Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРСМ супраць апазыцыйных кандыдатаў цяпер не задзейнічалі


На перадвыбарчыя пікеты дазвол уладаў цяпер не патрабуецца

На перадвыбарчыя пікеты дазвол уладаў цяпер не патрабуецца

Кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі распачалі агітацыйную кампанію ў рэгіёнах. На правакацыі і перашкоды з боку ўладаў і праўладных арганізацыяў, як гэта было ў часе выбараў 2006 году, яны пакуль ня скардзяцца.

У 2006 годзе ў Кобрыне адзінага кандыдата на прэзыдэнта ад апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча ўлады сустрэлі няветліва. Для перадвыбарчага сходу яму прапанавалі малую залю на ўскрайку гораду, у якую не змаглі трапіць усе ахвотныя, а самой сустрэчы перашкаджала група маладзёнаў з БРСМ. Сёлета кандыдат на прэзыдэнта ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук атрымаў у сваё распараджэньне шыкоўную залю Палаца культуры ў самым цэнтры Кобрына.

Раманчуку ў Кобрыне далі найлепшую залю гораду — Палац культуры

На пікеты за Раманчука ў людных месцах гораду міліцыянты не зьвярталі ніякай увагі — пры тым, што 5 гадоў таму яны кіраваліся прынцыпам "больш за трох не зьбірацца", калі гэта не санкцыянавана ўладамі. Відавочны прагрэс і лібэралізацыя ў параўнаньні з выбарамі 2006 году, — прызнае Яраслаў Раманчук, які першым з кандыдатаў актыўна распачаў паездкі па рэгіёнах:

"Умовы, вядома, цяпер лепшыя. Вось мы стаім тут, ніякіх дазволаў ня трэба. Ветліва ставяцца да мяне ў ВНУ. Вось мы былі ў Берасьцейскім унівэрсытэце, куды ў мінулую кампанію Мілінкевіча ўвогуле не пусьцілі на парог, а я хадзіў да рэктара, раздаваў свае кніжкі студэнтам... Так што сёньня лепшыя ўмовы і больш цікавасьці да таго, што мы прапануем. Сытуацыя больш адкрытая і больш аптымістычная".

Перашкодаў для сустрэчаў з выбарцамі з боку актывістаў БРСМ і прадстаўнікоў вэртыкалі на гэтых выбарах, у адрозьненьне ад папярэдняй кампаніі, няма. Традыцыйна хіба што на перадвыбарчыя сходы прыходзяць чыноўнікі ад ідэалёгіі і задаюць кандыдату нязручныя пытаньні.

Улёткі апазыцыйных кандыдатаў на выгодных месцах ніхто не чапае


На першых сходах на Берасьцейшчыне пакуль не назіралася ажыятажу сярод выбарцаў, як гэта было ў 2006 годзе. Магчыма, гэта таму, што агітацыйная кампанія толькі пачалася, прызнае спадар Раманчук.

Але лібэралізацыя ў стаўленьні да прыежджых кандыдатаў — гэта толькі фармальная прыкмета, па сутнасьці ж уплыў уладаў на грамадзтва ў правінцыі не памяняўся, кажа давераная асоба Раманчука Алег Корбан, які браў удзел і ў прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году:

Давераная асоба Раманчука Алег Корбан
"У Менску, ва ўсялякім выпадку, людзі сталі меней баяцца. Яны бачаць такі пэўны дазвол улады на дзейнасьць апазыцыі і сябе больш рашуча паводзяць. Да рэгіёнаў, як бачна, гэта яшчэ не зусім даходзіць. Няма такой актыўнасьці, яшчэ ёсьць страх, ад якога грамадзтва ў рэгіёнах яшчэ не пазбавілася".

На перадвыбарчы сход Яраслава Раманчука ў Кобрыне прыйшлі збольшага пэнсіянэры. Людзі, якія працуюць, баяцца ісьці на сустрэчу з апазыцыяй, бо думаюць, што могуць страціць працу, як гэта сталася з Аляксандрам Мехам, кажа мясцовы актывіст Раман Даніловіч:

"І звольніць могуць, і кантракт не падоўжыць. Можа здарыцца што заўгодна".

Сам спадар Даніловіч у 2007 годзе браў удзел у мясцовых выбарах як незалежны кандыдат. Ён кажа, што дагэтуль многія ягоныя знаёмцы баяцца нават зь ім размаўляць.

У правінцыі, апрача большай залежнасьці людзей ад улады, мацней укараніліся і ідэалягічныя стэрэатыпы. Жыхарка Кобрына гаворыць зь Яраславам Раманчуком:

Пэнсіянэрка:
"Я толькі за Лукашэнку".

Раманчук: "А чаму?"

Пэнсіянэрка: "Таму што пэнсію дадаў, выдае своечасова. Слава Богу, мір у нас ёсьць, грашыць няма чаго. Зараз ён вывеў і надалей будзе весьці. Яшчэ пэнсію дадасьць…"

Раманчук: "Вы, як мая маці, кажаце, што ён вам пэнсію плаціць. Вы самі за сваё жыцьцё зарабілі пэнсіі на 75 тысяч даляраў… Гэта ня ён вам дае, не любы іншы прэзыдэнт, гэта вы атрымліваеце свае грошы…"

Яраслаў Раманчук агітуе жыхароў Кобрына

У канцы размовы з прыхільніцай Лукашэнкі Яраславу Раманчуку нібыта ўдаецца пераканаць яе. Але такіх размоў трэба правесьці мільёны, кажа спадар Раманчук. Менавіта таму ягоная агітацыйная кампанія мае назву "Мільён поціскаў рук".


Новы сябра АГП Захар Міхалкін
Выбарчая кампанія 2010 году, як і папярэдняя, паклікала ў палітыку новых маладых актывістаў. Адзін зь іх — давераная асоба Раманчука Захар Міхалкін:

"Я задаволены, што я стаў сябрам АГП, і бачу сябе ў будучым як прадуктыўнага дзеяча. Я хачу нешта памяняць у гэтай краіне, таму што таталітарны рэжым, які тут зараз квітнее, — я зь ім ня згодны і буду рабіць усё, што ад мяне патрабуецца, і ўсё, што я змагу, каб гэтага не было".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG