Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпэтыцыя дэмсілаў


Дэмакратычныя кандыдаты на пасаду прэзыдэнта заявілі аб правядзеньні сустрэчы з выбарнікамі на Кастрычніцкай плошчы Менску ўвечары 24 лістапада. Імпрэза прымеркаваная да гадавіны канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году, у выніку якога Аляксандар Лукашэнка падоўжыў тэрмін прэзыдэнцтва, а таксама істотна пашырыў свае ўладныя паўнамоцтвы. Міністэрства ўнутраных спраў і Цэнтравыбаркам папярэдзілі пра адказнасьць за правядзеньне заяўленай акцыі.

Кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў заявіла пра незаконнасьць акцыі, якую плянуюць правесьці на Кастрычніцкай плошчы дэмакратычныя кандыдаты. Гаворыць прэсавы сакратар менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі:
удзельнікі могуць быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай, а пры пэўных умовах і крымінальнай адказнасьці ...

"Начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі выказаўся, што гэтая імпрэза парушае дзейнае заканадаўства ў галіне правядзеньня масавых імпрэзаў. Адпаведна, ягоныя арганізатары і ўдзельнікі могуць быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай, а пры пэўных умовах і крымінальнай адказнасьці. На гэтую ж тэму выказаўся таксама намесьнік міністра ўнутраных спраў Яўген Полудзень, што на Кастрычніцкай плошчы забаронена праводзіць імпрэзы, за выключэньнем тых, якія ўзгадняе Савет міністраў".

Тым ня менш, выступаючы на першым канале БТ, кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі заклікаў выбарнікаў прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу Менску. На ягоны заклік адрэагавала Генэральная пракуратура Беларусі, паведаміў "Свабодзе" Віталь Рымашэўскі:

Віталь Рымашэўскі
"З нагоды майго выступу тэлефанаваў намесьнік Генэральнага пракурора Радзівонаў і вельмі прасіў пра сустрэчу. Але я лічу, што гэта абсалютна незаконныя патрабаваньні: чамусьці масавыя гуляньні там праводзіць можна, калі там бываюць тысячы людзей і можна спойваць людзей на гэтай плошчы, а сустракацца з выбарнікамі нельга. Мы маем права сустракацца зь людзьмі на Кастрычніцкай плошчы, тым больш падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. І давайце не ўчыняць цырку — такі мой заклік да ўладаў: калі гэта сур'ёзная кампанія, то давайце і ставіцца да яе па-сур'ёзнаму".

Пра адказнасьць за магчымую сустрэчу з выбарнікамі на Кастрычніцкай плошчы Менску заяўляе таксама Цэнтральная выбарчая камісія. У прыватнасьці, вось што паведаміў "Свабодзе" сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

Мікалай Лазавік
"Натуральна, што мы не абыякавыя да таго, што адбываецца. Тым больш што вызначана гэтулькі месцаў для правядзеньня перадвыбарчых імпрэзаў! Выключаны толькі чатыры плошчы, а па сутнасьці — па ўсім горадзе, дзе толькі хочаш, праводзь мерапрыемствы. Не, абавязкова трэба справакаваць парушэньне выбарчага заканадаўства і ўвогуле адміністрацыйнага заканадаўства. Ну што ж — значыць, людзі на гэта ідуць сьвядома. Значыць, яны ведаюць, якая ім пагражае небясьпека. А з боку Цэнтравыбаркаму ёсьць толькі дзьве санкцыі: папярэджаньне і адмена рашэньня аб рэгістрацыі".

Кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч анічога не сказаў пра сваё стаўленьне да сустрэчы з выбарнікамі 24 лістапада. Кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў плянуе ўдзельнічаць у ёй часткова — у зьвязку з выступам на БТ. Яшчэ адзін кандыдат у прэзыдэнты, старшыня БСДП (Народная грамада) Мікола Статкевіч плянуе браць паўнавартасны ўдзел у сустрэчы, не зважаючы на папярэджаньні:

Алесь Міхалевіч
"У недэмакратычнай краіне дамагчыся дэмакратыі законнымі сродкамі немагчыма. Думаю, ня варта чакаць, пакуль улады звараць сваю "сякеру" ізноў. Трэба ціснуць зараз і спрабаваць нешта зрабіць зараз. Інакш 19 сьнежня будзем ужо стаяць перад фактам".

Сустрэчу з выбарнікамі 24 лістапада на Кастрычніцкай плошчы Менску лідэры моладзевых палітычных партый называюць галоўнай рэпэтыцыяй дэмакратычных сілаў перад выхадам на плошчу 19 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG