Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазоў “Вольнага гораду” да міліцыянтаў не задаволены


Старонка газэты «Вольны горад»

Старонка газэты «Вольны горад»

Крычаўскі раённы суд пакінуў без задавальненьня пазоў выдаўца незалежнай газэты «Вольны горад» Уладзімера Кудраўцава. Ён дамагаўся кампэнсацыі маральнай шкоды ад раённай міліцыі ў памеры пяці мільёнаў рублёў. Судзьдзя Антаніна Качанава палічыла, што прэтэнзіі журналіста да міліцыянтаў беспадстаўныя.

Нагодай для суду сталася канфіскацыя міліцыянтамі трох накладаў газэты. Канфіскацыю Кудраўцаў лічыць незаконнай. Яна парушае ягоныя правы, замацаваныя ў канстытуцыі Беларусі.

У судзе інтарэсы раённага аддзелу міліцыі прадстаўляў яго супрацоўнік Юры Дзюбанаў. Ён разам зь яшчэ двума міліцыянтамі і невядомым чалавекам у цывільным 9 чэрвеня ўдзельнічаў у арышце кур’ера, які прывёз газэту са Смаленску.

«Ён у судзе фактычна прызнаў, што за кур’ерам сачылі. Міліцыянт зазначаў, што паводле іх апэратыўных зьвестак, у Крычаў меркавалася дастаўка буйной партыі нелегальнай літаратуры. Вось гэта галоўнае, што мы судом дамагліся. Вось гэтага прызнаньня. Наагул жа дзеяньні міліцыянтаў былі палітычна матываванымі ад пачатку. Хаця яны гэта й адмаўлялі. Мы працягнем судзіцца зь імі. Будзем абскарджваць пастанову Крычаўскага суду ў Магілёўскім абласным», зазначыў прадстаўнік пазоўніка Сяргей Няроўны.

Да суду Ўладзімер Кудраўцаў зьвяртаўся ў раённую пракуратуру, каб тая распачала крымінальную справу супраць міліцыянтаў. Пракуратура не знайшла падставаў для гэтага.

Галоўнай тэмай арыштаванага нумару быў артыкул «НТВ зьнішчыла рэпутацыю прэзыдэнта Лукашэнкі» з камэнтаром Паўла Шарамета пра скандальны фільм «Хросны Бацька».
XS
SM
MD
LG