Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаканыя сюрпрызы агітацыйнай кампаніі. За каго галасуюць Эўропа і Расея? Вочы ў вочы: у студыі Свабоды – Ўладзімер Някляеў. Гэтыя тэмы – у чарговым “Тыдні з Радыё Свабода”, які вядзе дырэктар беларускай службы радыё Аляксандар Лукашук. У перадачы ўдзельнічаюць аналітыкі Юры Дракахруст, Сяргей Навумчык і Юры Чавусаў.

Лукашук: У гэты чацьвер Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала 10 кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. Акрамя небаракі Правальскага, ўсе прэтэндэнты, што падалі подпісы, сталі кандыдатамі. Некалькі кандыдатаў, у тым ліку і Аляксандар Лукашэнка, не зьявіліся на рэгістрацыю. Юры Чавусаў, гэта важна ці не?

Чавусаў: Калі кандыдаты маюць мала доступу да СМІ, любая публічная нагода, любая магчымасьць выступу – гэта тое, чым апазыцыйныя кандыдаты павінны карыстацца. Мы бачым, што прадстаўнікі тых кандыдатаў, якія не зьявіліся, таксама гэта нагодай скарысталіся і зрабілі палітычныя заявы і учынкі. Я думаю, што адмова прадстаўніка аднаго з кандыдатаў паціснуць руку старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай – гэта нармальны палітычны ўчынак, ацэнка яе ролі ў арганізацыі выбараў у Беларусі.

Што тычыцца іншага кандыдата, які не зьявіўся – спадара Лукашэнкі, то гэта сьведчаньне ацэнкі выбараў самімі арганізатарамі выбарчага працэсу. Цяперашнюю кампанію часта параўноўваюць з тэатральным відовішчам, маўляў, гэта спэктакль. Сваёй няяўкай Аляксандар Рыгоравіч прадэманстраваў, што ён – не актор, а рэжысэр у гэтым спэктаклі.

Лукашук: Сяргей, а як Вы пракамэнтавалі няяўку трох кандыдатаў?

Навумчык:
Часам асабістая прысутнасьць можа выкрыць нюансы узаемаадносінаў. На выбарах 1994 года як давераная асоба Пазьняка я прысутнічаў на рэгістрацыі ў ЦВК , і, так атрымалася, сядзеў паміж Кебічам і Пазьняком. Тады Пазьняк адмовіўся паціснуць руку Кебічу. А калі Лукашэнка працягнуў Кебічу руку, той у адказ падаў яму два пальцы.

Калі ж сур’ёзна, дык насамрэч прысутнасьць Лукашэнкі на рэгістрацыі ў 1994 годзе была для яго вызначальнай. Справа ў тым, што ЦВК мела поўнае права не зарэгістраваць яго ў якасьці кандыдата. Лукашэнка двойчы парушыў норму закона пры зборы подпісаў: у падпісных лістах непраўдзіва пазначыў месца працы і пасаду (напісаў, што ён дэпутат ВС, хаця афіцыйная пасада была – дырэктар саўгасу), і месцам жыхарства ўказаў Менск, хаця прапісаны быў у вёсцы Рыжкавічы Шклоўскага раёну. Калі старшыня ЦВК папрасіў прад’явіць пашпарт з прапіскай, Лукашэнка заявіў, што яго скралі ворагі-карупцыянэры (пад сьмех у залі). Фактычна, Лукашэнка тады ўпрасіў ЦКВ зарэгістраваць яго.

Лукашук: Юры Чавусаў, на ваш погляд, чаму былі зарэгістраваныя амаль усе прэтэндэнты, якія падалі сьпісы?

Чавусаў:
Відавочна, што так здарылася таму, што такая тактыка была абраная ўладамі, асобамі ў адміністрацыі прэзыдэнта, якія пішуць сцэнар гэтых выбараў. Як жартуюць у менскіх палітычных салёнах, зарэгістравалі ўсіх, хто сказаў, што ён сабраў 100 тысячаў. Подпісаў, акрамя камічнага досьведу спадара Правальскага, які падкрэсьлівае камічны характар гэтага спэктакля. Адбываецца інсцэніроўка выбараў. Ужо кажуць, што пастаўленая задача зрабіць выбары ў Беларусі ня горшым відовішчам, чым гэта адбываецца ў краінах з разьвітай плюралістычнай дэмакратыяй. Выбары павінны быць вясёлымі – такая задача стаіць перад органамі, якія арганізуюць выбары. А роля актораў нададзеная апазыцыйным кандыдатам. Па ўсім відаць, што некаторыя кандыдаты ведалі, што выбары будуць адбывацца ў такой лібэральнай атмасфэры. Менавіта гэта – адна з прычынаў, чаму апазыцыя на здолела дамовіцца наконт адзінага кандыдата.

Лукашук: З 19 лістапада пачаўся апошні этап выбарчай кампаніі – агітацыя. Зразумела, пра агітацыю, як і пра іншыя этапы кампаніі, і пра выбары наагул, мы можам казаць з пэўнай доляй умоўнасьці. Нагадаю, што сярод сябраў участковых выбарчых камісій – тых, хто будзе лічыць галасы, прадстаўнікі апазыцыі складаюць толькі чвэрць адсотка.
Тым ня менш – якія пасткі і вокны магчымасьцяў тоіць у сябе агітацыйны этап?

Ці важны для посьпеху зьмест праграмы кандыдатаў?

Якім будзе пасланьне дзейнага прэзыдэнта на гэтых выбарах?

Што найбольш важнае – тэлевыступы, сустрэчы з выбаршчыкамі, ўлёткавая кампанія, стварэньне інфармацыйных падставаў?

Навумчык:Мы жывем у час масавых камунікацый, але Інтэрнэт ў Беларусі ня мае таго ўплыву, як у ЗША, дзе на мінулых выбарах выкарыстаньне сацыяльных сетак паўплывала на перамогу Абамы, і таму найбольш важным падаецца тэлевыступ. Уласна, уплыў тэлебачаньня назіраецца больш як паўстагодзьдзя, мы ведаем, што ў свой час Кэнэдзі пераламіў сытуацыю на сваю карысьць менавіта тэледэбатамі з Ніксанам, прычым істотнымі былі ня столькі зьмест выступаў, колькі манера паводзінаў і зьнешні выгляд. Словам, важны вобраз, імідж кандыдата. Хто сёньня памятае, якая была на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах праграма Казуліна? Затое ўсе памятаюць ягоныя словы па БТ – “Где деньги, Саша?».

У краінах з устойлівай дэмакратыяй – ну напрыклад у ЗША -- на вынік выбараў можа паўплываць розьніца ў падыходах да такіх, здавалася б, вузкіх тэмаў тэмаў – аспэкты рэформы мэдычнага страхаваньня ці працэнт падатку на асоб з пэўнымі даходамі. У Беларусі да падобных нюансаў не даходзіць. Зноў жа, прыклад з найноўшай гісторыі: у 1994 годзе у Пазьняка была моцная эканамічная праграма, прычым падмацаваная двума дзесяткамі законапраекта, і Ценевы кабінэт, куды ўваходзілі і акадэмікі, і дактары эканамічных навук. У Лукашэнкі не было нічога – калі не лічыць лёзунгу “Усіх пасажу і запушчу заводы”. На вынік спрацавалі іншыя фактары. Спакусіліся на тое, што здавалася лёгкім і простым. У час інфармацыйных тэхналёгіяў пі панаваньне ТВ на першы плян выходзіць агульны вобраз палітыка, ягоны імідж.

Дракахруст: Наконт праграмаў – прыгадваецца стары анэкдот: хто такі зануда? Гэта чалавек, які на пытаньне – як справы, пачынае распавядаць пра свае справы. Мяркую, што асабістая прывабнасьць, запамінальнасьць, яскравыя палітычныя жэсты значаць больш, чым тоўстыя тамы апісаньня рэформаў, якія прапануюцца. Зразумела, важна, каб кандыдат адчуваў, усьведамляў праблемы, якія насамрэч хвалююць грамадзтва, Але пераканаць выбаршчыкаў у тым, што ён здолее іх вырашыць, рэдка атрымліваецца пры дапамозе адно праграмаў.

Што да кампаніі дзейнага прэзыдэнта, то тут варта адзначыць некалькі момантаў. Відаць, сярэдні заробак у 500 даляраў кроў у нос да выбараў усё ж такі выганяць. Зараз на выбаршчыкаў абрынаецца залаты дождж падвышэньняў заробкаў і пэнсіяў. Істотны спадзеў на тое, што апазыцыйныя кандыдаты будуць абясьсільваць адзін аднаго, самі і з дапамогай дзяржаўных СМІ ствараць кантраст паміж , так бы мовіць, натоўпам балабонаў і мудрым бацькам, які дае і заробкі, і бясьпеку, і сонейка з дажджом. З тлумачэньняў спадара Зімоўскага вынікае, што адным з трукаў дзяржаўнай агітацыі стане вобраз: апазыцыя ў выпадку перамогі верне краіну ў “ліхія 90-я” – заводы стаяць, інфляцыя скача, рускія сядзяць на чамаданах.

Што да эфэктыўнасьці сродкаў агітацыі, то я б сказаў, што самы моцны – інфармацыйныя нагоды, ўчынкі. Тады пра гэта гавораць і СМІ і “сарафаннае радыё” – народная пагалоска. Тэлевыступы – таксама моцная штука, калі ёсьць што сказаць. У мінулай перадачы мы прыгадвалі выступ Казуліна падчас папярэдняй кампаніі, які стаў значнай падзеяй. Але 2-3 выступы – занадта мала, каб істотна паўплываць на грамадзкую сьвядомасьць. Таму і сустрэчы з выбаршчыкамі, агітацыя ад дзьвярэй да дзьвярэй – важны чыньнік кампаніі і асабліва мабілізацыі электарату да ўдзелу ў Плошчы, калі такія пляны ёсьць.

Чавусаў: Я напачатку кампаніі прагназаваў павялічэньне важнасьці праграмнага складніка , што наяўнасьць некалькіх альтэрнатыўных кандыдатаў справакуе барацьбу паміж іх праграмамі. Вымушаны сказаць, што мой прагноз ня спраўдзіўся. Ня ў той ступені выбаршчыкі былі зацікаўленыя ў тым, што канкрэтна прапануюць апазыцыйныя кандыдаты, як я таго чакаў. Толькі некалькі кандыдатаў з выразнай ідэалягічнай пазыцыяй рабілі акцэнт на сваіх праграмах - гэта кандыдаты ад партый, сп. Раманчук, сп. Кастусёў, сп. Рымашэўскі. У меншай ступені рабіў акцэнт на праграме сп. Міхалевіч. І яшчэ адзін кандыдат, які заявіў, што не сабраў 100 тысяч подпісаў – сп. Глушакоў, дасягнуў сваёй мэты ў гэтай кампаніі – ён зрабіў публічнай праграму Партыі зялёных.
Варта сказаць і пра гэапалітычны фактар, які на гэтых выбарах будзе адной з галоўных тэмаў. Усіх кандыдатаў запытваюцца – вы за Эўропу ці за Расею?



Лукашук: Днямі былі апублікаваныя дадзеныя кастрычніцкага апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў. Як выглядаюць шанцы кандыдатаў у сьвятле гэтых дадзеных? Наколькі паводле вынікаў апытаньня сытуацыя адрозьніваецца ад той, якая была напярэдадні выбараў 2006 году?

Дракахруст:
Галоўныя вынікі такія: за месяц падрос рэйтынг Лукашэнкі, ён складае 44% ў адкрытым пытаньні, і 48% - у так званым закрытым, калі апытаным прапаноўваецца сьпіс кандыдатаў. Гэта горшыя паказьнікі, чым былі на папярэдніх выбарах, але значна лепшыя, чым у ягоных апанэнтаў. Сярод іх фаварыты – Ўладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў. У Някляева адкрыты рэйтынг – амаль 8%, закрыты – больш за 16%, столькі ж, колькі было ў Мілінкевіча за месяц за выбараў 2006 году. Разам у апазыцыйных кандыдатаў – 25% падтрымкі па закрытым рэйтынгу.
Што да ўдзелу ў выбарах, то больш за 70% апытаных заявілі, што пэўна ці хутчэй за ўсё пойдуць галасаваць, пра тое, што дакладна ня пойдуць, сказалі каля 8%.

Нарэшце, ў параўнаньні з 2006 годам зараз у беларусаў заўважальна іншы балянс геапалітычных сымпатый: калі тады быў хіба не пік прарасейскіх настрояў, зараз імкненьне да інтэграцыі з Расеяй слабае як ніколі.

Лукашук: За каго прагаласуюць на беларускіх выбарах Расея і Эўразьвяз?
Пытаньне можа і мэтафарычнае, але дарэчнае.
Пасьля некаторай паўзы аднавіўся інфармацыйны наступ Масквы на Аляксандра Лукашэнку, новых “Хросных бацек” , праўда, пакуль не з’явілася, але інфармацыйныя, аналітычныя і нават гумарыстычныя перадачы расейскіх тэлеканалаў ізноў прыгадваюць пра Беларусь і яе прэзыдэнта. Да таго ж, ёсьць зьвесткі, што некаторым расейскім прадпрыемствам іх расейскія партнэры паведамляюць, што з новага году іх супраца згортваецца ці наагул спыняецца. Можа, крызіс, можа выпадковасьць, а можа і не. Ціск на беларускі рубель узмацняецца, насельніцтва прад’яўляе падвышаны попыт на замежную валюту.
Ці можна сказаць, што Масква вядзе лінію на палітычнае зьнішчэньне Лукашэнкі на гэтых выбарах? Як вы мяркуеце, зараз, пасьля рэгістрацыі кандыдатаў ці можа Крэмль зрабіць публічную стаўку на аднаго зь іх?

Дракахруст: Пачну з апошняга – мне здаецца, што публічнай стаўкі Масква ўсё ж рабіць ня будзе. Рэйтынгі і іншую інфармацыю там таксама ведаюць і стаўкі на тых, чые шанцы на перамогу невялікія, рабіць наўрад ці будуць. Але кастрычніцкае перамірье выглядае сапраўды было часовымі зараз Масква робіць тэст – як беларуская ўладная сыстэма і беларускае грамадзтва рэагуюць на яе дзеяньні. Нядаўна Аляксандар Мілінкевіч даў вельмі цікавае інтэрвію, дзе сказаў, што Масква і пасьля выбараў будзе працягваць сыстэмны ціск на Лукашэнку і праз паўтара-два гады скіне, замяніўшы на свайго стаўленіка. Ну наконт гадоў складана сказаць, пасьля мінулых выбараў спадар Мілінкевіч таксама прагназаваў, што праз два гады Лукашэнка сыйдзе. Але рацыянальнае зерне ў інтэрвію старшыні руху “За свабоду” на мой погляд ёсьць. Хутчэй за ўсё сапраўды “мядовы месяц” у стасунках Лукашэнкі з Масквой ужо не вернецца, сапраўды, Расея будзе весьці лінію на зьмену ўлады ў Беларусі. Як пазбаўляючы Менск розных дабротаў і падарункаў, гэтак і спрыяючы фармаваньню больш зразумелай сацыяльнай і палітычнай базы гэтых пераменаў. Пажадана больш дабразычлівай для Масквы, але найперш больш зразумелай. Бо у Менску многія абураюцца авансамі, якія некаторыя кандыдаты робяць Крамлю, але ня факт, што гэтыя авансы моцна ўражваюць той Крэмль. А хто гэтыя людзі, а што ў палітычным сэнсе за імі стаіць, а дзе гарантыі, што ў выпадку перамогі яны ня згубяць уладу праз паўгады, а дзе гарантыя, што пасьля перамогі яны не зьбягуць на Захад. Гэта натуральныя пытаньні. Лукашэнка ў свой час таксама шмат чаго Маскве абяцаў. Так што мой адказ: тое, што робіць зараз Масква адносна Беларусі – гэта тэст перад наступнымі выпрабаваньнямі.

Чавусаў: Ні Расея, ні Эўразьвяз ня робяць тут палітычнай кампаніі. Ёсьць кандыдаты, якія хацелі б выглядаць прарасейскімі, ёсьць кандыдаты, якія хацелі б выглядаць праэўрапейскімі. Палітыка Расеі насамрэч такая, што яна будзе выкручваць рукі любому прэзыдэнту, які тут будзе сядзець у Менску на пасадзе. Лукашэнка, Някляеў ці Кастусёў – патрабаваньні Масквы будуць аднолькавыя. Гэтак жа і Эўропа зацікаўленая ў тым, каб Беларусь заставалася стабільнай, і па вялікім рахунку няважна, дэмакратычны ці недэмакратычны будзе тут рэжым. Галоўнае, каб ён не рабіў найбольш брутальных рэчаў, якія будуць абураць насельніцтва ўнутры Эўразьвязу. Раней выбары вызначалі, якія будуць стасункі Беларусі з Захадам, і правядзеньне недэмакратычных выбараў вызначала пагаршэньне стасункаў на заходнім накірунку. Цяпер наадварот – замежнапалітычная сытуацыя вызначае характар гэтай выбарчай кампаніі. Больш лібэральная атмасфэра была выкліканая пажаданьнямі заходніх назіральнікаў бачыць тут нешта больш менш падобнае на дэмакратычныя працэсы.

Навумчык: Яшчэ некалькі месяцаў таму, калі быў паказаны першы “Хросны бацька”, я пісаў, што нельга абсалютызаваць уплыў Расеі, у тым ліку і расейскага ТВ, на беларускія працэсы. І для мяне тыя фільмы – фактар ціску на Лукашэнку, але ніяк ня сьведчаньне жаданьня яго скінуць з прэзыдэнцкай пасады. Тым больш – ня сьведчаньне падтрымкі Масквой таго ці іншага апазыцыйнага кандыдата. Прыкметай апошняга для мяне быў бы прыём такога кандыдата Пуціным ці Мядзьведзевым. Але гэтага няма і, прагназую, ня будзе. Што да Эўропы – дык у яе няма відавочнага фаварыта, мы нават чулі, што некаторыя разглядаюць Лукашэнку як гаранта стабільнасьці. Вельмі падобна на пачатак 91 году, калі Захад не падтрымліваў нацыянальныя рухі ў рэспубліках СССР, а падтрымліваў Гарбачова як гаранта стабільнасьці. Чым гэта скончылася – мы памятаем.
XS
SM
MD
LG