Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Лаўрову і Лукашэнку няма пра што размаўляць”


Прычыны, па якіх не адбылася сустрэча А.Лукашэнкі зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым мы папрасілі пракамэнтаваць палітоляга, рэдактара часопісу "Россия в глобальной политике" Фёдара Лук'янава.

Дракахруст: Паступаюць супярэчлівыя зьвесткі наконт таго, чаму падчас візыту ў Менск кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова не адбылася яго сустрэча з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. "Коммерсант" піша, што не захацеў Лукашэнка, паводле РИА-Новости прэзыдэнт РФ Д. Мядзьведзеў забараніў Лаўрову сустракацца з Лукашэнкам. А як мяркуеце Вы - ў чым прычына?

Лук'янаў: У прынцыпе гэта ня мае асаблівага значэньня. Нават калі б яны раптам сустрэліся, ім асабліва не было б пра што размаўляць. Бо пасьля вядомага звароту прэзыдэнта Мядзьведзева і заяваў у адказ прэзыдэнта Лукашэнкі ня бачна ніякага прасьвету. І ён наўрад ці можа зьявіцца да выбараў. Зразумела, чым яны скончацца, але гэта нейкая мяжа, якая дазваляе ня тое што перагарнуць старонку – гэта як раз наўрад ці, але будаваць нейкі новы тып палітыкі. Да выбараў гэта рабіць бессэнсоўна.

Так што сустрэча не адбылася, і абодва бакі гэтым задаволеныя, бо сказаць адзін аднаму няма чаго.

Дракахруст: Як вы мяркуеце, як Расея будзе дзейнічаць падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі? Ці можа зараз, пасьля рэгістрацыі, сказаць пра некага -- гэта наш кандыдат?

Лук'янаў: Ні ў якім выпадку. Масква ні пра каго ня скажа, што гэта наш кандыдат. Таму што яго няма, калі сур'ёзна глядзець. Масква, якая б я на ні была, гэта вялікая дзяржава, і калі і можа падтрымліваць нейкага кандыдата, дык толькі такога, ў якога ёсьць рэальныя шанцы на нешта. У дадзеным выпадку такіх людзей няма ў прынцыпе, і гэта было б безадказна і па-вар'яцку некага падтрымліваць. Па-другое, яшчэ пытаньне -- ці дадало б яму гэта галасоў. Бо калі Расея адзіны раз адкрыта падтрымала кандыдата -- спадара Януковіча ў 2004 годзе -- вядома, чым гэта скончылася. Так што калі б нават такі кандыдат быў, можа Маскве было б лепш максымальна дыстанцыявацца ад яго. Але паколькі яго няма, то і гаварыць няма пра што.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG