Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: выключальнік у руках Зімоўскага, Ярмошынай і Лукашэнкі


Паводле праваабаронцаў, забарона на выступ лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча замест кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва на Першым канале беларускага тэлебачаньня не адпавядае выбарчаму заканадаўству.

Свой другі выступ у тэлеэфіры, які адбудзецца 1 сьнежня а 19-й гадзіне, кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў хоча саступіць сваёй даверанай асобе Аляксандру Мілінкевічу. Спадар Кастусёў так патлумачыў сваё рашэньне:

Рыгор Кастусёў
Мікалай Лазавік
Аляксандар Мілінкевіч
Уладзімер Лабковіч
«Гэта агульнае, супольнае рашэньне. Я лічу, што Мілінкевіч — гэта найбольш вядомая апазыцыйная фігура. Найбольш раскручаная. І тое, што Мілінкевіч будзе за мяне агітаваць, дадасьць плюс мне, маёй камандзе, Партыі БНФ, майму іміджу і вядомасьці ў нашай краіне. У нас падыходы аднолькавыя».

Аднак сёньня ў інтэрвію «Свабодзе» Мікалай Лазавік заявіў, што паводле заканадаўства кандыдат можа адмовіцца ад выступу, але замест яго ня можа выступіць ніхто, нават давераная асоба:

«Выступы па тэлебачаньні і радыё могуць рабіць толькі кандыдаты. У дэбатах можа браць удзел замест кандыдата давераная асоба».

Рыгор Кастусёў сказаў, што будзе патрабаваць тлумачэньняў ад ЦВК. Паводле Аляксандра Мілінкевіча, з кандыдатаў толькі Рыгор Кастусёў прапанаваў яму магчымасьць выступіць:

«Я ўдзячны Рыгору Кастусёву, які аддае палову свайго часу мне для выступленьня. Гэта паказвае, што ў нас ёсьць пачуцьцё каманднасьці. Вельмі важна скарыстацца з такіх магчымасьцяў. Я вельмі хацеў выступіць. Я сказаў бы пра сытуацыю, пра магчымасьці, пра тое, што неабходна зрабіць Беларусі ў бліжэйшы час. Але ўсё роўна буду дамагацца рэалізацыі гэтага права. Але я разумею, што ўсё ж выключальнік у руках Зімоўскага, Ярмошынай і Лукашэнкі».

Паводле праваабаронцы Ўладзімера Лабковіча, трактоўка ЦВК скіраваная на абмежаваньне правоў і законных інтарэсаў кандыдатаў:

«Калі ідзе размова пра тое, што кандыдат ня мае права перадаць свой эфірны час іншаму кандыдату, то гэта, безумоўна, справядлівая норма. Яна скіраваная на тое, каб не ствараць у Беларусі штучных, тэхнічных кандыдатаў. Каб яны не маглі такімі маніпуляцыямі штучна павялічваць эфірны час іншых кандыдатаў. У сытуацыі, калі забараняюць ад імя кандыдата выступаць яго даверанай асобе, гэта, безумоўна, парушэньне 75-га артыкула Выбарчага кодэксу, які вызначае, што давераная асоба — гэта асоба, якая агітуе за абраньне кандыдата».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG