Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".

Спадар Уладзімер, скажыце, калі ласка, якія кнігі ў нас чыталі гадоў пяцьсот назад? Ці існавала штосьці накшталт тагачасных бэстсэлераў? І, як Вы думаеце, ці будуць нашыя нашчадкі чытаць кнігі яшчэ празь пяцьсот гадоў?

Леанід Гельфанд


Калі я думаю пра чытаньне, заўсёды згадваю выслоўе Эліяса Канэці: "Табе найбольш хацелася б неўміручасьці — якая сьціпласьць! — каб чытаць".

Падданыя вялікіх князёў Жыгімонта Старога альбо Жыгімонта Вазы гэтага нобэлеўскага ляўрэата, відаць, не чыталі, але сярод іх, безумоўна, знайшліся б асобы, гатовыя падпісацца пад ягонымі словамі.

Напрыклад — паэт і філёзаф Саламон Рысінскі, што блізу 1600 году заняў пасаду прыдворнага вершатворцы і выхавальніка дзяцей у аднаго з князёў Радзівілаў. (Дарэчы, наш гісторык зь Беласточчыны Алег Латышонак лічыць спадара Саламона першым у гісторыі беларусам — на той падставе, што Рысінскі ў шматлікіх вандроўках па Эўропе нязьменна менаваў сябе "леўкарусус": "леўкос" у перакладзе з грэцкай азначае "белы".) Пасьля сябе паэт пакінуў 1000-тамовую бібліятэку, дзе Гамэр, Герадот і Ювэнал суседзілі з Томасам Морам, Ульрыхам фон Гутэнам, Янам Каханоўскім...

У зборы старэйшага Саламонавага сучасьніка Сімяона Полацкага, што зьдзейсьніў сапраўдную культурную рэвалюцыю ў Маскве, знаходзіліся творы Цыцэрона, Тамаша Аквінскага, Эразма Ратэрдамскага, айцоў хрысьціянскай царквы, граматыкі, слоўнікі, зельнікі. Хацеў бы я зазірнуць і ў трактат пад назовам "Книга преудивительная таинств женских, еще о силах трав, каменей, зверей, птиц и рыб…" Дзяку-маскоўцу, што рабіў вопіс Сімяонавай спадчыны, часта неставала адукацыі, і ён пазначаў :"Книга всего мира описание" або "Творение Андриана Тулия, латинское".

Апісаньня Скарынавай бібліятэкі не захавалася, але можна меркаваць, што яна шмат у чым нагадвала кнігазборы асьвечаных суайчыньнікаў.

Але мы вялі гаворку пра асобаў выбітных. А што ўяўляла сабой кола чытаньня паспалітага люду?

Яно было абумоўлена ўлучанасьцю Літвы-Беларусі ў агульнаэўрапейскую культурную прастору.

Вялікай папулярнасьцю карысталіся беларускія пераклады "Гісторыі пра Атылу" , "Аповесьці пра Баву" і "Аповесьці пра Трышчана і Іжоту". Згаданыя творы ўводзілі продкаў у рыцарскі сьвет Заходняй Эўропы. Уладкаваўшыся ў доўгі зімовы вечар каля цёплай кафлянай грубкі з выявамі радавога ці гарадзкога герба, шляхціч або заможны рамесьнік разгортваў прыгодніцкі раман "Александрыя". Дачытаўшы апісаньне паходу Аляксандра Македонскага на загадкавы Ўсход, такі чытач меў магчымасьць узяцца за "Аповесьць пра Трою".

Пералічаныя зараз кнігі і можна назваць тагачаснымі бэстсэлерамі. "Александрыю" і "Трою" згадвае ў адной з сваіх прадмоваў да біблійных кніг Скарына. Ягоную Біблію не рызыкну далучаць да бэстсэлераў, бо гэта будзе патыхаць блюзьнерствам.

Устойлівы попыт у вузкіх колах мела літаратура, якую можна назваць спэцыяльнай. Зьвездары-астролягі, напрыклад, штудыявалі "Шасьцікрыл", трактаты "О седми звездах великих яже ся наричаются планеты" і "12 звезд, што владеют ко 12 частям человеческим". Будучыню спрабавалі расчытаць і рознымі іншымі мэтадамі, у тым ліку па авечай лапатцы. Настаўленьнем тут служыла кніга "Лапатачнік", што цалкам называлася "Книга от Петра египтянина, иже научаются ведати неисходимого плеча овец".

Ува ўсе часы адукаванага чалавека вабіла літаратура забароненая, якая тады (хоць інквізыцыя і праіснавала ў нас усяго некалькі дзесяцігодзьдзяў) патыхала дымком. Уначы, завесіўшы вокны ды зачыніўшы дзьверы на засаўкі, полацкі ці віленскі месьціч браў у рукі крамольную "Арыстотэлеву Браму", адкуль даведваўся "о премудростях особных и таиниц хованых, и о каменех дорогих, о премудрости порсунной, о белости, о власех, о бровех, о ноздрех, о челе, о устех, о лице, о ушию, о гласе, о шии, о чреве и о персех, о плечех и хребте".

Не выключаю, што нехта з тых чытачоў разважаў, ці будуць — калі, зразумела, ня здарыцца канца сьвету — чытаць кнігі ў ХХІ стагодзьдзі. Мы — чытаем. Будуць займацца гэтым і празь пяць вякоў. Можа, яшчэ й нашы сёньняшнія бэстсэлеры перавыдадуць.

Выйшаў жа колькі гадоў таму беларускі "Трышчан", да якога прыклаў руку (і грошы) былы польскі амбасадар Марыюш Машкевіч. У сакавіку 2006-га ён сядзеў у турме на Акрэсьціна ў суседняй камэры з маім сынам Багданам, дык я заадно занёс пару перадачак і Марыюшу. Як бачым, недарэмна.

А на заканчэньне яшчэ адна цытата з Канэці: "Чытаць, пакуль вейкі ціхенька не зазьвіняць ад стомы".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG