Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчымыя сцэнары агітацыйнай кампаніі


Удзельнікі: палітык і грамадзкі дзеяч Аляксандар Дабравольскі і намесьнік галоўнага рэдактара «Белгазеты» Віктар Марціновіч.

Аляксандар Дабравольскі
Віктар Марціновіч
Валер Карбалевіч


Чаму ўлады зарэгістравалі ўсіх апазыцыйных кандыдатаў?


Валер Карбалевіч: «Улады зарэгістравалі дзесяць кандыдатаў, тым самым паставіўшы рэкорд прэзыдэнцкіх выбарчых кампаній у Беларусі. Чаму? Можна, вядома, спаслацца на тое, што столькі прэтэндэнтаў сабрала неабходныя 100 тысяч подпісаў. Але падаецца, тут улады дзейнічалі ня толькі з гледзішча выбарчай працэдуры, але і з палітычнай мэтазгоднасьці. У чым сутнасьць сцэнару ўладаў на гэтых выбарах?»

Аляксандар Дабравольскі: «Хоць цяпер подпісы зьбіраліся лягчэй, але трэба глядзець праўдзе ў вочы: у рэальнасьці подпісы сабралі 3-4 апазыцыйныя кандыдаты. Хто ня верыць, няхай пагаворыць са зборшчыкамі подпісаў, якія ведаюць рэальную карціну.

Але ўлады вырашылі, што чым больш будзе кандыдатаў, тым лепш. Таму выбарчыя камісіі заплюшчылі вочы на якасьць подпісаў. Таму што ўлады хочуць выдаць гэтыя выбары за дэмакратычныя. І зь іншага боку, шмат кандыдатаў размывае апазыцыйны электарат. Выбаршчык, які вымушаны будзе выбіраць зь дзесяці, разгубіцца. І гэта выгадна ўладам».

Віктар Марціновіч: «Улады гуляюць на тым, што апазыцыя ня можа дамовіцца, вылучыць адзінага кандыдата. Дзевяць апанэнтаў Лукашэнкі будуць уяўляць безыменную масу. Паспрабуйце ў адвольным парадку запомніць дзевяць невядомых прозьвішчаў. Таму іх і дапусьцілі».

Якія сцэнарыі мае апазыцыя?


Карбалевіч: «Гледзячы па ўсім, у апазыцыйных кандыдатаў няма адзінага сцэнару і нават няма каардынацыі дзейнасьці. Мусіць, у кожнага кандыдата ён свой. Некаторыя кажуць, што апазыцыя фактычна ўдзельнічае ў сцэнары ўладаў у якасьці масоўкі, дэмакратычнай дэкарацыі. Ці хтосьці можа паламаць гэты сцэнар? Ці ёсьць сярод кандыдатаў новы Казулін?

Дабравольскі: «Ня толькі ўлады папрацавалі на тое, каб разбурыць адзінства апазыцыі, але і дэмакратычныя лідэры. У выніку няма адзінства, няма і адзінага сцэнару. Я ня ўпэўнены, што нават у кожнага кандыдата ёсьць свой сцэнар. Кандыдаты, выступаючы па радыё і тэлевізіі, будуць крытыкаваць уладу. Але вылучыцца ў гэтым хоры будзе цяжка».

Карбалевіч: «А ці не пачнуць апазыцыйныя кандыдаты лаяцца між сабою, змагаючыся за пасаду лепшага палітыка сярод апазыцыі?»

Дабравольскі: «Ёсьць такая спакуса. Але думаю, самыя моцныя кандыдаты (Някляеў, Саньнікаў, Раманчук) знойдуць у сабе сілы не рабіць гэтага».
Зьнік той сацыяльны слой, на якую раней абапіралася апазыцыя. Гэта рэвалюцыйная моладзь.

Марціновіч: «Усім зразумела, што Ярмошына агучыць перамогу Лукашэнкі ў першым туры. Магчыма, апазыцыя зможа рэалізаваць сцэнар аспрэчваньня гэтых вынікаў, заклікаць людзей на плошчу, каб ажыцьцявіць грамадзкі кантроль за падлікам галасоў. Гэта добрая плятформа для аб’яднаньня».

Карбалевіч: «То бок, Плошча — гэта галоўны інструмэнт апазыцыі, які павінен паламаць сцэнар уладаў. Але Плошча можа стаць моцным чыньнікам уплыву толькі пры ўмове моцнай выбарчай кампаніі».

Марціновіч: «Цяпер апазыцыі бракуе пэўнай энэргетыкі, якая была ў 2006 годзе. Яе адсутнасьць я тлумачу тым, што зьнік той сацыяльны слой, на якую раней абапіралася апазыцыя. Гэта рэвалюцыйная моладзь. Я працую з моладзьдзю і бачу, што яна фантастычна пасіўная. Гэтыя маладыя людзі вырасьлі пры Лукашэнку і мысьляць па-іншаму. Але выбары могуць разварушыць грамадзтва».

Ці ёсьць у кандыдатаў пазнавальныя вобразы?


Карбалевіч: «Прайшоў этап збору подпісаў. Сябры ініцыятыўных групаў неяк прэзэнтавалі сваіх кандыдатаў. Яны давалі шматлікія інтэрвію ў незалежных мэдыях. Наколькі пазнавальныя кандыдаты для простага выбаршчыка? Ці ёсьць нейкія яркія вобразы? Ці ўсе яны на адзін твар?»

Дабравольскі: «У трох кандыдатаў ёсьць пэўныя вобразы. Някляеў — гэта чалавек, на вершы якога існуе шмат песень, іх сьпяваюць нават за сталом. Саньнікаў — спэцыяліст у замежнай палітыцы. Раманчук — адзіны эканаміст сярод кандыдатаў, які мае падрыхтаваную эканамічную праграму. Можна казаць пра вобраз Статкевіча як змагара, але змагара за што?

Але пра вобраз можна казаць толькі тады, калі будзе добрая пазнавальнасьць. Цяпер яна нізкая. Адна з прычын гэтага — вялікая колькасьць кандыдатаў.

Трэба, каб кандыдаты паставілі перад грамадзтвам праблему: вашы галасы ня лічацца, значыць, вас не паважаюць. Трэба прымусіць уладу вас паважаць».

Марціновіч: «Згодны, што цяпер бачны тры палітыкі, а астатнія — шэрая маса. Але ёсьць праблемы і ў гэтых палітыкаў. Я быў на сустрэчы з Някляевым і бачыў, што ён паводзіць сябе як заслужаны дзеяч культуры. Кандыдат натхнёна расказвае, як ён працаваў у часопісе „Крыніца“. Ён не адчувае сябе палітыкам.

Саньнікаў набыў моцную энэргетыку, стаў заўважным з-за сваёй радыкальнасьці. Але ёсьць мінус. Ён і яго каманда пагражаюць і абражаюць, і крыўдуюць на журналістаў і палітыкаў. Мяне гэта пужае. Каб стаць моцным, трэба ўмець кансалідаваць вакол сябе.

А Раманчуку бракуе пэўнага дзяржаўнага мысьленьня. Ён паводзіць сябе як блогер, хуліган, як тэлевізійны крытык эканамічнай праграмы ўраду. Яму не хапае рэспэктабэльнасьці».

Дабравольскі: «Праблема ў тым, што апазыцыйныя палітыкі былі выціснуты з палітычнай прасторы, з сфэры прыняцьця палітычных рашэньняў. Сапраўды, Раманчук часам паводзіць сябе як экспэрт. Тое ж можна сказаць і пра Саньнікава».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG