Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Лукашэнка адмовіўся падпісаць новы плян ужываньня рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі. Ён выказаўся за пастаўкі ў Беларусь расейскіх узбраеньняў па зьніжаных цэнах.

"Ніякія дакумэнты ў працоўным парадку я падпісваць не буду. Так і перадайце міністру абароны і прэзыдэнту Расеі, -- прыводзіць словы кіраўніка Беларусі агенцтва БелТА. -- Ёсьць Вышэйшы Дзяржсавет, вось ён зьбярэцца - мы разгледзім гэты плян. А сёньня вы павінны мне далажыць. Я ведаю , што мой расійскі калега разглядаў гэты плян, яны пагадзіліся зь ім. Зараз мы яго разгледзім, а на бліжэйшым пасяджэньні Вышэйшага Дзяржсавету зацьвердзім. Гэта будзе правільна. Хаваць нам тут няма чаго, мы адкрытыя для сьвету. Думаю, Расея таксама не зьбіраецца нешта хаваць ".

Лукашэнка заявіў, што Расея павінна дапамагаць Беларусі ў забесьпячэньні бясьпекі Саюзнай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расея павінна дапамагаць Беларусі ў забесьпячэньні бясьпекі Саюзнай дзяржавы. "Мы, вядома, будзем выконваць свае функцыі, але мы іх можам выконваць толькі пры падтрымцы Расеі, ну хаця б узбраеньнем, - сказаў прэзыдэнт Беларусі. -- Гэта не падыход, калі нам часам прапаноўваюць купляць ўзбраеньне за свой кошт, ды яшчэ па рынкавай, як яны ўмеюць гаварыць, цане. Натуральна, што тут, на гэтым напрамку Расея зацікаўленая, каб беларуская армія была ў парадку. Таму трэба дапамагаць. Я гэта кажу публічна, і я гэтага не баюся, магу паўтарыць дзе заўгодна ".

Рэгіянальная групоўка войскаў узброеных сілаў Беларусі і Расеі была створана ў 1999-2000 гадах. Яна мусіць гарантаваць ваенную бясьпеку Беларусі і прылеглых да яе абласьцей Расіі, а таксама Калінінградзкай вобласьці РФ і акваторыі Балтыйскага мора. Колькасьць групоўкі складае каля 300 тысяч вайскоўцаў, ў яе ўваходзіць беларускае войска, а таксама некалькі ваенных акругаў РФ .

Як адзначыў Лукашэнка, за 10 гадоў з моманту стварэньня групоўкі адбыліся пэўныя зьмены, "у тым ліку і тых сілаў, якія знаходзяцца супраць беларуска-расійскай групоўкі войскаў".

“Мы, вядома, будзем сьвята выконваць свае функцыі па абароне, я лічыў, і дагэтуль лічу, нашага агульнага Айчыны. Не чужая для нас Беларусі -- гэта наша краіна, дзе мы жывем, дзе будуць жыць нашы дзеці, і няма чужой Расеі. З Расеяй мы заўсёды былі і будзем разам, якія б катаклізмы ні адбываліся ", -- заявіў Лукашэнка.

Грамадзтва павінна ведаць, што мы не нахлебнікі, а выконваем найважнейшую функцыю па абароне
Беларускі кіраўнік дадаў, што Беларусь робіць велізарны ўнёсак у справу міру, забясьпечваючы не толькі сваю бясьпеку, "але і братэрскай Расеі, ды і не толькі Расеі. І гэта для нас пытаньне выгады, калі хочаце, іміджу. Яшчэ і таму мы нічога хаваць не зьбіраемся. А так нас лічаць ўвесь час нахлебнікамі. Грамадзтва павінна ведаць, што мы не нахлебнікі, а выконваем найважнейшую функцыю па абароне, у тым ліку расейскай дзяржавы. Вось у чым праўда ".

Заява А.Лукашэнкі прагучала напярэдадні візыту ў Менск міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова, які прыбудзе ў Беларусь увечары сёньня на сумеснае пасяджэньне МЗС дзьвюх краін.

Мяркуецца, што пасяджэньне Вышэйшага дзяржсавету саюзу Беларусі і Расеі адбудзецца ўжо пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG