Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адклала разьмяшчэньне эўрабондаў у Расеі


Беларусь перанесла пачатак разьмяшчэньня ў Расеі першага 7-мільярднага траншу рублёвых дзяржаблігацый на неакрэсьлены тэрмін.

Пра гэта гаворыцца ў матэрыялах Міністэрства фінансаў, паведамляе РИА Новости.

Раней плянавалася іх разьмясьціць 25 лістапада.

Беларусь заяўляла пра намер разьмясьціць у Расеі выпуск двухгадовых рублёвых эўрабондаў у аб'ёме да 15 мільярдаў рублёў.

Кніга заявак на першы транш выпуску на 7 мільярдаў рублёў была адкрыта 10 лістапада. Паводле першага намесьніка міністра фінансаў Беларусі Ўладзімера Амарына, у выпадку пасьпяховага разьмяшчэньня першага траншу Менск можа да канца году разьмясьціць у Расеі другі транш гэтага выпуску на 8 мільярдаў рублёў.

Фэдэральная служба Расеі па фінансавых рынках 9 лістапада зарэгістравала праспэкт і дапусьціла да публічнага разьмяшчэньня і абарачэньня ў Расеі неканвэртаваныя працэнтныя дакумэнтарныя дзяржаўныя аблігацыі Беларусі першай і другой сэрый, якія плянуецца разьмясьціць па адкрытай падпісцы.

Арганізатарам выпускаў аблігацый выступае Ашчадны банк Расеі.
XS
SM
MD
LG