Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэтэраны партыі БНФ паведамілі пра нядобрасумленнасьць некаторых партыйных актывістаў падчас збору подпісаў за прадстаўніка партыі Рыгора Кастусёва ды іншых кандыдатаў.

Інфармацыя пра падробленыя некалькі соцень подпісаў паходзіла ад сябра партыі БНФ Юрыя Пальчэўскага, які спаслаўся на праверку подпісаў у складзе выбарчай камісіі Кастрычніцкага раёну Менску:

«Тое, што гэта так, я бачыў і сам, частка падробак была зроблена абсалютна бяздарна. Напрыклад, дадзеныя выбарцаў былі запісаныя асадкай аднаго колеру, даты подпісаў — другім колерам, а самыя подпісы — трэцім колерам».

Паводле сябра выбарчай камісіі, сумнеўныя подпісы былі сабраныя таксама за Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса. Нібыта высьвятленьнем, ці падробленыя подпісы, займаліся таксама міліцыянты-графолягі, і гэтая інфармацыя не магла не дайсьці да Цэнтравыбаркаму, але ў выніку Рыгор Кастусёў, Мікалай Статкевіч і Дзьмітрый Вус былі зарэгістраваныя як кандыдаты ў прэзыдэнты.
Дадзеныя выбарцаў былі запісаныя асадкай аднаго колеру, даты подпісаў — другім колерам, а самыя подпісы — трэцім колерам.


Аўтар скандальных зьвестак Юры Пальчэўскі 24 лістапада адмовіўся камэнтаваць гэтую гісторыю для Радыё Свабода, спаслаўшыся на тое, што ягоная інфармацыя адносна подпісаў за Рыгора Кастусёва прызначалася для ўнутрыпартыйнага карыстаньня. Другі актывіст партыі, які не пажадаў, каб яго імя назвалі, пацьвердзіў, што Юры Пальчэўскі абнародаваў свае зьвесткі на сойме партыі ўжо пасьля рэгістрацыі Рыгора Кастусёва ды іншых кандыдатаў. Паводле гэтай крыніцы, частка партыйных актывістаў выступае за тое, каб зараз скандал не раздзьмухваць, а разабрацца з усім пасьля выбараў.

Іншыя сябры партыі БНФ, аднак, мяркуюць, што асуджэньня «фальсыфікатары» заслугоўваюць ужо зараз. Людміла Белахвостава зь сяброўкай асабіста правярала інфармацыю пра подпісы, нібыта сабраныя зьбіральніцай Лінай Касянюк:

«Мы з Натальляй Качаноўскай заехалі да гэтай жанчыны, Ліны Касянюк, якой праз год будзе 80 гадоў. Яна была шакаваная зьвесткамі, што нібыта яна сабрала 800 подпісаў. Дарэчы, сярод гэтых подпісаў стаіць прозьвішча маёй маці, а мой подпіс стаіць у іншага зьбіральніка».

Людміла Белахвостава абвінавачвае новае, «маладое» кіраўніцтва партыі БНФ у нядобрасумленнасьці. Як сказала актывістка, «у партыі Ткачова, Пазьняка, Нікітчанкі» такога не магло б здарыцца, таму вэтэран БНФ задумалася пра сваё сяброўства ў партыі.

Кандыдат на прэзыдэнта ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў гэтак пракамэнтаваў скандал з подпісамі:

«Ня ведаю нават, што і камэнтаваць. Раней хадзілі-хадзілі да мяне, угаворвалі здымацца. Потым казалі — давайце вырашым пытаньне палюбоўна, розныя іншыя былі прапановы. А зараз сябры партыі БНФ, якія апынуліся ў ініцыятыўных групах кандыдатаў, іншым чынам падыходзяць да гэтага пытаньня. Робіцца ўсё, каб ачарніць кандыдата ад партыі БНФ, людзі адпрацоўваюць свае 30 срэбранікаў», — сказаў Рыгор Кастусёў і назваў пэўнага кандыдата ў прэзыдэнты, на якога нібыта «працуюць» аўтары скандалу. Што да пэўных подпісаў, названых у інфармацыі Юрыя Пальчэўскага падробленымі, Рыгор Кастусёў паведаміў: «З подпісамі на сойме разьбіраліся і разабраліся».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG