Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Карбалевіч: Улада спрабуе дыскрэдытаваць саму ідэю альтэрнатывы


Аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч аналізуе выступы кандыдатаў на прэзыдэнта Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса.

Выступ Міколы Статкевіча быў вельмі цікавым і адрозным ад выступаў іншых кандыдатаў у прэзыдэнты. Ён выступаў на расейскай мове, праўда ў сярэдзіне была невялікая ўстаўка на беларускай, дзе ён казаў пра сваю канструктыўную праграму. Але ў асноўным казаў на расейскай мове. Яго адрозьненьне ад іншых кандыдатаў у тым, што ён выступаў рэзка і радыкальна. Ён найбольш рэзка казаў пра ўсе тыя язвы беларускага грамадзтва, што існуюць у цяперашняй сацыяльнай мадэлі. І найбольш – пра фальсыфікацыі падчас выбраў. Пра тое, што грамадзтва ня мае магчымасьці выбіраць прэзыдэнта. Казаў пра тое, што гэта адбіваецца на эканоміцы краіны, казаў пра сацыяльныя праблемы пэнсіянэраў, моладзі, пра вялікую міграцыю з краіны. Прычым, ён казаў вельмі проста, прастой мовай, тлумачыў на простых прыкладах, што падаецца таксама вельмі важна для абываталя.

Канструктыўная праграма ў яго была вельмі кароткая, невялікая і на ёй ён асабліва не акцэнтаваў увагу. Ён сказаў, што не зьбіраецца ўдзельнічаць у якасьці дэкарацыі ў цяперашніх выбарах, вынік якіх вядомы загадзя. Але ён так і не растлумачыў, што ж трэба рабіць. Адзіная прапанова, адзіны заклік, які ў яго быў – гэта прыйсьці заўтра на Кастрычніцкую плошчу.

Вялікага запалу ў прапановам бракуе. Магчыма, у такім сюжэце ў такім сцэнары выступу і ёсьць пэўнае рацыянальнае зерне, але ўсё ж такі хацелася б, каб ён патлумачыў, што трэба рабіць. Тое, што ня трэба прыходзіць на датэрміновае галасаваньне, тое, што пажадана кантраляваць выбарчыя камісіі, – гэта добра, але гэта не вырашае радыкальна беларускую праблему.

Што да выступу кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса, то цяжка камэнтаваць гэты выступ. Таму ён чытаў манатонным голасам, нават запінаўся і зьбіваўся. Выступ цягнуўся недзе хвілін 7-8. Ён казаў пра балючыя праблемы. А насамрэч гэты кандыдат выглядае як нейкая недарэчнасьць. Таму што ён – абсалютна непублічны палітык. І мне падаецца, што запускаючы на публічную арэну такіх пэрсанажаў, улада штучна спрабуе дыскрэдытаваць саму ідэю альтэрнатывы, саму ідэю апанэнтаў Лукашэнкі. І мне падаецца, што гэта сапраўды дыскрэдытацыя кандыдатаў у прэзыдэнты.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG