Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітаньне з Іванам Нікітчанкам


У Менску разьвіталіся з членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Іванам Нікітчанкам.

Вуліца Іванаўская, 38-ы дом. Тут у невялікай кватэры на 8-м паверсе жыў Іван Нікітчанка, адсюль ён у апошні раз зьехаў 19-га лістапада і празь некалькі гадзін пад Маладэчнам патрапіў аварыю, якая стала для яго фатальнай. Сёньня з раніцы на Іванаўскую ішлі і ішлі людзі, каб разьвітацца з навукоўцам, грамадзкім дзеячам, патрыётам і выдатным чалавекам Іванам Нікітчанкам. Сярод вядомых асобаў былі кандыдаты ў прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, Рыгор Кастусёў, Уладзімер Някляеў. Прыйшлі разьвітацца з калегам былы прэзыдэнт Акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч, а таксама іншыя навукоўцы, у тым ліку былыя калегі з Інстытуту жывёлагадоўлі, які шмат гадоў узначальваў Іван Мікалаевіч, аднадумцы з Цэнтру падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў, маторам якога быў Іван Нікітчанка. Вось што згадвалі пра нябожчыка актывісты гэтай грамадзкай арганізацыі. Ліквідатар Уладзімер Феактыстаў:

"Для мяне ён быў аўтарытэт — вышэй няма. Сумленны, шчыры, аб'ектыўны. Прафэсар, сябра Акадэміі. Чарнобылец, які прайшоў, як і мы, праз усю гэтую бяду і навалу".

Васіль Селіверст з Калінкавічаў згадаў, што Іван Нікітчанка да апошняга працягваў дасьледаваньні ў забруджаных раёнах:

"Ён жа ніколі дома не сядзеў. Увесь час у разьездах, сустракаўся зь людзьмі. Зараз мы разумеем, што нечага недарабілі, а без Івана Мікалаевіча нам будзе вельмі цяжка".

Чарнобыльскі актывіст Пётар Бахун зь Берасьця згадаў нядаўні прыезд да яго Івана Нікітчанкі:

"Ён жа вакол абсьледаваў усе вуліцы, правёў замеры радыяцыі, даваў парады, як берагчыся. Ведаеце, я б яго параўнаў з Дон Кіхотам, які ўпарта змагаецца зь ветракамі".

Чарнобыльскі актывіст Сяргей Бахун кажа пра незвычайную прабіўную здольнасьць свайго настаўніка Івана Нікітчанкі, якую той ужываў выключна дзеля грамадзкіх, а не асабістых спраў:

"Аўтарытэтны чалавек і навуковец. Ён адчыняў любыя дзьверы, мог зайсьці да любога міністра і пагаварыць, бо той яму не адмовіць у размове".

Вядомы актывіст партыі БНФ Юры Хадыка згадвае пра шматгадовыя высілкі Івана Нікітчанкі як аднаго з арганізатараў Чарнобыльскіх шляхаў:
Ён аддаваў усе свае сілы, да канца, каб дакрычацца да ўладаў наконт Чарнобылю ...

"Ён любіў наш народ, любіў нашу зямлю. Ён аддаваў усе свае сілы, да канца, каб дакрычацца да ўладаў наконт Чарнобылю".

Сярод палітыкаў, якія прыйшлі разьвітацца з Іванам Нікітчанкам, быў Аляксандар Мілінкевіч. Лідэр руху "За свабоду" асабліва адзначыў патрыятызм Івана Нікітчанкі:

"Ведаю яго як вучонага — выдатны вучоны, сумленны. Але ён яшчэ і вялікі грамадзянін. Ня так шмат у нас ёсьць навукоўцаў, якія так сьмела кажуць пра праблемы. Усе прызвычаіліся: "можа, хто іншы..." А ён ніколі ні на кога гэтага не перакладаў. Дакладна ведаю, што нават перад гэтай прэзыдэнцкай кампаніяй ён прыходзіў да кандыдатаў і прапаноўваў ім свае веды і тое, як гэта трэба вырашаць. Ён казаў, што неабходна падымаць гэтыя чарнобыльскія праблемы, каб не было дэградацыі беларусаў".

Пахавалі Івана Нікітчанку на менскіх Паўночных могілках. Падчас грамадзкай паніхіды на могілках выступалі Юры Хадыка, Алесь Марачкін, Аляксей Янукевіч, Віталь Рымашэўскі ды іншыя.



Сын нябожчыка Юры Нікітчанка ў размове з карэспандэнтам "Свабоды" пра акалічнасьці аўтааварыі паведаміў наступныя дэталі. Пры сутыкненьні зь "ЗІЛам" спрацавалі падушкі бясьпекі, але ўдар быў вельмі моцны, рухавік фактычна сплюснула. Іван Нікітчанка атрымаў шматлікія траўмы, у тым ліку пераломы грудзіны і ног, але, паводле дактароў, мог бы выжыць, калі б меў здаравейшае сэрца. Нябожчык перанёс раней два інфаркты, якія наўпрост зьвязваюць з чарнобыльскай аварыяй. Паводле Юрыя Нікітчанкі, праверка акалічнасьцяў аварыі яшчэ не завершаная.





Жонка і сын


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG