Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Саньнікаў: Буду настойваць на сапраўдным расьсьледаваньні


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў
Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Андрэй Саньнікаў пракамэнтаваў высновы экспэртаў АБСЭ, якія пагадзіліся з афіцыйнай вэрсіяй пра самагубства журналіста "Хартыі-97" Алега Бябеніна.

"Яны пагадзіліся з тым, што было ў паперах, але не расьсьледавалі саму справу, не вывучалі іншыя вэрсіі. Мяркую, гэта ўдзел у нейкіх гульнях, а не сапраўдная экспэртыза. Што яны ў выніку пацьвердзілі? Тое, што сьмерць адбылася праз павешаньне. Але мы гэтага і не адмаўлялі. А вось тое, самагубства гэта ці не самагубства, засталося пытаньнем. Шмат на якія дэталі зьвярталі ўвагу экспэртаў, але чамусьці гэта не было адлюстравана ў іх справаздачы. Мы ведаем, што крымінальную справу не завялі, але ж мы ведаем выказваньні Лукашэнкі адносна справы, ведаем, што праверка працягнутая, і таму будзем настойваць на сапраўдным расьсьледаваньні".

Два незалежныя судова-мэдычныя экспэрты АБСЭ, якія дасьледавалі справу сьмерці беларускага журналіста Алега Бябеніна, сьцьвердзілі, што прычынай ягонай сьмерці было самагубства праз павешаньне.

Мандат, які атрымалі экспэрты на працу ў Беларусі, не дазваляў ім правесьці асобнае расьсьледаваньне, а толькі праверыць і ацаніць матэрыялы расьсьледаваньня, праведзенага беларускім бокам.

Заснавальнік сайту "Хартыя-97" Алег Бябенін быў знойдзены ў пятлі на сваім лецішчы 3 верасьня. Людзі, якія бачылі цела Бябеніна, кажуць пра падазроны вывіх нагі, драпіны і плямы на руках і целе нябожчыка. Аднак у заключэньні афіцыйнай экспэртызы сказана, што сьлядоў зьнешняга ўзьдзеяньня не было.

25—29 кастрычніка Менск наведалі экспэрты-крыміналісты АБСЭ, якія дасьледавалі матэрыялы праверкі па факце сьмерці Бябеніна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG