Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавіцкія сябры руху "За свабоду" разам з прадстаўнікамі партыі БНФ "Адраджэньне", БСДГ, ТБМ усталявалі памятны знак у гонар 350-годзьдзя знакамітай Палонкаўскай бітвы 1660 году.

Яшчэ 16 гадоў таму назад, 4 лістапада 1994 году, на гэтым месцы былі ўпершыню ўсталяваныя камень-валун і драўляная шыльда. Урачыстае мерапрыемства, прысьвечанае Палонкаўскай перамозе, адкрыў тагачасны старшыня мясцовага сельскага савету Аляксандар Грыб, а праваслаўны і каталіцкі сьвятары асьвяцілі гэтае месца, дзе харугвы Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага здабылі перамогу над войскам маскоўскага ваяводы Хаванскага.

Праўда, празь некаторы час драўляную шыльду зьнішчылі мясцовыя вандалы. Баранавіцкія валянтэры аднавілі яе ў 2000 годзе, калі адзначаліся 340-я ўгодкі Палонкаўскай бітвы. Тым ня менш і адноўленая каляровая шыльда была зламаная невядомымі манкуртамі.

Паводле старшыні баранавіцкай арганізацыі ТБМ імя Ф.Скарыны Віктара Сырыцы, грамадзкасьць неаднаразова ўздымала пытаньне аб тым, каб аднавіць мэталічную шыльду на валуне, асабліва напярэдадні 350-х угодкаў Палонкаўскай бітвы, якія адзначаліся ў 2010 годзе:

"Баранавіцкі райвыканкам, куды мы зьвярталіся, не знайшоў сродкаў для мэталічнай шыльды. Таму на працягу году мы самастойна арганізавалі збор грашовых сродкаў і ўласнымі намаганьнямі зрабілі на мармуровым камені мэталічную шыльду ў гонар 350-годзьдзя знакамітай Палонкаўскай бітвы 1660 году".

Падчас усталяваньня шыльды да актывістаў падышла старшыня Палонкаўскага сельсавету Ніна Кісель, якая адзначыла, што ўсталяваньне памятнага знаку арганізавана без дазволу мясцовай улады, і выклікала міліцыю. Міліцыянты, аднак, ня сталі перашкаджаць, і адноўлены памятны знак застаўся на Палонкаўскім полі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG