Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыса Хамайду нечакана выпусьцілі з-пад арышту


Барыс Хамайда (справа) і сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў на пікеце 22 лістапада

Барыс Хамайда (справа) і сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў на пікеце 22 лістапада

Пасьля таго, як учора яму прысудзілі 5 сутак зьняволеньня за арганізацыю пікету з заклікам байкатаваць выбары, рашэньне Чыгуначнага райсуду апратэставала пракуратура. Віцебскі апазыцыянэр кажа, што сам у пракуратуру не зьвяртаўся.

Паводле Барыса Хамайды, вызваленьне з-пад арышту было нечаканым: да яго прыйшлі супрацоўнікі ізалятару часовага ўтрыманьня, дзе ён адбываў пакараньне, ды зачыталі пастанову абласнога суду. З гэтага дакумэнту ён зразумеў, што абласная пракуратура па ўласнай ініцыятыве апратэставала ўчорашняе рашэньне судзьдзі Чыгуначнага райсуду Алены Цыганковай. І абласны суд прызнаў, што пяць сутак арышту — гэта неадпаведнае пакараньне за арганізацыю і правядзеньне несанкцыянаванага пікету.

Нагадаем, што ўчора сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў і беспартыйны апазыцыянэр Барыс Хамайда выйшлі ў цэнтар Віцебску з плякатамі «Толькі байкот» і «Удзел у выбарчым фарсе — гэта здрада Радзіме». Празь дзьве гадзіны іх затрымалі і завезьлі спачатку ў пастарунак, дзе склалі пратакол за адміністрацыйнае правапарушэньне паводле артыкула 23.34, а потым пад аховай даставілі ў суд. Судзьдзя Алена Цыганкова прысудзіла Яну Дзяржаўцаву 350 тысяч штрафу, а Барысу Хамайду — 5 сутак арышту.

Спадар Хамайда сваё нечаканае вызваленьне тлумачыць так:

«Улады імкнуцца давесьці, што выбары праходзяць легітымна. Наша пакараньне стала памылкай „агульнадзяржаўнага маштабу“, бо судзьдзя „перастаралася“, не зразумеўшы, што трэба дэманстраваць усебаковую ляяльнасьць падчас агітацыйнай кампаніі. Маё меркаваньне пра неабходнасьць байкоту пацьвердзілася яшчэ раз: улады імкнуцца паказаць, што Лукашэнка абраны легітымна, а ў тым, што ён будзе абраны большасьцю галасоў, я сумненьняў ня маю — гэты сцэнар ужо адшліфаваны да дробязяў, і перашкодзіць яго выкананьню можа толькі байкот».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG