Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла напісала адкрыты ліст прэзыдэнту Літоўскай Рэспублікі Далі Грыбаўскайце, у якім заявіла, што “менавіта Лукашэнка быў і застаецца галоўнай пагрозай для беларускага сувэрэнітэту”.

Як паведамляе "Салідарнасьць", у сваім лісьце Івонка Сурвіла піша Далі Грыбаўскайце: “Беларускае грамадзтва з трывогай успрыняло Вашую безумоўную падтрымку Аляксандру Лукашэнку як прэзыдэнцкаму кандыдату, які, нягледзячы на добрую волю Эўразьвязу, ня толькі не выконвае ўмовы Эўропы адносна палітычнага ладу і правоў чалавека ў Беларусі, але і ўпарта працягвае нішчыць нацыянальныя вартасьці беларускага народу”, -- лічыць Івонка Сурвіла.

“Сваю пазыцыю Вы, спадарыня прэзыдэнт, аргумэнтуеце жаданьнем стабільнасьці, -- заўважае старшыня Рады БНР. -- Дазволю сабе нагадаць эпізоды з нядаўняй гісторыі, якія сьведчаць, што салідарнасьць прыхільнікаў дэмакратыі можа мець куды больш пазытыўны вынік, чым жаданьне захаваць стабільнасьць. У 1989 годзе менавіта ў Вільні на запрашэньне тагачаснага кіраўніцтва Літвы быў праведзены першы з’езд Беларускага Народнага Фронту, які вылучыў ідэю аднаўленьня беларускай Незалежнасьці. У студзені 1991 года, калі Гарбачоў вырашыў увесьці ў Літве “надзвычайнае становішча”, каб зьнішчыць незалежнасьць Літвы, маскоўскія войскі атакавалі тэлецэнтар у Вільні, загінулі мірныя людзі. Гэтыя дзеяньні Крэмль тлумачыў у тым ліку і неабходнасьцю “захаваць стабільнасьць” ў савецкай імпэрыі. У тыя дні Вільню наведала група дэпутатаў беларускага парлямэнту, і дэпутат фракцыі Народнага Фронту Сяргей Навумчык выступіў ў літоўскім парлямэнце са словамі салідарнасьці і з заклікам да членаў замежных парлямэнцкіх дэлегацый не пакідаць будынак, пакуль існуе пагроза ягонага штурму. У тыя дні беларускія нацыянальныя сілы тады падтрымалі Літву ў крытычны для яе час, насуперак жаданьню Крамля. Нагадаю таксама, што ў той час шмат хто на Захадзе быў схільны апраўдаць дзеяньні Гарбачова, які, як ім здавалася, быў гарантам стабільнасьці”.

Далей Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла адзначае: “Гісторыя, аднак, распарадзілася па-іншаму – менавіта салідарнасьць нацыянальных рухаў паспрыяла распаду савецкай імпэрыі. Мне прыемна, Вельмі Паважаная Спадарыня Прэзыдэнт, адчуваць і сёньня салідарнасьць Літвы ў дачыненьні да Беларусі. Мне зразумелы Ваш клопат адносна беларускай незалежнасьці, калі некаторыя цяперашнія кандыдаты ў прэзыдэнты выказваюць празьмерныя сымпатыі да Расеі, тым часам як уся гісторыя паказвае, што Масква заўсёды імкнулася захапіць нашую краіну. Але менавіта палітыка Лукашэнкі за шаснаццаць гадоў ягонага прэзыдэнцтва прывяла да палітычнай і эканамічнай залежнасьці Беларусі ад Расеі. Праз доўгія гады свайго прэзыдэнцтва ён быў гатовы далучыць Беларусь да Расеі ў прыдуманай Масквой “саюзнай дзяржаве”.

“Прэзыдэнт Лукашэнка зьняважыў нацыянальныя сымбалі, у Беларусі вынішчаецца нацыянальная культура, зачыняюцца беларускія школы, праводзіцца татальная русыфікацыя – гэта дае падставы меркаваць, што ў сваім стаўленьні да беларускай Незалежнасьці Лукашэнка не зьмяніўся. І менавіта Лукашэнка быў і застаецца галоўнай пагрозай для беларускага сувэрэнітэту” – завяршае старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла свой адкрыты ліст да прэзыдэнта Літоўскай Рэспублікі Далі Грыбаўскайце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG