Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтаў зноў пагоняць галасаваць датэрмінова?


Алег Гулак, Валянцін Стэфановіч падчас прэсавай канфэрэнцыі актывістаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Алег Гулак, Валянцін Стэфановіч падчас прэсавай канфэрэнцыі актывістаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Актывісты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падсумавалі вынікі назіраньня за чарговым этапам выбарчай кампаніі.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначае, што сябры ініцыятыўных групаў мелі больш магчымасьцяў зьбіраць подпісы, нават ў рэгіёнах, а ня толькі ў Менску. Дапамаглі як зьмены ў выбарчы кодэкс, так і зьмена стаўленьня да гэтых працэсаў з боку мясцовых уладаў. Але на гэтым выразныя плюсы кампаніі заканчваюцца:

Валянцін Стэфановіч: «Калі мы гаворым пра лібэралізацыю і дэмакратызацыю выбарчага працэсу, дык мусім яго ацэньваць цалкам. З аднаго боку, сапраўды ўмовы працы ініцыятыўных груп сталі лепшымі ў параўнаньні зь мінулымі выбарамі. Але што да адміністрацыйнага рэсурсу, то мы не назіраем тут паляпшэньня.
Якая лібэралізацыя, калі працаўніцы дзіцячых садкоў ці іншыя мала абароненыя групы былі вымушаныя зьбіраць подпісы за Аляксандра Лукашэнку.
Якая лібэралізацыя, калі працаўніцы дзіцячых садкоў ці іншыя мала абароненыя групы былі вымушаныя зьбіраць подпісы за Аляксандра Лукашэнку, і такіх фактаў мы назіралі вельмі шмат».

З 51 пададзенай у камісіі паводле абставінаў збору подпісаў скаргі былі задаволеныя толькі 3, адзначаюць праваабаронцы. Яны мяркуюць, што рэальна не правяраліся факты, калі зборшчыкаў подпісаў не пускалі ў студэнцкія інтэрнаты, а таксама скаргі на выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу для збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Тое, што правяраючыя не знайшлі ніводнага парушэньня падчас збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку праваабаронцы лічаць паказальным:

«ЦВК падыходзіў вельмі па-рознаму да праверкі скаргаў. Калі па скарзе на ініцыятыўную групу Някляева яму вынесьлі папярэджаньне, то ніводная скарга на дзеяньні ініцыятыўнай групы Лукашэнкі нібыта не пацьвердзілася».

Цалкам непразрыстым назвалі праваабаронцы працэс праверкі сабраных за кандыдатаў подпісаў. У прыватнасьці, вынікі праверак, якія рабілі тэрытарыяльныя камісіі, праваабаронцы нідзе знайсьці не патрапілі.

На якіх магчымых парушэньнях варта засяродзіць увагу на наступным этапе выбарчай кампаніі? Актывісты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» не выключаюць парушэньняў у фармаваньні выбарчых фондаў і выкарыстаньні сродкаў зь іх. Але больш заўваг чакаюць адносна вядомага адміністрацыйнага рэсурсу. Як кажа Алег Гулак, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту, ужо пачалася арганізацыйная падрыхтоўка для забесьпячэньня датэрміновага галасаваньня ў памерах, якія патрэбныя ўладзе:

«Паводле дадзеных, ужо прайшла нарада з удзелам кіраўнікоў вышэйшых навучальных установаў, дзе была даведзена інфармацыя, што яны мусяць забясьпечыць 90% удзелу студэнтаў у датэрміновым галасаваньні. Паўтаруся, пакуль гэта неафіцыйная інфармацыя. Але гэта мы будзем правяраць, гэта будзе прадметам нашай цікавасьці падчас новага этапу выбарчай кампаніі».

Праваабаронцы адзначылі як станоўчы момант тое, што прынамсі ў Менску пад пляцоўкі для агітацыі выдзелена болей за 100 аб’ектаў. Пры гэтым было выказана абурэньне тым, што шмат дзе ў рэгіёнах месцы пад агітацыю выдзяляліся фармальна: прыкладам, у Берасьці агітацыйныя сходы дазволілі на полі, на якім раней было разьмешчанае стрэльбішча. «Добра яшчэ, што стрэльбішча былое», — пажартавалі праваабаронцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG