Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 лістапада 1996 году Канстытуцыйны Суд Беларусі павінен быў разглядаць справу "Аб парушэньні Канстытуцыі прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам". Аднак, падзеі пайшлі па іншым сцэнары.

У жніўні 1996-га Аляксандар Лукашэнка прапанаваў правесьці рэфэрэндум па зьменах у Канстытуцыю, у тым ліку і тых, што істотна пашыралі правы прэзыдэнта. У лістападзе таго ж году група дэпутатаў Вярхоўнага Савету выступіла зь ініцыятывай імпічмэнту Лукашэнкі. 21 лістапада ў Менску высадзіўся расейскі дэсант, у складзе якога былі прэм'ер-міністар Віктар Чарнамырдзін і ягоны намесьнік Валеры Сяроў, старшыня Дзярждумы Генадзь Селязьнёў і старшыня Савету Фэдэрацыі Ягор Строеў. У ноч з 21 на 22 лістапада яны правялі перамовы з кіраўніцтвам Беларусі, у выніку якіх было падпісана "Пагадненьне аб грамадзка-палітычнай сытуацыі і аб канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь".

На 22 лістапада 1996 году ў Канстытуцыйным Судзе быў прызначаны разгляд справы "Аб парушэньні прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь". Але ён не адбыўся — старшыня Канстытуцыйнага Суду Валеры Ціхіня раніцай прадэманстраваў судзьдзям іншы дакумэнт, так званы “нулявы варыянт”. Фармальна Лукашэнка пагаджаўся на "дарадчы характар" рэфэрэндуму, а Вярхоўны Савет адклікаў з Канстытуцыйнага суду справу аб парушэньні кіраўніком дзяржавы Канстытуцыі. Аднак зь ініцыятывы фракцыі "Грамадзянскае дзеяньне" такое пагадненьне Вярхоўны Савет не ратыфікаваў. Згадвае дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, удзельнік начных перамоваў Сяргей Калякін:

Сяргей Калякін
"Мы галасавалі разоў 6, і пайменна, і таемна, і не хапала 2-3 галасоў, каб рашэньне было прынята. Але калі Вярхоўны Савет праваліў гэта пагадненьне, Лукашэнка абвясьціў, што ён свабодны ад абавязкаў, і ён наноў увёў указ аб тым, што абавязковы рэфэрэндум. І мы атрымалі, на жаль, канстытуцыйны пераварот, атрымалі непрызнаньне ўсім сьветам парлямэнту. На жаль, Вярхоўны Савет упусьціў рэальную магчымасьць для таго, каб не дапусьціць усталяваньня дыктатуры ў Беларусі. І гэты канстытуцыйны крызыс працягваецца і па сёньняшні дзень".

На думку тагачаснага судзьдзі Канстытуцыйнага Суду прафэсара Міхаіла Пастухова, гэта ноч стала кульмінацыйнай, зьмяніла вэктар разьвіцьця беларускай гісторыі:

Міхаіл Пастухоў
"Гэта была ноч здрадніцтва. Фактычна гэта было згортваньне дэмакратыі беларускай. Гэта была ноч, якая потым павісла над усёй нашай гісторыяй на доўгія гады. Гэта быў канстытуцыйны крызыс, гэта была зьмена ўлады ў абыход канстытуцыі, гэта была, дакладней, барацьба за ўладу".

У перамовах зь беларускага боку бралі ўдзел Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік ураду Міхаіл Мясьніковіч, старшыня Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі, старшыня Канстытуцыйнага Суду Валер Ціхіня і судзьдзя Рыгор Васілевіч, старшыня самай прадстаўнічай фракцыі – камуністаў – Сяргей Калякін. Пазьней да іх далучыўся намесьнік старшыні парлямэнту Генадзь Карпенка. Многія экспэрты абвінавачваюць ва ўсім расейскі бок: маўляў, спроба імпічмэнту правалілася дзякуючы намаганьням Крамля. Сяргей Калякін наконт ролі расейскіх міратворцаў выказаў такое меркаваньне:

"Расея нічога не магла прымаць. Усё прымаў беларускі бок. Вярхоўны Савет і прэзыдэнт мелі паўнамоцтвы. Расейцы перажылі 1993 год: расстрэл уласнага парлямэнту. Усе перамовы яны пачыналі з таго: мы хацелі б, каб бакі знайшлі нейкае паразуменьне мэтадам перамоваў, кансэнсусу, кампрамісу. Больш ні на чым яны не настойвалі. Адзінае, яны прапанавалі "нулявы варыянт".

23 лістапада Лукашэнка заявіў пра абавязковы характар рэфэрэндуму. А пасьля рэфэрэндуму ён распусьціў Вярхоўны Савет, з прапрэзыдэнцкіх дэпутатаў сфармаваў двухпалатны парлямэнт Нацыянальны сход, які не прызнала міжнародная супольнасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG