Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як вы думаеце, ці трэба Лукашэнку ўдзельнічаць у тэледэбатах зь іншымі кандыдатамі на прэзыдэнта?». Адказваюць гамельчукі.

Спадар: «Абавязкова павінен! Я думаю, у іншых кандыдатаў будуць да яго пытаньні, на якія ён абавязаны адказаць».

Спадарыня: «Павінен. Ён жа прэзыдэнт, і абавязкова павінен даказаць, што ён годны быць прэзыдэнтам нашай краіны».

Спадар: «Павінен даказаць сваю мэтазгоднасьць знаходжаньня. Надакучыў ужо».

Спадарыня: «Ён на такіх жа правах, як і ўсе. У кожнага з нас ёсьць свабода выбару».

Спадар: «Маё меркаваньне — няхай ён вырашае сам».

Спадар: «Усе павінны быць на роўных правах. Чаму наш прэзыдэнт павінен адмаўляцца ад тэледэбатаў? Лічу, што будуць зададзены важныя пытаньні, на якія ён абавязаны адказаць. Звычайна прэзыдэнт выступае па нейкіх „загатоўках“, і мы ня можам ацаніць ягоныя рэальныя думкі ў такой сытуацыі».

Спадар: «Мы павінны ўбачыць, як ён адказвае на пытаньні ў рэальных абставінах, на пытаньні жывых людзей. Не зманціраваны запіс, а жывы эфір».

Спадар: «Можна паглядзець, з аднаго боку, як ён кажа, што ён шмат працуе, і ягоная праца бачная. Таму, маўляў, яму нічога даказваць ня трэба. Зь іншага боку, да яго ёсьць прэтэнзіі, і на гэтыя прэтэнзіі хацелася б атрымаць адказы. А задаць гэтыя пытаньні ў рэальных умовах ня надта атрымліваецца».

Спадарыня: «Чаму б не распавесьці пра сваю праграму, ня выказаць прэтэнзіі адзін аднаму, пажаданьні на дарогу».

Спадар: «Абавязкова! Даказаць, правільную палітыку ён вядзе, ці не».

Спадар: «Я думаю, што так. Ён жа такі прэтэндэнт на выбарах, як і ўсе астатнія. Магчыма, сваю лінію вылучыць, штосьці даказаць, расказаць».

Спадар: «Тэледэбаты не ў наўпроставай трансьляцыі — гэта фарс. Я наагул ня бачу сэнсу ў гэтых выбарах, бо гэта фарс. Усе даўно ўжо ведаюць вынікі гэтых выбараў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG