Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат на прэзыдэнты Яраслаў Раманчук распачаў сваю агітацыйную кампанію на беларуска-украінскай мяжы. Каля памежнага пераходу "Тамашоўка" ён выкапаў і абрынуў памежны слуп. Цягам дня кандыдат сустрэўся з прадпрымальнікамі на рынках, выбаршчыкамі Берасьця.

Яраслаў Раманчук заявіў, што пэрформанс, зладжаны каля дзяржаўнай мяжы сымбалізуе сабою зьнішчэньне старога і пачатак будаўніцтва новага жыцьця, новай краіны. Ён таксама дадаў, што Беларусь павінна быць адкрытай краінай:

"Мы сьведчым, што Беларусь цяпер будзе будавацца на эўрапейскіх каштоўнасьцях. Гэта тое, што дасьць магчымасьць для заможнасьці, эўрапейскасьці. І наступны момант – Беларусь павінна быць сябрам Эўрапейскага зьвязу. Таму гэтыя межы і слупы павінны перамясьціцца на Ўсход. І таму мы пачынаем кампанію менавіта тут, на Берасьцейшчыне. Бо за мяжой у суседняй Польшчы, якая выбрала эўрапейскі накірунак, нават заробкі ўжо дасягаюць паўтары тысячы даляраў, а ня так як ў нас – 400. Таму будзем будаваць новае, захаваем лепшае".
Беларусь павінна быць сябрам Эўрапейскага зьвязу. Таму гэтыя межы і слупы павінны перамясьціцца на Ўсход.

Памежнікі не перашкаджалі, калі Раманчук выкопваў слуп, але кансультаваліся ўвесь час з кімсьці па тэлефоне і папярэджвалі, што маюць права праверкі дакумэнтаў асобаў, якія наведаліся ў памежную зону, запытваліся пра акрэдытацыю ў журналістаў:

"На падставе закону Рэспублікі Беларусь, памежнік мае права праверыць дакумэнты асобаў, якія наведваюць прымежную зону. Таксама нам цікава, ці маеце вы акрэдытацыю і ці маюць акрэдытацыю журналісты".

Дакумэнты ніхто не правяраў, пасьля тэлефонных кансультацыяў памежнікі не сталі перашкаджаць.

Пасьля пэрформансу каля мяжы кандыдат на прэзыдэнта наведаў сястру савецкага касманаўта зь Берасьцейшчыны Пятра Клімука Антаніну Лушчай зь вёскі Камароўка:

"Ведаеце, я за вашага прэтэндэнта галасаваць ўсё роўна ня буду. Таму буду гаварыць ня тое, што вам патрэбна, але толькі тое, што думаю. Я задаволена з існуючай сытуацыі, дый ня ведаю нікога, акрамя дзейнага кіраўніка краіны".

Зрэшты, большасьць вяскоўцаў ня ведаюць кандыдатаў, альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку і выказваюць задаволенасьць існуючай сытуацыяй:
Я задаволена з існуючай сытуацыі, дый ня ведаю нікога, акрамя дзейнага кіраўніка краіны

"У палітычным пляне ў нас заўсёды вельмі ціха. Усе ходзяць на выбары, амаль 100%. Ёсьць толькі пару чалавек. Але мы амаль нічога ня ведаем пра альтэрнатыўных кандыдатаў. Сюды ж вельмі мала хто прыяжджае".

Падчас сустрэчы з выбаршчыкамі Яраслаў Раманчук адзначыў, што цяпер галоўнай задачай зьяўляецца пераканаць людзей у тым, што на самой справе існуе альтэрнатыва. Толькі такім чынам выбаршчыкі будуць бараніць свае галасы 19 сьнежня:

"Калі людзі пабачаць і пераканаюцца, што гэтыя кандыдаты прапануюць ім лепшую Беларусь, далучацца да дэмакратычных кандыдатаў тыя, хто жадае зьменаў ў эканамічных і сацыяльных аспэктах, то я думаю, што нашмат больш людзей будзе бараніць нашу перамогу, бараніць дэмакратыю, чым было ў 2006 годзе".

22 лістапада Яраслаў Раманчук наведае Кобрынь.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG