Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя дні агітацыі: затрыманьні і перашкоды


Ян Дзяржаўцаў і Барыс Хамайда
Ян Дзяржаўцаў і Барыс Хамайда
У першыя дні агітацыйнай кампаніі ў рэгіёнах затрымалі некалькі актывістаў апазыцыйных кандыдатаў. За некаторыя агітацыйныя матэрыялы ўлада пагражае штрафам, а невядомыя наўмысна зьнішчаюць выбарчыя абвесткі.

ВІЦЕБШЧЫНА


Першы агітацыйны пікет у рэгіёне — за байкот выбараў

Сёньня ў Віцебску беспартыйны апазыцыянэр Барыс Хамайда і сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў выйшлі ў цэнтар гораду з плякатамі «Толькі байкот» і «Ўдзел у выбарчым фарсе — гэта здрада Радзіме».

Сваю палітычную пазыцыю спадар Дзяржаўцаў патлумачыў «Свабодзе» наступным чынам:

«Будзе балятавацца Аляксандар Лукашэнка — апошні дыктатар Эўропы. Ён зрабіў шмат парушэньняў, перарабіў Канстытуцыю. Цяпер ён зноў балятуецца, і далейшы яго ўдзел у выбарах — гэта шлях у цемру! А тое, што на выбары ідуць іншыя прэтэндэнты, — гэта робіць ягоны ўдзел і выбары легітымнымі».

На думку Барыса Хамайды, выйграць на выбарах у Аляксандра Лукашэнкі ніводзін з астатніх дзевяці прэтэндэнтаў ня здольны:

«Ніхто яго не пераможа! Таму што сыстэма адладжаная. Праўда, яны заклікаюць народ на плошчу, але сярод гэтых дзевяці няма агульнанацыянальнага лідэра, іх толькі дзевяць, і яны нічога калектыўна ня змогуць зрабіць. І невядома яшчэ, хто перахопіць ініцыятыву на той плошчы, калі зьбярэцца там шмат народу!»

Каля віцебскіх апазыцыянэраў людзей спынялася няшмат: большасьць назірала за пікетоўцамі здаля, і толькі адзінкі падыходзілі, каб паспрачацца або выказаць салідарнасьць.

Празь дзьве гадзіны ад пачатку пікету да спадароў Хамайды і Дзяржаўцава пад’ехалі супрацоўнікі Чыгуначнага райаддзелу міліцыі ды забралі абодвух у пастарунак. Апазыцыянэры спрабавалі тлумачыць міліцыянтам, што цяпер ідзе агітацыйная выбарчая кампанія, у якой яны таксама бяруць удзел. Аднак тыя запярэчылі, што вулічная агітацыя павінна праходзіць у вызначаных уладамі месцах, а пляцоўка каля так званага «сіняга дома» — дома № 28 па вуліцы Леніна — у іх пералік не ўваходзіць. Таму прыхільнікаў байкоту абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаваньні.

Іншых агітацыйных імпрэзаў у Віцебску яшчэ няма. Лідзія Сагідуліна, давераная асоба кандыдата Ўладзімера Някляева, тлумачыць:

Лідзія Сагідуліна
"У зьвязку з тым, што мы не атрымалі пасьведчаньняў давераных асобаў, мы ня можам напісаць заяву на пікет. У маім пасьведчаньні зрабілі памылку, на імя другой даверанай асобы — Галіны Багданавай — пасьведчаньне яшчэ ня выпісана. І агітацыйную нейкую прадукцыю мы распаўсюджваць ня можам, таму што ў мінулую пятніцу ня быў яшчэ адкрыты разьліковы рахунак Уладзімера Някляева«.

Паводле Лідзіі Сагідулінай, у падобным становішчы апынуліся і давераныя асобы іншых дэмакратычных кандыдатаў.

Але агітацыя за Аляксандра Лукашэнку ўжо пачалася. І вядзецца яна без абмежаваньняў, бо гэта пікет перасоўны: у Дубровенскім раёне яшчэ 19 лістапада стартаваў аўтапрабег «Мы за Бацьку», арганізаваны расейскім грамадзкім аб’яднаньнем «Браты-славяне» і «Аўтарадыёклюбам» з Санкт-Пецярбургу. На машынах удзельнікаў з Расеі, Беларусі і Ўкраіны прымацаваныя лёзунгі «Лукашэнка — славянскі прэзыдэнт» ды іншыя, а да 27 лістапада калёна аўтааматараў мае наведаць шэраг гарадоў і мястэчак па ўсёй тэрыторыі краіны.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У Мастах і Слоніме зрываюць аб’явы пра сустрэчу з кандыдатам



На Гарадзеншчыне агітацыйная кампанія па выбарах прэзыдэнта замаруджваецца з-за адсутнасьці друкаваных матэрыялаў. Праваабаронцы лічаць, што ў гэтым вінаватая ЦВК.

Сёньня раніцай ужо пачаліся першыя выступы кандыдатаў у радыёэфіры, а ўвечары — выступы па тэлебачаньні. Прадстаўнікі штабоў апазыцыйных кандыдатаў сьцьвярджаюць, што выбарцы ў сваёй бальшыні з-за адсутнасьці інфармацыі ня ведаюць пра гэта.

У Слоніме на 25 лістапада прызначаная першая сустрэча з кандыдатам у прэзыдэнты Віталем Рымашэўскім, а сёньня ён выступае на тэлебачаньні. Сябры ягонага штабу самі надрукавалі ўлёткі пра гэтыя мерапрыемствы і разьвесілі ў горадзе.

«Мы расклейваем, але нашы аб’яўкі зрываюць, і пакуль невядома, хто. Мы іх на прыпынках, слупах, паўсюдна расклеілі. Едзем назад, а аб’явак ужо на тых месцах няма», — кажа прадстаўнік штабу.


У Мастах актывісты штабу Віталя Рымашэўскага распавядаюць, што вывешвалі па дзьве ўлёткі: у адной паведамлялі, што 25 лістапада адбудзецца сустрэча з кандыдатам, якую друкавалі самі, а другая была зь біяграфіяй Віталя Рымашэўскага — зь імі яны вялі збор подпісаў за кандыдата:

«Засталіся вісець чорна-белыя, а каляровыя пазрывалі. Мы іх учора вешалі. Там была надрукавана біяграфія Віталя Рымашэўскага».

У штабах іншых кандыдатаў таксама чакаюць агітацыйнай літаратуры. Многія кажуць, што людзі ўжо пытаюцца пра ўлёткі з праграмамі, а паказаць пакуль няма чаго.

Раман Юргель
Назіральнік за выбарамі Раман Юргель кажа, што ня толькі гарады, але і вёскі павінны ўжо быць заклееныя ўлёткамі дзесяці кандыдатаў, бо ад даты абвяшчэньня агітацыйнай кампаніі мінулі чатыры дні. Ён лічыць, што адказнасьць за гэтае маўчаньне ляжыць на ЦВК:

«На Гарадзеншчыне дагэтуль ніводнай выбарчай улёткі, ніводнага агітацыйнага пляката на тумбах. Думаю, што прычына наступная: створана нейкая валакіта з боку ЦВК ці нават адміністрацыі прэзыдэнта».

Уладзімер Хільмановіч, які таксама вядзе назіраньне за выбарчай кампаніяй, кажа, што на мінулым тыдні разам з калегамі даслалі скаргі ў абласную тэрытарыяльную камісію, ЦВК на тое, каб у абласным цэнтры і іншых гарадах была пашыраная колькасьць месцаў для правядзеньня агітацыі, як гэта зрабілі ў Менску. Але дагэтуль ніякага адказу.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Агітаваць пачнуць толькі ў сьнежні

Агітацыйная кампанія на Берасьцейшчыне распачата толькі адзінкавымі кандыдатамі ў прэзыдэнты. Інфармацыйныя ўлёткі ўвогуле распаўсюджвае штаб толькі аднаго зь дзесяці кандыдатаў.

Сваю агітацыйную кампанію зь Берасьцейшчыны распачаў Яраслаў Раманчук. Астатнія кандыдаты ў прэзыдэнты пакуль толькі вызначаюцца з датай візыту ў гэты рэгіён. Інфармацыйныя матэрыялы ў межах кампаніі распаўсюджваюцца зь сёньняшняга дня толькі штабам Андрэя Саньнікава, кажа давераная асоба кандыдата па Берасьцейшчыне Зінаіда Міхнюк:

«Саньнікаў зьбіраецца прыехаць у Берасьце ўжо ў гэтую суботу — 27 лістапада. Сустрэча, як мяркуецца, адбудзецца ў Палацы прафсаюзаў а 16-й гадзіне. Зараз якраз завяршаем працэдуры ўзгадненьня з адміністрацыяй палаца. Што да агітацыйных матэрыялаў, то мы не чакаем, калі іх надрукуюць. Ёсьць грамадзяне, якія падтрымліваюць нашага кандыдата, і цяпер ёсьць надрукаваныя за іх кошт інфармацыйныя матэрыялы. Ужо сёньня мы пачынаем распаўсюджваць тое, што можам».

Наступным кандыдатам у прэзыдэнты, які пасьля Саньнікава наведае Берасьце, будзе Ўладзімер Някляеў. Пакуль інфармацыйных матэрыялаў кандыдата няма, кажа кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата па Берасьцейшчыне Мікалай Коўш, але чакаецца, што яны зьявяцца ў хуткім часе:

«Арыенціровачна недзе 10 сьнежня Ўладзімер Някляеў будзе зь візытам у Берасьці. Што да інфармацыйных матэрыялаў, то на сёньняшні дзень у нас іх няма. Даволі позна былі выдзеленыя сродкі на тое, каб стварыць гэтую прадукцыю. І да нас гэтая прадукцыя яшчэ не дайшла».

12 сьнежня Берасьце наведае кандыдат у прэзыдэнты ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў. 13–14 сьнежня на Берасьцейшчыне будзе Віталь Рымашэўскі. Мікалай Статкевіч і Дзьмітры Вус будуць распрацоўваць графік візытаў у рэгіёны толькі пасьля выступаў на тэлебачаньні і радыё. Паводле даверанай асобы кандыдатаў па Берасьцейшчыне Віктара Чайкоўскага, было вырашана, што толькі пасьля выступаў сустрэчы будуць эфэктыўныя:

«Кандыдаты ў прэзыдэнты вырашылі, што эфэктыўнасьць сустрэч з выбарцамі будзе нашмат большая пасьля выступаў у эфіры радыё і тэлебачаньня».

Кандыдаты ў прэзыдэнты актыўна займаюцца агітацыяй праз электронныя сродкі масавай інфармацыі, а таксама праз сацыяльныя сеткі.


ГОМЕЛЬШЧЫНА


За абвесткі палохаюць штрафам

У Жлобіне сябры ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча сутыкнуліся з тым, што раённая выбарчая камісія адкрыта супрацьдзейнічае распаўсюду інфармацыі пра выступ Статкевіча на Беларускім тэлебачаньні, які мае адбыцца 23 лістапада а 19-й гадзіне. У горадзе да гэтага часу не абсталяваныя стэнды для разьмяшчэньня агітацыйных матэрыялаў.

Апавядае давераная асоба кандыдата ў рэгіёне Віктар Канцавенка:

«Намесьніца старшыні камісіі Няхай Валянціна Мікалаеўна сказала, што мы ня маем рацыі — аб’яву нельга разьмяшчаць. Гэта, маўляў, агітацыя, атрымаеце штраф. Я ёй патлумачыў, што агітацыя пачалася ўжо. Пытаюся: „Дзе вашы стэнды — у горадзе няма ніводнага стэнда для агітацыйных матэрыялаў?“ Яна мне: „За стэнды мы не адказваем“. За іх, маўляў, адказвае намесьнік старшыні райвыканкаму Касьцяйкоў — намесьнік па будаўніцтве».

Віктар Канцавенка распавёў, што вымушаны быў ісьці да Касьцяйкова:

«Я зайшоў да яго. Ён мяне прыняў, павыбачаўся і сказаў, што стэнды яшчэ не гатовыя, але ў сераду будуць стаяць у Жлобіне 5 стэндаў — 80 сантымэтраў шырынёю і 2 мэтры ўвышыню. Гэта каб усім кандыдатам было месца».

Паводле Канцавенкі, сябрам каманды Статкевіча давялося ўпрошваць загадчыкаў крамаў, каб тыя дазволілі павесіць абвесткі пра заўтрашні выступ Мікалая Статкевіча на тэлебачаньні.

Сябра ініцыятыўнай групы Статкевіча ў Жлобіне Пётар Карыцкі кажа, што мясцовыя ўлады не зацікаўленыя ў нармальным ходзе агітацыйнай кампаніі — ня хочуць, каб людзі ведалі пра іншых кандыдатаў, апроч Лукашэнкі:

«Пытаньне тут зразумелае: людзі мала ведаюць, і навошта ім больш ведаць?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG