Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Асіповічах беларусізуюць прыпынкі


У Асіповічах зьбіраюцца мяняць шыльды з расейскамоўнымі назвамі прыпынкаў гарадзкога транспарту на беларускамоўныя. У аўтобусах абвесткі аб прыпынках загучаць таксама па-беларуску.

Асіповічы вылучаюцца з усіх райцэнтраў Магілёўшчыны вялікай колькасьцю былых савецкіх вайскоўцаў. Для бальшыні іх беларуская мова чужая і ўспрымаецца варожа.

"Гэта ня наша ініцыятыва. Гэта ўказаньне дэпартамэнту транспарту. У Магілёве ж ужо абвяшчаюць прыпынкі па-беларуску, цяпер мы будзем. Праўда, тут мала хто разумее па-беларуску. У нас у Асіповічах былыя адстаўнікі Савецкай Арміі. Яны расейцы ў асноўным. Вось мы аб’яўляем "Лазьня", а яны ня ведаюць, што гэта за лазьня. Рэкляму мы даём па-расейску, бо так больш папулярна", – тлумачыць сытуацыю прадстаўнік адміністрацыі аўтобуснага парку №19.

А як успрынялі беларускамоўны пачын кіроўцы аўтапарку?

"Без натхненьня, абсалютна без натхненьня. Бо пару чалавек размаўляюць на трасянцы, а так у Асіповічах ніхто не размаўляе па-беларуску. Рэдактары нашай раёнкі спрабуюць размаўляць па-беларуску, аднак відаць, што гэта для іх нязвыкла".

У Асіповічах транспартнікі зьбіраюцца абеларусіць 49 мясцовых прыпынкаў — 360 шыльдаў. Гэткая колькасьць шыльдаў у раёне.

У Асіповічах знаходзіцца адзіная беларускамоўная навучальная ўстанова на ўсю Магілёўшчыну. У мясцовай гімназіі спасьцігаюць веды па-беларуску каля сямісот вучняў. Сёлета зьбіраліся адкрыць у ёй расейскамоўныя клясы. Супраць гэтага выступіла мясцовая суполка ТБМ. Кіраўніцтва раёну і адміністрацыя ад намераў адкрыцьця такіх клясаў адмовіліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG