Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лазавік: “Закон не дае кандыдатам у прэзыдэнты права недатыкальнасьці”


З зарэгістраваных кандыдатаў у прэзыдэнты недатыкальнасьцю валодае толькі Аляксандар Лукашэнка – як дзейны прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй.

На пытаньне Радыё Свабода, ці валодаюць кандыдаты ў прэзыдэнты недатыкальнасьцю (забаронай на іх асабісты дагляд, ператрус у іх жылым і службовым памяшканьні, немагчымасьцю прыцягненьня да крымінальнай альбо адміністрацыйнай адказнасьці інакш як па рашэньню Генпракурора, што гарантуецца дэпутатам вышэйшага заканадаўчага воргану) – сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік адказаў:

Лазавік: “Ніякай недатыкальнасьці кандыдатам у прэзыдэнты закон не дае. Яны адказныя перад законам як і звычайныя грамадзяне. Адзінае, іх ня могуць у пэрыяд выбарчай кампаніі звольніць з працы, і ў часе агітацыйнай кампаніі яны могуць узяць адпачынак”.

Як патлумачыў Мікалай Лазавік, зьменшаны аб’ём імунітэту і для дэпутатаў. Так, калі раней дэпутат мясцовага савета мог быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці толькі са згоды сэсіі савету, дык зараз дзеля гэтага дастаткова рашэньня пракурора адпаведнай тэрытарыяльнай адзінкі. Падобны прынцып дзейнічае і для дэпутатаў вышэйшага заканадаўчага воргану – для прыцягненьня да адказнасьці дэпутата Рады рэспублікі альбо Палаты прадстаўнікоў дастаткова рашэньне Генэральнага пракурора.

Як нагадала Радыё Свабода Раіса Міхайлоўская, супрацоўніца выбарчага штабу Уладзімера Някляева, на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах былі прыклады прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці і нават прымяненьня сілы да кандыдата. Так, 2 сакавіка 2006 года кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін быў зьбіты пры спробе прайсьці на “усебеларускі сход”, у дачыненьні да яго былі ўзбуджаныя дзьве крымінальныя справы ў часе выбарчай кампаніі.

Пры прэзыдэнцтве Аляксандра Лукашэнкі парушаліся правы асобаў, якім закон гарантаваў недатыкальнасьць– так, у красавіку 1995 года былі зьбітыя дэпутаты Вярхоўнага Савета, у жніўні таго ж году дэпутат ВС і лідэр рабочага руху Сяргей Антончык быў захоплены спэцслужбамі і некалькі сутак утрымліваўся на тэрыторыі вайсковай часткі. Адказнасьці за гэтыя дзеяньні ніхто не панёс.

З цяпер зарэгістраваных кандыдатаў у прэзыдэнты недатыкальнасьцю валодае толькі Аляксандар Лукашэнка – як дзейны прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG