Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абласныя штабы Саньнікава й Някляева зьвярнуліся з супольнай заявай да Магілёўскага гарвыканкаму аб месцах правядзеньня агітацыйных пікетаў і масавых мерапрыемстваў кандыдатаў у прэзыдэнты.

"Адміністрацыі раёнаў наўмысна абралі бязьлюдныя месцы для пікетаваньня й правядзеньня агітацыйнай працы. Там няма сэнсу гэта ўсё праводзіць. Мы патрабуем тэрмінова павялічыць колькасьць месцаў для інфармаваньня і агітацыі насельніцтва", тлумачыць неабходнасьць звароту давераная асоба Саньнікава Віктар Болдзін.

Тым часам падобную заяву ад паплечнікаў Някляева пакінулі без задавальненьня райвыканкамы Бабруйску. Паводле бабруйскай супрацоўніцы штабу кандыдата Алены Мядзьведзевай, у адміністрацыі Ленінскага раёну далі зразумець, што існуе вуснае распараджэньне — праводзіць агітацыю ў тых месцах, дзе зьбіраліся подпісы.

"Пісьмовых жа распараджэньняў чыноўнікі пакуль ня маюць, таму ня могуць зьмяніць свае рашэньні", зазначае Алена Мядзьведзева.

Без адказаў пакуль застаюцца звароты наконт зьменаў месцаў агітацыі ад бабруйскіх актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі. З Асіповіцкага райвыканкаму чакае адказу на зварот і абласны штаб Някляева.

Магілёўскія праваабаронцы патрабуюць ад абласной выбарчай камісіі, каб тая запрасіла іх на трэнінг для сяброў участковых камісіяў. Праваабаронцы аргумэнтуюць сваё патрабаваньне імкненьнем забясьпечыць дэмакратычнасьць выбарчага працэсу і празрыстасьць падліку галасоў выбарцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG