Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускім заканадаўстве няма правілаў, якія б прадугледжвалі публікацыю мэдычных бюлетэняў пра стан здароўя беларускага прэзыдэнта або прадстаўленьне кандыдатамі на прэзыдэнта мэдычных даведак у ЦВК. Ня дзейнічаюць падобныя законы і ў іншых постсавецкіх краінах. Хаця заклікі адносна іх увядзеньня ўсё часьцей можна пачуць ад саміх заканадаўцаў. Апошнім часам з адпаведнымі ініцыятывамі выступалі дэпутаты Эстоніі, Украіны, Кіргізстану…

Напярэдадні выбараў 19 сьнежня "Свабода" пацікавілася, як гэтыя людзі падтрымліваюць здаровы лад жыцьця, ці маюць яны нейкія мэдычныя праблемы, якія крокі неабходна рабіць дзеля паляпшэньня здароўя нацыі.


Уладзімер Някляеў: узрост 64 гады, рост 178 см, вага 76 кг, ціск 125/70.

Як раіў францускі экспэрт у пытаньні здароўя палітычных дзеячаў Жан Бэрнар, — ня верце тым палітыкам, якія кажуць, што яны абсалютна здаровыя і што ў іх нічога не баліць. Калі ў палітыка нічога не баліць, то ён хутчэй мёртвы, чым жывы.

Адрозна ад сваіх супернікаў па прэзыдэнцкай гонцы, кандыдат Уладзімер Някляеў паведаміў "Свабодзе" ня толькі вагу, рост, ціск, але і некаторыя іншыя зьвесткі са сваёй мэдычнай карты.

Някляеў: "Няхай ведаюць. Мне няма чаго хаваць. У мяне ёсьць такая сямейная або генэтычная схільнасьць да гіпэртаніі. Гэта пакуль што лёгка рэгулюецца. Вага таксама трымаецца, колькі я сябе помню. Ня тое што я так сачу за сваім здароўем — такога я не магу сказаць. Аднак сваю фізычную форму я падтрымліваў і да гэтай выбарчай кампаніі, бо ў сувязі зь сядзячай спэцыфікай пісьменьніцкай працы для мяне было важна рухацца".

"Свабода": "За вамі трымаецца імідж чалавека багемы. А ў гэтым асяродку, як лічыцца, вядуць зусім ня той лад жыцьця, які прынята называць здаровым. У сувязі зь цяперашняй кампаніяй ці давялося вам адмовіцца ад пэўных "багемскіх" звычак?"

Някляеў: "Калі мець на ўвазе практыку ўжываньня алькаголю, то ў тыя гады, калі я быў у багеме, хадзілі байкі, што ледзь ня штодня ўжываю алькаголь літрамі.
Калі я быў у багеме, хадзілі байкі, што я ледзь ня штодня ўжываю алькаголь літрамі.
Я ніколі і ня піў так, каб зваліцца. Наагул, у нашай сям'і бацька ніколі ня піў і дзед таксама. Звычайна за сталом стаяла такая, яе называлі — малянкоўская, шкляначка. Ва ўсёй нашай радні, якая ёсьць на сёньня, няма аніводнага чалавека, які б злоўжываў. Як мне здаецца, алькагалізм наўпрост зьвязаны з генэтыкай. Хаця ад соцыюму таксама шмат чаго залежыць. Не бяз гэтага. Калі ж існуе такое генэтычнае супрацьстаяньне, то алькаголь цябе не паваліць".

"Свабода": "Пра нікатын такога ня скажаш. Вядома, што вы доўгі час курылі, але цяпер быццам бы кінулі?"

Някляеў: "На жаль, кінуў. Жартую. Таму што нейкая часьціна жыцьця, зьвязаная з псыхалягічнай маёй напругай, кампэнсавалася за кошт нікатыну. Начная праца безь нікатыну, бяз кавы літрамі, не ўяўлялася мне магчымай. Я цяпер прачынаюся ў 6:15, а ў 6:10 я бачу ўсё адзін і той жа сон, што я сяджу на кухні, палю цыгарку і п’ю каўку. Такая ў мяне захавалася памяць смакавая.
Гэта падманка, што нікатын з кавай даюць нейкую дадатковую энэргію.
Аднак рэальна я цяпер абсалютна ідэальны. Гэта дзякуючы Вользе, жонцы, якая ня тое што змушала: кідай паліць і выпіваць. Проста мне тлумачыла: "Разумееш, табе цяпер фізыка вельмі спатрэбіцца. Усё ж гэта ня той выпадак, калі ты можаш пачаць пісаць паэму і не дапісаць яе. Ты мусіш, колькі б ні спаў, з раніцы да вечара быць у форме".

Ну, я неяк паслухаў яе. Падобна, што гэта ўжо ня вернецца. Цяпер магу сказаць усім мужыкам: гэта падманка, што алькаголь зь нікатынам і кавай даюць нейкую дадатковую энэргію. Гэта чыстая падманка. Проста стала сам сябе ў гэтым пераконваеш і за кошт гэтага быццам бы нейкая энэргетыка дадаецца. Насамрэч усё гэта толькі забірае сілы".

Свабода: "Што, акрамя адмовы ад курэньня, зьмянілася ў вашым цяперашнім ладзе жыцьця?"

Някляеў: "На сон цяпер, у лепшым выпадку, выпадае пяць гадзін. Часьцей жа ўстаю амаль у столькі, у колькі кладуся. Але, відаць, у чалавека ёсьць насамрэч невядомыя яму рэзэрвы. І каб мне сказалі, што столькі (ад лютага) буду жыць у такім рэжыме і не адчуваць стомы, я б не паверыў. Аднак гэта ёсьць. Ну, вядома, стараюся дапамагаць сваёй фізыцы. Я працягваю, як і раней, хадзіць у лазьню. Хоць лазьня мая цяпер пад тым жа ціскам, што і кампанія "Гавары праўду". Усіх маіх сяброў па нашым клюбе (у нас ёсьць такі КАП-клюб — Клюб аматараў пары) таксама ўзялі ў абарот. Вырашылі, што гэтыя людзі мяне спансуюць. Хіба тым, што ляпёшкі ў лазьню носяць. Даволі сур'ёзна, дарэчы, за іх узяліся. Зразумела, іх ня клікалі кудысьці і не гаварылі: не сябруйце з тым, з кім ходзіце ў лазьню, ня парцеся, а калі венік возьмеце, дык лепш забіце. Аднак, паўтаруся, узяліся сур’ёзна. Аднаму шыюць крыміналку, другога пазбавілі грамадзянства. Але, да гонару нашай лазьні, нашага клюбу, ніхто зь іх з-за гэтага ня ўцёк. А сам я вось сёньня зьбіраюся ў лазьню. Чысты чацьвер. Сьвятая справа".

Свабода: "Ёсьць інфармацыя, што вы паспрабавалі сябе на ніве фармацэўтыкі і робіце нейкую цудадзейную настойку?"

Някляеў: "Карадуба". Гучыць як прозьвішча, праўда? Я прыдумаў, што яна вельмі лекуе. І ведаеце, чаму? Калі мая першая жонка нарадзіла дачку, у яе былі вельмі цяжкія роды. І мне доктар тады сказаў, што было б добра, калі б жонка куды-небудзь зьехала адпачыць, а малой заняўся б я. Ну, я пачаў займацца малой. А суседка, пабачыўшы дзіця, сказала мне, што ў дачкі надта тоненькая скурка і лепш было б, каб яна стала трошку грубейшай. Яна параіла мне купіць кару дуба, настойваць яе — і туды малую. Карацей, штодня дубіў і дубіў.
У 1999 годзе я даверыўся кітайскай мэдыцыне.
А неяк дачка захварэла. Прыйшла мэдсястра зрабіць укол, а іголка ня лезе ў гэтую скуру. Так я яе задубіў. Бачачы эфэкт, я гэтую кару дуба пачаў спажываць для ўсяго. Ня толькі для зьнешняга карыстаньня, але і як што-небудзь, дык і ўнутр таксама... Увогуле, я лічу, што чалавек вылечвае сам сабе. Можна вады выпіць і прыдумаць. Прадаюцца ж нейкія махлярскія рэчы, розныя магніты, якія нібыта крышталізуюць ваду. Адзін мяне вучыў: ты павер, што тое, што робяць магніты, могуць зрабіць твае рукі. Калі я штосьці надумаю, што вада робіцца зь лепшай энэргетыкай, дык так яно і ёсьць".

"Свабода": "Вы прыхільнік нетрадыцыйнай мэдыцыны?"

Някляеў: "Быў у мяне пэрыяд — 1999 год. Тады ў мяне адбыўся канфлікт з уладай, я змушаны быў зьехаць, вось тады і спрацаваў мой, гэтак мовіць, гіпэртанічны накірунак. Нэрвы, усё такое. І тады я праз сваю сяброўку, таксама паэтку, Натальлю Татур даверыўся гэтай кітайскай мэдыцыне. Мяне ўпэўнілі, што толькі яна мне дапаможа. Але я нічога там не знайшоў. Разумееце? Апроч нейкіх там шаманскіх дымоў… Ляжыш і думаеш: мо і праўда дапамагае? Іншая справа — фармацэўтыка наша. Напісана, ад чаго. Бярэш, чытаеш, выпіў. Ну, дапамагло — дапамагло. Не — значыць, так пераходзіш. Чалавек, паўтаруся, вылечвае сябе сам".

"Свабода": "Дзейны прэзыдэнт лічыць, што чалавека вылечвае спорт, асабліва лыжы ды хакей. І дэманструе гэта на ўласным прыкладзе. Чамусьці многія ставяцца да гэтага зьедліва…"

Някляеў: "Дарэчы, да таго, што Лукашэнка робіць у спорце, на лыжах, у хакеі, я ня стаўлюся паблажліва ці зьедліва.
Я ня стаўлюся паблажліва ці зьедліва да таго, што Лукашэнка робіць у спорце, на лыжах, у хакеі.
Гэта нармальна. Толькі ня трэба рабіць гэта ўсенароднай зьявай. Ну ёсьць жа нейкія межы. Хочаш пабегаць зь міністрамі па лыжні — ну ідзі зь міністрамі. Рабіць жа з гэтага ўсенародную зьяву — дык гэта проста раздражняе людзей. Добра, ты здаровы, у цябе ёсьць час бегаць на лыжах. А многія ня маюць такога часу, бо толькі і думаюць, каб зарабіць на кавалак хлеба дзе. Калі б ён быў нейкі швайцарскі прэзыдэнт, канадзкі ці дацкі прынц, — калі ласка".

"Свабода": "Калі вы станеце прэзыдэнтам, вы абвесьціце вайну палацам?"

Някляеў: "Дык я ж ня супраць лядовых палацаў. Вядома, гэта не ідзе на шкоду нацыі, калі больш лядовых палацаў. І тэнісных. І гэтак далей... Аднак на шкоду нацыі ідзе недахоп сродкаў да існаваньня, каб людзі маглі займець сям'ю. На шкоду ідзе тое, што няма дома, дзе ім можна зрабіць дзіця, тое, што яны не заводзяць сем'яў. Па сутнасьці, мы маем у выніку дэмаграфічную праблему. Ёсьцека, што ёсьцека. У нас нараджаецца значна менш людзей, чым памірае. У нас скарачаецца насельніцтва. Нас чакаюць ня надта прыемныя наступствы. Вось гэта і павінна быць галоўным клопатам прэзыдэнта..."

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG