Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы паведамляюць у ААН пра катаваньні Бандарэнкі


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Беларускія праваабаронцы прапаноўваюць лічыць прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку палітвязьнем і падрыхтавалі зварот у ААН пра катаваньні вязьня ў Бабруйскай калёніі.

Зварот праваабаронцаў адрасаваны адмысловаму прадстаўніку ААН па катаваньнях і беспадстаўных затрыманьнях. Напярэдадні праваабаронцы вывучылі скаргі Андрэя Бандарэнкі на тое, як зь ім абыходзяцца ў Бабруйскай калёніі, кажа праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла:

«Ліст накіроўваецца ў сувязі са скаргамі на той сур’ёзны ціск, які робяць адносна яго. Гэта незаконнае зьмяшчэньне ў карцэр, беспадстаўнае накладаньне на яго дысцыплінарных пакараньняў, калі ён яшчэ не лічыўся асуджаным. Вядома, што яму нават адмаўлялі ў мэдычнай дапамозе, калі яна была яму вельмі патрэбная. Сёньня, у панядзелак, канчаткова адрэдагаваны наш зварот».

Болей за месяц таму Андрэя Бандарэнку пасадзілі на тыдзень у карцэр фармальна за тое, што ён адмовіўся працаваць на вытворчасьці, дзе выкарыстоўваецца небясьпечны газ фэнол. Яшчэ праз тыдзень пакараньне падоўжылі, гэтым разам нібыта за тое, што Андрэй адмовіўся працаваць на ўборцы тэрыторыі. Мінуў яшчэ тыдзень, і зноў вязьня зьмясьцілі ў карцэр за тое, што над сваім ложкам ён вывесіў малюнкі рэлігійнага зьместу. На мінулым тыдні Андрэя Бандарэнку пасьля карцэра разьмясьцілі ў камэры турэмнага тыпу, адмысловым памяшканьні для тых, хто «ня стаў на шлях выпраўленьня», паведаміў бацька вязьня Валер Бандарэнка:

Валер Бандарэнка
«Гэта яшчэ горш за карцэр — верх таго, што яны маюць у калёніях. Яны ўзмацняюць на яго ціск, а якім чынам? Вось гэтак, зьмясьціўшы ў памяшканьне камэрнага тыпу. Там ён можа паспаць толькі 6 гадзінаў, а потым мусіць хадзіць. Сядзець жа ці спаць на той падлозе ня будзеш, яна ж бэтонная».

Паралельна са зваротам у ААН праваабаронцы накіроўваюць скаргу ў Генэпральную пракуратуру і Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, каб там праверылі законнасьць дзеяньняў турэмшчыкаў, якія некалькі разоў запар зьмяшчалі вязьня Бандарэнку ў карцэр. Што да звароту ў ААН, Гары Паганяйла адзначае, што працэдура разгляду такой скаргі пацягне прызначэньне яшчэ дадатковай праверкі. Праваабаронцы разьлічваюць, што пад кантролем супрацоўнікаў ААН беларускім міліцыянтам будзе складаней схаваць праўду пра абыходжаньне з Андрэем Бандарэнкам.

Таксама сумесна з праваабаронцамі «Вясны» ды іншых праваабарончых арганізацый падрыхтаваны зварот у міжнародную арганізацыю Human Rights Watch аб наданьні Андрэю Бандарэнку статусу палітвязьня.

Гары Паганяйла
Паганяйла: «Варта нагадаць, што ён актыўна ўдзельнічаў у дзейнасьці Аб’яднанай грамадзянскай партыі, яго падтрымала партыя АГП на выбарах у парлямэнт у 2008 годзе, і менавіта ён зьвяртаўся зь лістамі аб фальсыфікацыі выбараў, нават пісаў у адміністрацыю прэзыдэнта. І перасьлед арганізаваны, як шмат хто лічыць, менавіта як помста за такую грамадзянскую пазыцыю».

Актывіст АГП Андрэй Бандарэнка быў арыштаваны ўлетку 2009 году, і з таго часу яго трымаюць за кратамі. У пачатку 2010 году прадпрымальніка асудзілі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці за крадзеж маёмасьці фірмы. Вінаватым сябе Андрэй Бандарэнка не прызнаў і патлумачыў перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. За кратамі Андрэй Бандарэнка двойчы трымаў галадоўкі пратэсту, яго неаднаразова зьмяшчалі ў турэмны карцэр нібыта за парушэньні турэмных парадкаў.
XS
SM
MD
LG