Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З чым прыехаў у Менск Лаўроў?


Сяргей Лаўроў

Сяргей Лаўроў

У Менску знаходзіцца міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. 23 лістапада ён правядзе сустрэчу з сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым.

Афіцыйная падстава для візыту Сяргея Лаўрова — удзел у сумесным паседжаньні калегіяў двух міністэрстваў: беларускага і расейскага. Такое мерапрыемства праводзіцца традыцыйна напрыканцы кожнага году па чарзе: то ў Маскве, то ў Менску.

Гэту мэту прыезду кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Расеі пацьвердзіў у размове са "Свабодай" і прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

"Расейская дэлегацыя на чале зь міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым прыбывае ў Менск для ўдзелу ў сумесным паседжаньні. Падчас яго сябры дзьвюх калегіяў разгледзяць пытаньні, якія зьвязаныя зь дзейнасьцю міжурадавых інтэграцыйных аб'яднаньняў на абшарах СНД. Яны таксама абмяркуюць праблематыку дачыненьняў з Эўразьвязам і хаду падрыхтоўкі да саміту АБСЭ".

Андрэй Фёдараў
Сёньня ж у Брусэлі праходзіць сустрэча міністраў замежных спраў Эўразьвязу. На ёй з падачы кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Польшчы Радаслава Сікорскага будзе абмяркоўвацца і беларускае пытаньне. Таму запрашэньне наведаць палітычную сталіцу Эўропы атрымаў і Сяргей Мартынаў. Такім чынам у яго быў выбар паміж Брусэлем і Менскам. Спадар Мартынаў вырашыў застацца дома, а ў Брусэль, паводле Андрэя Савіных, зьбіраўся ягоны намесьнік — Валеры Варанецкі.

Палітоляг Андрэй Фёдараў так тлумачыць такі выбар беларускага міністра:

"Мне падаецца, што Сяргей Мартынаў вырашыў застацца ў Менску і сустрэцца з расейскім калегам з-за таго, што на сёньняшні дзень Расея для Беларусі зьяўляецца больш важным партнэрам увогуле. Найперш, у эканамічным сэнсе.

А па-другое, няма, мабыць, упэўненасьці, што ў Брусэлі будуць прынятыя радыкальныя рашэньні. У той час як у Менску ў сёньняшніх абставінах можа адбыцца нешта вельмі важнае".

Я спытаў палітоляга: ці можа гэтым разам візыт расейскага міністра выйсьці за межы фармальнага абмеркаваньня супольных дзеяньняў двух міністэрстваў?

"Мяркую, што так. Цяжка ўявіць, што Аляксандар Лукашэнка не захоча сустрэцца з маскоўскім пасланьнікам. Не выключаю, што Лаўроў вязе нейкія прапановы беларускім уладам. Мы ведаем, што двухбаковыя стасункі, асабліва на асабістым узроўні, далёкія ад ідэальных. Можа, тут будзе нейкая прапанова па іх паляпшэньню. Наўрад ці гэта проста фармальная сустрэча. Я мяркую, што будуць больш істотныя перамовы ісьці".
XS
SM
MD
LG