Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расея спрабуе ўтрымаць Беларусь у арбіце вайсковых інтарэсаў”


Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

Аляксандр Лукашэнка адмовіўся падпісаць новы плян выкарыстаньня рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі. Ён выказаўся за пастаўкі ў Беларусь расейскіх узбраеньняў па зьніжаных цэнах. “Ніякія дакумэнты ў працоўным парадку я падпісваць не буду. Так і перадайце міністру абароны і прэзыдэнту Расеі, -- прыводзіць словы кіраўніка Беларусі агенцтва БелТА”.

Cёньня госьць Начной Свабоды вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін, і ён з намі на тэлефоннай сувязі зь Менску.

Соўсь:
Наколькі важную ролю адыгрывае рэгіянальная групоўка войскаў узброеных сілаў для Беларусі і для Расеі? Каму яна больш патрэбная?

Алесін:
Мне падаецца, што зараз значнасьць гэтай групоўкі значна большая, чым 10 гадоў таму, калі яна толькі ўтварылася. У Расеі ідуць інтэнсіўныя рэформы войска, скарачэньне колькасьці, і Расея засяроджвае асноўныя свае сілы ў тых рэгіёнах, дзе яны бачаць найбольшую небясьпеку. Гэта раён мяжы з Кітаем, і Каўказ. Таму яны сьцягваюць "коўдру" туды. А тут прыкоываць межы з Захаду -- выпала беларускаму войску. Таму чым меньш расейскае войска, чым больш складанасьцяў -- тым болей павялічваецца значнасьць для Расеі беларускага войска.

Соўсь: Што значыць новы плян выкарыстаньня рэгіянальнай групоўкі? Чым ён адрозьніваецца ад старога?

Алесін: Нічога новага тут няма. У 1996 г. быў падпісаны пакет ўзаемазьвязаных дакумэнтаў, які прадугледжваў захаваньне стратэгічных інтарэсаў на тэрыторыі Беларусі ў абмен на эканамічныя ільготы. Што азначае захаваньне гэтых стратэгічных інтарэсаў Расеі? Захаваньне двух ваенных базаў, допуск Расеі да ваеннай інфраструктуры і іншае. Узамен Беларусь атрымлівала доступ на расейскі рынак і танныя энэрганосьбіты. З прыходам Пуціна да ўлады гэтая здзелка выконвалася, але потым ўзьнікла думка, што выкарыстоўваючы газавы і нафтавы рычагі,можна тое ж самае атрымаць ад Беларусі за кошт ціску. І наступныя дзеяньні сьведчаць, што Расея жадала сілавым шляхам прымусіць Беларусь выконваць абавязкі. А Лукашэнка цяпер патрабуе платы за выкананьне.

Соўсь: Хто фінансуе гэтую рэгіянальную групоўку?

Алесін: Тая частка групоўкі, якая складаецца з беларускага войска, фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту Беларусі, з дзяржбюджэту. Практычна, усё наша войска ўяўляе сабой частку сухапутнай групоўкі Беларусі-Расеі.

Соўсь: Як вам падаецца, як рэзкае пагаршэньне беларуска-расейскіх адносінаў адаб’ецца на вайсковым супрацоўніцтве?

Алесін: Як ні парадаксальна, у самы пік гэтага канфлікту Кабінэт міністраў ухваліў і прадставіў прэзыдэнту Дамову аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве Беларусі і Расеі, які ляжаў бяз зрухаў 10 гадоў. І праляжаў бы больш, калі б расейскія вайскоўц не пачалі засьцерагацца, што пагаршэньне палітычных адносінаў прывядзе да адрыву Беларусі і Расеі і ў ваеннай галіне. Тая частка расейскай эліты, якая адказвае за ваенную палітыку - спрабуе ўтрымаць Беларусь у арбіце вайсковых сваіх інтарэсаў.

СЛУХАЦЬ ГУТАРКУ ЦАЛКАМ:


  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG