Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У беларускім заканадаўстве няма правілаў, якія б прадугледжвалі публікацыю мэдычных бюлетэняў пра стан здароўя прэзыдэнта або прадстаўленьне кандыдатамі на прэзыдэнцкую пасаду адпаведных мэдычных даведак у ЦВК. Ня дзейнічаюць падобныя законы і ў іншых постсавецкіх краінах. Хаця заклікі адносна іх увядзеньня ўсё часьцей можна пачуць ад саміх заканадаўцаў. Апошнім часам з такімі ініцыятывамі выступалі дэпутаты Эстоніі, Украіны, Кіргізстану…

Напярэдадні выбараў 19 сьнежня Свабода пацікавілася, што думаюць на гэтую тэму кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі, як самі гэтыя людзі падтрымліваюць здаровы лад жыцьця і з чаго б яны пачалі зьмены ў айчыннай ахове здароўя.

Сёньня на нашы пытаньні адказвае Дзьмітры ВУС.

Дзьмітры Вус (39 гадоў, рост 190 см, вага 100 кг, рабочы ціск (калі мерае) 130-120/80).

"Свабода": Спадар Вус, калі б вы сталі прэзыдэнтам, якія б зьмены ў галіне аховы здароўя вы палічылі б найпершымі?"

ВУС: "Калі гаварыць пра сыстэму аказаньня мэдычнай дапамогі, то я ў першую чаргу зьвярнуў бы ўвагу на рэанімацыйныя службы ў шпіталях. Я б абсталяваў гэтыя аддзяленьні камэрамі відэанагляду. Бо пацыенты знаходзяцца там у закрытых умовах. Доступ да іх маюць толькі лекары, якія далёка не заўсёды належным чынам ставяцца да хворых. Я быў у рэанімацыі. У 2004 годзе, калі я пайшоў на плянавую апэрацыю і ня выйшаў з наркозу, я ляжаў два месяцы ў коме з таксычным атручэньнем. Я добра валодаю гэтай тэмай. Зразумела, ёсьць выключэньні, якія сьведчаць пра годнае служэньне мэдыкаў сваёй прафэсіі. Вельмі часта гэта, на жаль, ня так. Жахлівыя бываюць выпадкі. Усё гэта неабходна мяняць".

"Свабода": "Ці вы за тое, каб беларускія СМІ інфармавалі грамадзкасьць пра стан здароўя кандыдатаў на прэзыдэнта? Як вы ставіцеся да таго, каб у Беларусі, як робіцца ў дэмакратычных краінах, прэзыдэнт праходзіў рэгулярныя плянавыя мэдычныя агляды і каб гэтыя зьвесткі таксама друкаваліся ў мэдыях?"

ВУС
: "Зразумела, гэтая тэма не павінна быць закрытай. Аднак што разумець пад словамі "плянавы рэгулярны кантроль?" Прыкладна гэтаксама часта, як у працаўнікоў сыстэмы харчаваньня? Дык гэта перабор. А ўвогуле, ведаеце, у межах нашай пакуль што не дэмакратычнай дзяржавы пра гэта рана гаварыць. У нас няма кантролю над уладаю ў шмат якіх іншых пытаньнях. Калі будзе дэмакратыя, тады можна будзе разважаць і на гэтую тэму. А пакуль гэта пустое".

"Свабода": "Але ж вы ня будзеце спрачацца, што прэзыдэнту і нават кандыдату на прэзыдэнта патрэбнае добрае здароўе. Або такая праца не вымагае шмат сілаў?"
Калі будзе дэмакратыя, тады можна будзе разважаць і на гэтую тэму. А пакуль гэта пустое.


ВУС: "Вымагае. Я быў дэпутатам Менгарсавету і ведаю гэта. Што да цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі, дык яна патрабуе яшчэ больш сілаў. Тут трэба сутыкацца і з большым аб'ёмам інфармацыі, і з большай колькасьцю спраў. Але такія нагрузкі звыклыя для мяне, бо я быў дэпутатам. Хаця, калі гаварыць пра нагрузкі, то, апрача кампаніі, у мяне яшчэ ёсьць асноўная праца, ёсьць сямейныя абавязкі, ёсьць дзіцё, а таксама цяжарная жонка, якія патрабуюць увагі".

"Свабода": "Як вы падтрымліваеце сваю фізычную форму?"

ВУС: "Бегаю ў парку, што непадалёк ад дома. Раблю зарадку. У мяне дома турнік. Кожную раніцу — кантрасны душ. Усё гэта дапамагае трымаць форму. Дарэчы, гэтага стылю прытрымліваюся ўсё жыцьцё. Да таго ж я прыхільнік цьвярозасьці. Не куру. Выпіваю даволі рэдка. На сьвяты. Прычым гэта выключна добрае віно або каньяк".

"Свабода": "На вашу думку, кіраўнік дзяржавы павінен абавязкова быць спартовым чалавекам?"

ВУС: "Не. Не абавязкова. Кіраўнік краіны павінен быць мудрым чалавекам. А потым ужо ўсё астатняе. А мудрасьць часам прыходзіць і ў выніку страты здароўя. Такі спартова-пасьпяховы чалавек не заўсёды ў поўнай меры можа адчуць тую сытуацыю, у якую трапілі іншыя, зразумець гэтых людзей".
Самае асноўнае, каб з галавой усё было добра.


"Свабода": "Ці ёсьць, як вы лічыце, хваробы, зь якімі нельга ісьці ў прэзыдэнты?"

ВУС: "Самае асноўнае, каб з галавой усё было добра. Так я думаю. Канечне, пажадана, каб нічога не балела. Але тое, што пасьля галавы — ногі, рукі — дык гэта другаснае. Гісторыя ведае і такіх прэзыдэнтаў".

"Свабода": "Наконт уласнай галавы самому не заўсёды можна зразумець — патрэбны спэцыяліст… Перад тым як прыняць рашэньне пайсьці на прэзыдэнта, у вас не было жаданьня прайсьці мэдычны агляд?"

ВУС: "Што да мэдычнага агляду, то я праходжу камісіі як кіроўца і як паляўнічы. Апошняя такая камісія была сёлета ў жніўні.
У паліклінікі не хаджу. Таблетак увогуле не прымаю аніякіх. Няма ў гэтым патрэбы.
Мяне досыць пільна правяралі фізычна і псыхічна, паколькі маю карабін, стрэльбу. Я здаровы.

У паліклінікі не хаджу. Таблетак увогуле не прымаю аніякіх. Няма ў гэтым патрэбы. Што да прышчэпак супраць грыпу, то таксама вырашыў устрымацца ад гэтага. Лічу, што ня кожны арганізм можа ўспрыняць вакцыну як трэба. Я ведаю, што ў некаторых выпадках прышчэпкі прыводзілі нават да сьмяротных вынікаў".

"Свабода": "Ну, а калі, крый Божа, раптам здарыцца нейкая хвароба з вамі ці з блізкімі, то ў паліклініку пойдзеце? Або, можа, будзеце лекавацца народнымі сродкамі ці ўвогуле зьвернецеся да прадстаўнікоў нетрадыцыйнай мэдыцыны? Якой форме лекаваньня вы аддаяце перавагу?"

ВУС: "Я за тую форму лекаваньня, якая рэальна дапамагае людзям. Калі людзям у стане рэальна дапамагчы традыцыйныя мэдыкі, тады добра. Часам для паляпшэньня самаадчуваньня чалавеку дастаткова псыхалягічнай падтрымкі. Памятаеце, быў час Кашпіроўскага, калі ўсе зьбіраліся ля тэлевізараў, ставілі слоікі з вадой, цюбікі з крэмамі, каб іх гэтыя розныя экстрасэнсы зарадзілі. І ўсе верылі ў гэтую цудадзейнасьць. Напэўна, усё гэта і дапамагала. Чалавеку можна намовіць шмат пазытыўнага. Наша здароўе і самаадчуваньне залежаць ад гэтага".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG