Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджанскія ўлады выпусьцілі на волю другога блогера


Эмін Мілі
Эмін Мілі
Суд у Азэрбайджане сёньня задаволіў просьбу Эміна Мілі (Абдулаева) аб датэрміновым вызваленьні. Учора, на дзень раней, на волю выйшаў асуджаны па адной справе зь ім Аднан Гаджызадэ. Два блогеры, за якіх заступаўся і Барак Абама, адсядзелі большую частку тэрміну.

Мілі і Гаджызадэ ў сваіх выказваньнях у інтэрнэце актыўна крытыкавалі кіруючы клан Аліевых. Летась яны разьмясьцілі ў інтэрнэце так званую “асьліную прэс-канфэнцыю”. У роліку чалавек, апрануты ў касьцюм асла, даваў адказы на пытаньні журналістаў. Паралель кіраўніка з аслом была занадта відавочнай.

Неўзабаве маладых людзей абвінавацілі ў хуліганстве за тое, што яны нібыта зьбілі двух чалавек у бакінскім рэстаране. Абвінавачаныя сьцьвярджалі, што напалі не яны, а на іх. Тым ня менш суд прыгаварыў блогераў да двух і двух з паловай гадоў турмы. Праваабаронцы абвясьцілі іх вязьнямі сумленьня. З заклікам вызваліць блогераў да ўладаў Азэрбайджану зьвярталіся АБСЭ, Рада Эўропы і прэзыдэнт ЗША Барак Абама.

Гаджызадэ, які ў вядомым роліку выконваў ролю асла, адразу пасьля свайго вызваленьня пачаў патрабаваць выхаду на волю таварыша. Сёньня суд вызваліў і Эміна Мілі, замяніўшы і яму астатак тэрміну на ўмоўнае зьняволеньне. За кратамі блогеры правялі больш за год. Прычым ранейшыя апэляцыі на прысуд усе суды Азэрбайджану, улучна з Вярхоўным судом, адхілялі.

На пытаньні журналістаў, ці будзе ён працягваць пісаць блогі, Эмін адказаў: “Я буду працягваць сваю дзейнасьць, як і раней. Я буду запісваць мае думкі, паспрабую быць карысным для нашага грамадзтва. Працягваць блогі? Канешне буду. Пісаць, выказваць свае думкі, распаўсюджваць іх. У сучасным сьвеце гэта робіць кожны”.

Вызвалены ўчора блогер на падобнае пытаньне адказаў тое самае: што не зьбіраецца мяняць сваё жыцьцё і звычкі. Гаджызадэ таксама сказаў, што не зьбіраецца нікуды зьяжджаць з краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG