Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія тэлеканалы пра слабасьць рэжыму Лукашэнкі


Электронныя СМІ Расеі робяць унёсак у агітацыйную кампанію кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. Цягам выходных на асноўных расейскіх тэлеканалах былі паказаныя сюжэты, у якіх раскрытыкаваны дыскрымінацыйны падыход да арганізацыі выбарчай кампаніі ў Беларусі. Але на тэрыторыі Беларусі ўбачыць гэтыя сюжэты было немагчыма.

Два тыдні запар з выніковай праграмы "Вести недели" на дзяржаўным канале РТР зьнікаюць матэрыялы, якія расказваюць пра расстаноўку сілаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў: "Кандыдаты наперабой скардзяцца на цэнзуру. Адна з галоўных тэмаў — як з эфіру нават расейскага тэлебачаньня на тэрыторыі Беларусі мясцовыя ўлады, ахоўваючы запаведную чысьціню, умудраюцца выразаць рэпартажы, якія ім недаспадобы?"



Кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў расказвае, што сам стаў ахвярай цэнзуры: "Сюжэты з маім удзелам выразаліся, нават камэнтары. Гэта проста непрымальна. Але дзякуй расейскім каналам за тое, што асьвятляюць ход беларускай кампаніі".

Далей гаворыцца, што ўсе выпускі навінаў на Беларускім тэлебачаньні нязьменна пачынаюцца з Аляксандра Лукашэнкі: "А калі няма кандыдатаў на экране тэлевізара, на радыё, — дэмакратычнага выбару проста няма,— упэўнены іншы кандыдат Яраслаў Раманчук. -- Выбары ўжо сёньня можна лічыць недэмакратычнымі".

Вядучы радыёвэрсіі тэлеканалу "Вести FM" Уладзімер Салаўёў адзначае зьменлівасьць палітычнага настрою беларускага кіраўніцтва. Прыкладам, з вуснаў Лукашэнкі можна пачуць, што Андрэй Саньнікаў і Ўладзімер Някляеў — "прадажныя прарасейскія кандыдаты". Але яшчэ зусім нядаўна апазыцыя абвінавачвалася ў тым, што "жыруе" на грошы Захаду:
Лукашэнка ж сябе паводзіць проста як разьперазаны вясковы хуліган ...

"Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што ўлады Расейскай Фэдэрацыі спансіруюць беларускую апазыцыю. Але такое вось зласлоўе Лукашэнкі, вядома, ня можа давесьці да дабра. Неразуменьне ня толькі палітычнага палітэсу, але і нормаў чалавечага кантактаваньня выклікае вельмі вялікае засмучэньне. Дарэчы, у гэтым сэнсе вельмі палярная стылістыка заяваў Лукашэнкі і зваротаў Мядзьведзева. То бок Мядзьведзеў пры ўсім гэтым бясспрэчна карэктны, ён не дазваляе сабе ніякіх асабістых абразаў і выпадаў. Лукашэнка ж сябе паводзіць проста як разьперазаны вясковы хуліган".

Сюжэт пра ход прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі быў паказаны ў выніковай праграме "Время" на Першым расейскім канале: "За месяц да выбараў Аляксандар Лукашэнка езьдзіць з малодшым сынам па рэгіёнах і пераконвае выбарцаў, што ў краіне няма крызісу". Далей гаворыцца, што падчас выбарчай кампаніі Лукашэнка падвысіў пэнсіі на 10%, а мінімальны заробак — на 50%. Аднак беларусы ня вераць у цуд і чакаюць абвалу беларускай валюты адразу ж пасьля выбараў ці ў навагоднюю ноч, як гэта было ў 2009-м.



Спасылаючыся на сацыялягічныя апытаньні, Першы канал робіць выснову: у першым туры Лукашэнка сумленна выйграць выбары ня зможа. Аднак у Менску мала хто верыць, што падлік будзе празрыстым. Таму рыхтуюцца ня толькі да выбараў, але і да акцый пратэсту. Пры гэтым аналітыкі каналу перакананыя: сёньня Беларусь — банкрут з эканамічнага гледзішча, а рэжым Лукашэнкі "слабы як ніколі".

Пра зьніжэньне даверу грамадзянаў Беларусі да Аляксандра Лукашэнкі расказвае і расейскі тэлеканал
"Рен-ТВ":

"Нечаканы пераварот у грамадзкай думцы ў Беларусі — Аляксандар Лукашэнка губляе сваіх прыхільнікаў. Такія высновы напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў зрабіў беларускі незалежны цэнтар сацыялягічных дасьледаваньняў. За цяперашняга кіраўніка дзяржавы гатовыя паўторна галасаваць толькі 31% грамадзянаў. 33% выказаліся супраць Лукашэнкі, яшчэ 34% пакуль ня вызначыліся. Падобныя погляды для Беларусі — навіна незвычайная. Магчыма, гэта зьвязана з эканамічнай сытуацыяй: больш за 40% апытаных заявілі, што за апошні год іх матэрыяльнае становішча пагоршылася".

Расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў ня верыць у шчырасьць пазыцыі мэдыяў і тых палітычных сілаў, якія за імі стаяць. На яго думку, дастаткова Лукашэнку хоць крыху пасыпаць галаву попелам, і цяперашняя рыторыка зноў зьменіцца на "саюзьніцкую":

Сяргей Кавалёў
"Напэўна, адносна Лукашэнкі ніколі ў Крамлі ня скажуць так, як яны гавораць на адрас Саакашвілі. Маўляў, толькі тады, калі будзе іншы прэзыдэнт у Грузіі, мы, можа (і нават напэўна), пачнём нейкія адносіны, так бы мовіць, уступім у перамоўны працэс. Але з гэтым — ніколі. Як мне падаецца, пра Лукашэнку так ніколі ня будзе сказана. Усё ж у нас да гэтага часу ў аэрапортах пішуць на кабінках пашпартнага кантролю — "для грамадзянаў Саюзнай дзяржавы". Таму ўся гэтая дробная валтузьня — з шэрагу непрадказальных, з тых хадоў, якія прыстойнымі людзьмі папросту не аналізуюцца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG