Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Воршы пачаліся імпрэзы да 80-х угодкаў Уладзімера Караткевіча


Уладзімер Караткевіч

Уладзімер Караткевіч

Вядомы беларускі пісьменьнік нарадзіўся 26 лістапада 1930 году, і ў Воршы, на яго малой радзіме, традыцыйна адзначаюцца кожныя ўгодкі славутага земляка. Сёлета, у гонар 80-гадовага юбілею, імпрэзы, прысьвечаныя Ўладзімеру Караткевічу, будуць праходзіць некалькі дзён запар, з 23 да 28 лістапада.

Юбілейныя імпрэзы ў памяць пісьменьніка-земляка рыхтуюць і гарадзкі аддзел культуры, і мясцовая пісьменьніцкая суполка, і музэйны комплекс “Гісторыя і культура Аршаншчыны”, і ўласна аршанскі Музэй Уладзімера Караткевіча. Дырэктарка музэю Галіна Юркевіч распавяла, што першыя імпрэзы ў Воршы адбудуцца ўжо сёньня:

"23 лістапада будзе прэзэнтацыя відэафільму “З Уладзімерам Караткевічам ад Воршы да Рагачова”, падвядзеньне вынікаў літаратурных і мастацкіх конкурсаў, якія праводзілі дзіцячая бібліятэка і школа мастацтваў. Узнагароджаньне будзе ў нас. А 25 лістапада будзе прэзэнтацыя кнігі казак Караткевіча “Лебядзіны скіт”, ілюстрацыі да якой зрабіў Мікола Купава".
Галіна Юркевіч

Большая частка мерапрыемстваў прымеркавана да 26 лістапада — уласна да дня народзінаў Уладзімера Караткевіча, падкрэсьлівае дырэктарка музэю. Гэта і ўскладаньне кветак да помніка пісьменьніку ў дзіцячым парку, і паэтычныя чытаньні тамсама, каля помніка, якія бываюць у Воршы штогод, і некалькі імпрэзаў, адмыслова падрыхтаваных да юбілею, працягвае Галіна Юркевіч:

"У 10 гадзін — малебен, у 12 — спэцгашэньне паштовай капэрты з арыгінальнай маркай у нас у музэі, у 14 — адкрыцьцё Міжнароднай канфэрэнцыі ў школе мастацтваў. Два буклеты мы зрабілі і два наборы паштовак: “Мясьціны Караткевіча ў Воршы” і “Аршанскі музэй Караткевіча”. А буклеты: “Грамадзянін, чалавек, пісьменьнік” і таксама “Мясьціны Караткевіча ў Воршы.

На міжнародную канфэрэнцыю “Ўладзімер Караткевіч — глябальны погляд” арганізатары чакаюць гасьцей з Польшчы, Украіны і Расеі. А таксама гасьцямі імпрэзаў, падрыхтаваных да 80-годзьдзя Ўладзімера Караткевіча, будуць вядомыя беларускія пісьменьнікі і дасьледчыкі літаратуры: Адам Мальдзіс, Уладзімер Арлоў, Людміла Рублеўская, Сяргей Панізьнік, Пятро Васючэнка ды іншыя. А 27 лістапада ў Воршу завітае бард Зьміцер Вайцюшкевіч з адмысловай праграмай “Дзе мой край…”, ён выканае песьні на вершы Ўладзімера Караткевіча.
XS
SM
MD
LG