новага прэзыдэнта, звычайна падкрэсьліваюць, што калі ўключаюць тэлевізар, дык толькі праграмы, дзе няма “бацькі”, а такія існуюць выключна за мяжой. Астатнія, наадварот, ігнаруюць незадаволена каналы, дзе яго не паказваюць. Тэлевізар бяз іхняга “бацькі” для іх не тэлевізар. Немцу гэтага не зразумець у цяперашні час, хаця хапае рэлігійных праграмаў, дзе толькі пра Бога гутараць безупынна.

Кандыдаты на тэлеэкране сёньня беларусаў (тых, хто ня грэбуе беларускім тэлебачаньнем) раздражняюць, яны з гонарам заяўляюць: “У нас ужо ёсьць прэзыдэнт, а іншага нам ня трэба! А гэтыя — чаго хочуць, чаго вылезьлі, куды пхнуцца? Мы іх ня ведаем, мы іх першы раз бачым, навошта яны там нешта балбочуць? Тут вам не заграніца!” Калі ў іх асьцярожна запытацца: “А раптам кандыдаты гэтыя нешта новае скажуць, цікавае, карыснае?”, то можна пачуць у адказ непрыязнае — “наш “бацька” бяз іх усё лепей ведае, яму падказчыкаў ня трэба, хай ня лезуць, не перашкаджаюць!” “Мы за нашага “бацьку” — у агонь, у ваду, у акопы і зямлянкі, мы пад танкі гатовыя за яго нямецкія!” Мне ажно горача зрабілася: дзе яны бачаць нямецкія танкі? Але ўдакладняць асьцярогся, надта ж ваяўніча настроеныя… Калі падсумаваць: беларусы кандыдатаў ня слухаюць, максымум скрозь вушы, яны нецярпліва чакаюць, калі зноў пакажуць “бацьку”. Ажно ніякавата за апазыцыю, якая гэтак марыла трапіць на экран!

З ранейшых запісаў

21 лістапада


Сьвежы беларускі анэкдот: па тэлевізары пакажуць кампанію кандыдатаў, а потым на паўмесяцу абвяшчаецца мараторый на выступы, як яны самі тлумачаць з расчараваньнем — каб да галасаваньня выбаршчыкі цалкам забыліся на ўсіх, апроч, зразумела, героя эфіру, які пануе ў ім цэлагадзічна. Я асьцярожна пацікавіўся ў аднаго чыноўніка: чаму такія недарэчнасьці на выбарах? Ён паглядзеў на мяне, як на школьніка-двоечніка і пачаў тлумачыць у такім рэчышчы, што на Захадзе агітацыя забароненая ня толькі ў дзень галасаваньня, але нават за суткі да яго. А вось у Рэспубліцы Беларусь! —узьняў ён голас — галасаваньне пачынаецца за тыдзень да выбараў, прыбаўце сюды яшчэ сем дзён — вось і атрымаецца паўмесяцу! Каб ніякіх самаагітацыйных выступаў, каб не перашкаджалі народу думаць, не псавалі лагодны настрой! Тым больш яны й выступаць толкам ня ўмеюць, згадзіцеся! — падсумаваў чыноўнік. Я адчуваў сябе дурань-дурнем. Думаю, што й апазыцыя сябе адчувае такой жа.

22 лістапада


Адзін беларус мне патлумачыў, што для іх выбары важныя як традыцыя, як рытуал. Што і як выбіраюць — іх не датычыць, ад іх не залежыць, таму няма чаго дзёргацца. Самае важнае — атмасфэра, прыўзьняты настрой, сьвяточнасьць: “Усёй сям’ёю, паадэкалёніўшыся, прыходзім на ўчастак. Нядзеля. Усе нам радыя, бюлетэні выдаюць пад росьпіс, пасьміхаюцца, заахвочваюць. Вялізная чырвоная скрынка стаіць са шчылінай. Над ёю партрэт Сталіна, які мудра глядзіць. У сэнсе — пра партрэт Сталіна бацька расказваў, запала ў памяць проста. А потым: выканаў свой абавязак канстытуцыйны і — у буфэт, а там і выпіць і закусіць, і ўсе табе зноўку не нарадуюцца, толькі жонка тузае за локаць, каб стрымліваўся, каб ведаў меру…”

Ноччу я прачнуўся ў жаху, ляжаў і спрабаваў пазбыцца бачанага: што быццам бы я прыходжу галасаваць, на сьцяне вусаты партрэт вялікага памеру, а калі апускаю свой бюлетэнь, мне наліваюць чарку, я паварочваюся да сьцяны і са словамі “За родзіну, за Сталіна!” рэзка выпіваю… У мазгах адбіваецца назва гарэлкі — “БульбашЪ”. Якраз з-за гэта цьвёрдага знаку тут спрачаюцца — ці гэта проста зроблена “пад старыну”, бяскрыўдна, ці каб нагадаць пра царскае ярмо?!

23 лістапада


Адзін з кандыдатаў гучна заявіў нашым нямецкім рэпарцёрам, што сапраўдныя выбары толькі ў іх, беларусаў, а ў нас, на Захадзе, адно суцэльнае шоў…

Цяжка зразумець: дзе ў гэтай краіне мяжа паміж літаратурай і жыцьцём? У мяне кніжка іхняга пісьменьніка, адно апавяданьне пра галасаваньне, называецца “Сага пра выбарчую скрынку”. Ніякавата, але працытую: “Вось яны нам гавораць, што нават у гэтых азіятаў плястыкавыя скрыні для бюлетэняў, і ўсё відно, што там ляжыць і як. Ну што нам, яшчэ ў чарніла мачаць пальцы, як яны, ды адбіткі пакідаць? Нашая скрынка, яна спраўджана часам. Накшталт пасылачнай. Экалягічна бясьпечная — выкінуў яе, і яна растворыцца ў прыродзе. У нас усё з дрэва было — дамы, церамы, нават замкі панскія спачатку. Не кажу па цэрквы, без цьвіка зробленыя”.

Канец апавяданьня — камень у наш выбарчы агарод: “Усе гэтыя выбарчыя шоў — з шарыкамі, трубамі, трашчоткамі, са сьцягамі, партрэтамі, сырэнамі, раздачай гарачых сасісак, з шэсьцямі аркестраў, з паветранымі шарамі, з півам, попкорнам… У нас выбары — гэта сур’ёзна, у іх — маскарад нейкі. Дзякуй за ўвагу”.

Калі ласка!.. Я прачытаў і зразумеў яшчэ больш выразна: выбары — гэта сапраўды вельмі сур’ёзна, і пачынаць трэба не з буфэта, каструляў, скрынак. Якія могуць быць зьмены без раскаяньня? Сталін, дарагія беларусы, таксама капут!.. Дзе мая бутэлька “Бульбаша” пачатая? Вырашайце хутчэй: падабаецца вам бульбашамі ці не? І “Ъ” той — нявольніцкае таўро ці знак якасьці? Хаця сам я ў гэтым ні бум-бум, проста апазыцыйных кандыдатаў наслухаўся.
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

XS
SM
MD
LG