Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бакіева вінавацяць у масавых забойствах


Экс-прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў абвінавачваецца ў службовых злачынствах і саўдзеле ў масавых забойствах, заявіў сёньня прадстаўнік абвінавачаньня на судовым працэсе ў Бішкеку.

На ім разглядаецца справа аб масавым расстрэле мітынгоўцаў падчас падзеяў у красавіку гэтага году, якія прывялі да скіданьня Бакіева.

Суд над былымі кіраўнікамі краіны, абвінавачанымі новай уладай у масавых забойствах, спалучаных з перавышэньнем службовых паўнамоцтваў, праходзіць у Палацы спорту сталіцы Кіргізстану. Абвінавачанымі па справе праходзяць 28 чалавек. Шасьцёра, у тым ліку экс-прэзыдэнт Бакіеў, яго малодшы і старэйшы браты Жаныбек і Марат Бакіевы, а таксама былыя кіраўнік службы нацыянальнай бясьпекі Мурат Суталінаў, прэм'ер-міністар Даніяр Усенаў, камандзір спэцназу службы аховы МУС Эсэнбай Байыш, знаходзяцца за межамі краіны і абвінавачаныя завочна.

Паводле матэрыялаў справы, Бакіеў абвінавачваецца ў тым, што разам са сваімі паплечнікамі і сваякамі, прызначанымі на высокія пасады ў дзяржаве з мэтай ўзурпацыі ўлады, аддаў у красавіку 2010 году загад аб расстрэле мітынгоўцаў на цэнтральнай плошчы Бішкеку ля будынка ўраду. У выніку чаго загінулі 77 чалавек, з іх двое непаўналетніх.

Арганізатарам масавых забойстваў мітынгоўцаў, паводле вэрсіі сьледзтва, быў малодшы брат экс-прэзыдэнта Жаныбек Бакіеў, які ўзначальваў Службу дзяржаўнай аховы краіны.

Сьледзтва сьцьвярджае, што менавіта Жаныбек Бакіеў "аддаваў незаконныя загады па рацыі" снайпэрам аб вядзеньні прыцэльнага агню па бяззбройных грамадзянах і "ажыцьцяўляў агульнае кіраўніцтва снайпэрскімі групамі".

7 красавіка натоўп мітынгоўцаў захапіў будынак ураду Кіргізіі, які абаранялі супрацоўнікі Службы дзяржаўнай аховы краіны і байцы спэцпадразьдзяленьня "Альфа" службы нацыянальнай бясьпекі. Пры штурме будынку на цэнтральнай плошчы Бішкека, а таксама падчас беспарадкаў у сталіцы, загінулі каля 90 чалавек і 1,5 тысячы атрымалі раненьні. Улада перайшла ў рукі часовага кааліцыйнага ўраду, які складаецца з лідэраў апазыцыйных партый. Былы прэзыдэнт Бакіеў пакінуў краіну і знайшоў прытулак у Беларусі.

Былы прэзыдэнт Бакіеў таксама абвінавачваецца ў стварэньні антыканстытуцыйных дзяржаўных органаў і структур, такіх як Цэнтральнае агенцтва па інвэстыцыях і інавацыях пры прэзыдэнце, якое ўзначальваў яго малодшы сын Максім.

Таксама Бакіеў абвінавачваецца ў тым, што ў сакавіку 2002 года, калі ён быў кіраўніком ураду, ён прыняў рашэньне аб правядзеньні сілавых спэцапэрацый супраць удзельнікаў мітынгу ў Аксыйскім раёне Джалал-Абадзкай вобласьці рэспублікі, што прывяло да гібелі шасьці чалавек.
XS
SM
MD
LG