Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Сідорскі сьпяшаюцца ў АЭП


Сяргей Сідорскі і Ўладзімер Пуцін, архіўнае фота.

Сяргей Сідорскі і Ўладзімер Пуцін, архіўнае фота.

Прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін упэўнены, што Масква, Менск і Астана патрапяць узгадніць дакумэнты па адзінай эканамічнай прасторы да сустрэчы прэзыдэнтаў трох краін, якая мае адбыцца 9 сьнежня. Пра гэта ён заявіў у Пецярбургу падчас пасяджэньня кіраўнікоў урадаў краін Мытнага саюза.

Паводле расейскага прэм’ера, ужо 15 кастрычніка былі зьнятыя ўсе канцэптуальныя рознагалосьсі і знойдзены разьвязкі па самых складаных пытаньнях, якія тычацца энэргетыкі і чыгуначнага транспарту. У выніку цяпер падпісваецца частка дакумэнтаў зь вялікага пакету. Яшчэ шэраг дакумэнтаў знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасьці, і іх падпісаньне можа быць прымеркавана да саміту прэзыдэнтаў «тройкі » 9 сьнежня.

«Упэўнены, мы маглі б завяршыць працу над усім пакетам АЭП менавіта да гэтай даты. Са свайго боку настроены менавіта на такую працу».

Падчас прэс-канфэрэнцыі Ўладзімер Пуцін заявіў, што мыта на сырую нафту можа быць адмененае, але пры ратыфікацыі, а не падпісаньні ўсяго пакета дакумэнтаў аб стварэньні АЭП.

Паводле маскоўскага палітоляга Андрэя Суздальцава, расейскі прэм’ер, аднак, не абяцаў, што на бязмытнай аснове будзе і продаж нафтапрадуктаў за мяжу.

«Тут ёсьць пра што турбавацца беларускаму боку. Яны хацелі б атрымаць бязмытную расейскую нафту і перапрадаваць нафтапрадукты безь яе. Гэта традыцыйная беларуская схема — пасярэднічаць пры продажы чужога».

Раней расейскае міністэрства фінансаў прапанавала схему, паводле якой Беларусь атрымае бязмытную нафту ўзамен на мыта на нафтапрадукты, якое павінна поўнасьцю паступаць у расейскі бюджэт.

Пасьля пасяджэньня «тройкі» Мытнага саюзу ў Пецярбургу Ўладзімер Пуцін адзначыў, што Расея гатовая прыслухацца да рэкамэндацыі эканамічнага суду СНД і часова прыпыніць забіраньне мыта на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь. Ён адзначыў, што гэтая тэма закраналася і «гэтая дыскусія будзе працягнутая» на сустрэчы зь Сяргеем Сідорскім. Аднак, паводле Пуціна, беларускі бок ведае пазыцыю Расеі, і раней падпісаныя кантракты павінны выконвацца.

Андрэй Суздальцаў адзначыў:
Расея стымулюе Лукашэнку хутчэй падпісаць гэтыя дакумэнты, цудоўна разумеючы, што ён выконваць іх ня будзе.

«Беларускі бок сьпяшаецца падпісаць дакумэнты па АЭП. Ён разьлічвае, што падпісаўшы іх і хутчэй ратыфікаваўшы, застрахуе прызнаньне вынікаў галасаваньня 19 сьнежня, прэзыдэнцкіх выбараў. Расея будзе вымушана гэтыя выбары прызнаць, бо прэзыдэнт, які перамог на іх, будзе гарантаваць выкананьне гэтых пагадненьняў. Расея стымулюе Лукашэнку хутчэй падпісаць гэтыя дакумэнты, цудоўна разумеючы, што ён выконваць іх ня будзе».

Камэнтуючы прысьпешваньне стварэньня адзінай эканамічнай прасторы з боку Расеі, палітоляг Андрэй Фёдараў адзначыў:

«Іх усё ж трывожыць, што Беларусь зараз, ва ўсялякім разе зьнешне, энэргічна ажыцьцяўляе кантакты з Захадам, найперш з Эўразьвязам. Нельга выключаць, што яны баяцца, што Беларусь уплыве з рук. Таму хочуць яе ўтрымаць. Цяжка думаць, што яны так клапоцяцца пра наш дабрабыт, што сьпяшаюцца як мага хутчэй зрабіць нам добрае. У гэта мне нешта слаба верыцца».

Мытны саюз ці адзіны мытны тарыф працуе з 1 студзеня гэтага году. У ліпені ўступіў у сілу Мытны кодэкс Мытнага саюзу. Канчаткова ўсе мытныя бар’еры павінны быць ліквідаваны да ліпеня 2011 году. Адзіная эканамічная прастора Мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану павінна паўнавартасна запрацаваць у 2012 годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG