Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ просіць правесьці слуханьні па пытаньні свабоды СМІ ў Беларусі


На пасяджэньні камісіі па палітычных пытаньнях Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы намесьнік кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Аляксандраў прапанаваў правесьці слуханьні па пытаньні свабоды СМІ ў Беларусі.

На пасяджэньні Аляксандраў казаў пра тое, што без свабоды слова немагчыма правесьці свабодныя выбары.

"Падчас выбараў важнасьць свабоды прэсы і свабоды слова павышаецца ў разы, паколькі прэса зьяўляецца пляцоўкай грамадзкай дыскусіі пра тое, якімі шляхам павінна ісьці грамадзтва, як яно павінна разьвівацца. І калі няма свабоды СМІ, калі абмяжоўваецца свабода выказваньняў, калі такой дыскусіі не вядзецца, то ў прынцыпе свабодных выбараў быць ня можа", — заявіў Аляксандраў у інтэрвію БелаПАН.

Ён нагадаў удзельнікам пасяджэньня пра ціск на мэдыі, пра адмовы ў рэгістрацыі грамадзка-палітычных выданьняў. Акрамя таго, паводле прадстаўніка БАЖ, шэраг недзяржаўных СМІ да гэтага часу ня могуць патрапіць у дзяржаўную сыстэму распаўсюду.

Аляксандраў таксама паведаміў, што па беларускім пытаньні адбылася "досыць эмацыйная дыскусія". "Лідэр КПРФ Генадзь Зюганаў зрабіў прамову, у якой апісаў Беларусь як рай зямны. Але больш за ўсё было пытаньняў пра дзейнасьць палітычных партыяў. Задаваліся пытаньні, чаму дзейнаму прэзыдэнту супрацьстаяць адразу дзевяць кандыдатаў, і гэтак далей", — паведаміў Аляксандраў.

"Што ж тычыцца СМІ, то было аднадушнае меркаваньне: парушэньні ў гэтай сфэры і далёкі ад дэмакратычнасьці стан сёньня зьяўляюцца фактам", — адзначыў намесьнік кіраўніка БАЖ Андрэй Аляксандраў.
XS
SM
MD
LG